7 траўня 2024, aўторак, 12:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Milavitsa перастала быць папулярнай франшызай у Расеі

Milavitsa перастала быць папулярнай франшызай у Расеі

Беларускі брэнд пакінуў топ-100 паспяховых франшыз у РФ.

Адзіны беларускі брэнд Milavitsa, прадстаўлены цягам апошніх пяці гадоў у прэстыжным рэйтынгу самых паспяховых франшызаў у Расеі, відавочна, страціў сваю ранейшую папулярнасць у расейскага бізнэсу.

У новым топ-100 ён адсутнічае, піша «Заўтра тваёй краіны».

Цягам 2012-2016 гадоў Milavitsa займала досыць высокія месцы ў топ-100 самых выгадных і папулярных франчайзінгавых прапаноў, якія складае аўтарытэтны рэсурс Beboss.

Штогод з 2012 года Beboss праводзіць анкетаванне франчайзараў і незалежных экспэртаў. Яны ацэньваюць прапановы больш як па 30 крытэрах, у тым ліку: узросце кампаніі, аб'ёму інвестыцый, дынаміцы росту сеткі за апошнія тры гады, колькасці паўторных адкрыццяў існымі партнёрамі, колькасці закрытых прадпрыемстваў, агульнай колькасці адкрытых прадпрыемстваў, геаграфічнай распаўсюджанасці, сярэдняму часу акупнасці.

У выніку вызначаюцца 100 найбольш актыўна развітых у Расеі франшызаў, якія з'яўляюцца максімальна прывабнымі з інвестыцыйнага пункту гледжання.

У 2012 годзе Milavitsa займала ў рэйтынгу 11-е месца, у 2013 годзе была 14-й, у 2014 - 18-й, у 2015 - 4-й. У рэйтынгу за 2016 год беларускі брэнд у першай сотні паспяховых франшызаў Расеі заняў 41-ю пазіцыю.

Паводле звестак холдынгу SilvanoFashionGroup, у склад якога ўваходзіць фабрыка «Мілавіца», у 2013 годзе ў Расеі працавала 384 франчайзінгавыя крамы пад гэтым брэндам, у 2014 іх было 369, у 2015 - 387, у 2016 - 379, у першым квартале 2017 году - 371.

З 2015 года SilvanoFashionGroup таксама развівае на расейскім рынку ўласную сетку крам пад брэндам Milavitsa. У 2015 годзе былі адкрытыя першыя 5 гандлёвых месцаў, у 2016 годзе працавала 27 крам, у першым квартале гэтага года - 30.

Што да лідара 2017 года, то ім стаў брэнд прадуктовых крам «Пяцёрачка». Ён зрушыў з першай пазіцыі сетку крам фіксаваных коштаў FixPrice, якая цяпер займае дзесятае месца.

У першую дзясятку самых паспяховых франшызаў у Расеі ў гэтым годзе ўвайшлі таксама кавярні і рэстарацыі «33 пінгвіны», крамы тавараў для дома «Аскона», дыягнастычныя цэнтры «Інвітра», «Лабараторыя Гематэст» і «Хелікс», «Дадо піца», дзіцячая франшыза «Чэмпіёніка». Восьмае месца заняла франшыза эканом-кавярні «Малеча-бульба», што найбліжэйшым часам адкрыецца і ў Менску ў гандлёвым цэнтры Galileo.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках