2 траўня 2024, Чацвер, 7:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У «мадэрнізацыю» НПЗ укладуць яшчэ $1,2 мільярда з кішэняў беларусаў

12
У «мадэрнізацыю» НПЗ укладуць яшчэ $1,2 мільярда з кішэняў беларусаў

«Мадэрнізацыю» нерэнтабельных прадпрыемстваў у Мазыры і Наваполацку плануюць скончаць да 2019 года.

Такі тэрмін вызначаны пасля нарады ў Лукашэнкі аб стратэгіі развіцця нафтаперапрацоўкі, расказаў журналістам старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка, паведамляе БелТА. На нарадзе падрабязна абмяркоўвалася рэалізацыя інвестыцыйных праектаў на «Нафтане» і Мазырскім НПЗ.

«Было даложана аб тым, якая няпростая сітуацыя сёння на рынках. Самая галоўная цяжкасць у тым, што рынкі перагружаныя пастаўкамі як нафты, так і нафтапрадуктаў. Усё гэта вядзе да зніжэння маржынальнасці, - распавёў кіраўнік канцэрна. - У гэтых няпростых варунках нашым НПЗ даводзіцца адшукваць сродкі на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. Скончыць праекты плануецца ў 2019 годзе. Сродкі для гэтага спатрэбяцца значныя. Для аднаго завода гэта больш за $500 млн, для іншага - больш як $700 млн».

Што тычыцца крыніц фінансавання, то на гэтыя мэты плануецца накіроўваць як уласныя сродкі прадпрыемстваў, так і прыцягваць крэдытныя рэсурсы. Гэта ў тым ліку могуць быць і кітайскія крэдыты, пра што ішла размова ў час нядаўняга візіту Лукашэнкі ў КНР.

«Яны, безумоўна, будуць нам цікавыя ў выпадку эфектыўных умоў крэдытавання», - заявіў Ігар Ляшэнка.

Са слоў старшыні канцэрна «Белнафтахім», дыктатар на нарадзе звярнуў увагу на неабходнасць вядзення прадпрыемствамі эфектыўнай гаспадарчай дзейнасці, эканоміі сродкаў, у тым ліку на адміністрацыйных выдатках. Павышаную ўвагу таксама варта надаць якасці выкананых будаўнічых работ, прыёмцы і мантажу абсталявання.

«Усе акцэнты расстаўленыя, кантрольныя тэрміны ўстаноўленыя», - падкрэсліў Ігар Ляшэнка.

На сярэднетэрміновую перспектыву стратэгія развіцця галіны зыходзіць з сітуацыі на рынках. «У сярэднетэрміновай перспектыве нам трэба скончыць інвестыцыйныя праекты на абодвух заводах, што забяспечыць павышаны выхад светлых нафтапрадуктаў і глыбіню перапрацоўкі. Гэта дасць магчымасць мець больш стабільную фінансавую сітуацыю і пашырыць гарызонты продажаў нафтапрадуктаў», - адзначыў старшыня канцэрна.

У доўгатэрміновай перспектыве сітуацыя на рынках нафты будзе залежаць ад змяненняў у іншых галінах прамысловасці, у тым ліку ў аўтамабілебудаванні. «Назіраюцца тэндэнцыі, і сусветная статыстыка кажа пра тое, што ўжо праз 4-5 гадоў стануць адчувальныя працэсы зніжэння спажывання нафтапрадуктаў. Таму прадпрыемствы займаюцца распрацоўкай доўгатэрміновых інвестыцыйных праектаў, якія дазволяць дыверсіфікаваць плыні ад традыцыйных дызеля і бензіну ў нафтахіміі», - сказаў Ігар Ляшэнка.

Кажучы аб эфектыўнасці галіны агулам, старшыня канцэрна «Белнафтахім» адзначыў, што за паўгоддзе плануецца выкананне ўсіх мэтавых паказчыкаў, даведзеных урадам. «У выпадку захавання сусветнай кан'юнктуры рынкаў мы не бачым пагроз невыканання якіх-небудзь паказчыкаў за год», - заявіў ён.

Лукашэнку таксама было даложана аб рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на прадпрыемствах «Магілёўхімвалакно», «Белшына» і «Гродна Азот». «Асаблівая ўвага была ўдзеленая праекту на «Гродна Азоце», дзе мы плануем пачатак вялікага інвестыцыйнага праекта ў будаўніцтве новага азотнага комплексу», - сказаў Ігар Ляшэнка.

Кіраўнікі нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў таксама распавялі пра канкрэтныя планы мадэрнізацыі. Так, Мазырскі НПЗ летась увёў пяць тэхналагічных аб'ектаў агульным коштам $480 млн «Паэтапны працэс мадэрнізацыі, які закладзены ў канцэпцыю развіцця прадпрыемства, дазволіў стварыць пэўныя спрыяльныя варункі для рэалізацыі такога буйнога інвестыцыйнага праекта, як комплекс гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў. Яго рэалізацыя цяпер знаходзіцца ў актыўнай стадыі», - распавёў гендырэктар прадпрыемства Віталь Паўлаў.

Ён удакладніў, што гэты комплекс складаецца з трох тэхналагічных аб'ектаў - устаноўкі гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў, устаноўкі для вытворчасці вадароду і ўстаноўкі для вытворчасці серы, а таксама 21 аб'екта дапаможнага прызначэння.

У сваю чаргу на «Нафтане» асноўны праект - комплекс запаволенага каксавання, адзначыў кіраўнік прадпрыемства Аляксандр Дзямідаў.

Рэалізацыя гэтых інвестыцыйных праектаў і заканчэнне мадэрнізацыі дазволяць павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90%, працаваць прыбыткова і перапрацоўваць нафту эфектыўна, што ў сваю чаргу непасрэдна паўплывае на эканоміку краіны агулам.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках