11 траўня 2024, Субота, 5:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскі актывіст прыструніў адміністрацыю ізалятара ў Воршы

1
Віцебскі актывіст прыструніў адміністрацыю ізалятара ў Воршы
Васіль Бераснеў

Праваабаронца Васіль Бераснеў дамогся шпацыраў для зняволеных у Аршанскім ІЧУ.

Згодна з пастановай суда, праваабаронца і актывіст БХК Васіль Бераснеў з'яўляўся адным з арганізатараў маршу «недармаедаў» у Воршы 12 сакавіка. Адбыў у мясцовым ІЧУ 14 дзён. Пра тое, як «сядзелася» ў Воршы, Васіль Бераснеў распавёў сайту «Віцебская Вясна»:

«Я раней ужо сядзеў, у 2006 годзе. Таму сустрэў шмат знаёмых міліцыянтаў.

Наогул, Аршанскі ІЧУ ўважаецца за найлепшы, узорны ў Беларусі. Яго нядаўна пабудавалі. Хоць ізалятар і новы, але ўжо засмечаны, запушчаны, запляваны. У распарадку напісана, што кожны тыдзень трэба рабіць генеральную ўборку, але ніхто гэтага не рабіў.

Камера, у якую трапіў, была разлічаная на дваіх чалавек, але прасядзеў я фактычна як у адзіночцы. Двойчы толькі ненадоўга падсялялі іншых, калі было ўсё перапоўнена. Потым мяне некалькі разоў пераводзілі з камеры ў камеру, але і там я быў адзін. Патрульныя сказалі мне, што ёсць такі загад, каб у палітычных не было ніякіх кантактаў.

Калі прывялі ў камеру, у ёй быў цэлы пуд бруду.

Камера была 6 метраў у даўжыню і 3 метры ў шырыню - 18 квадратаў агульнай плошчы. Туалет там у кутку, адгароджаны бар’ерам. Туалетнай паперы не давалі, а замест яе, калі вельмі патрабуеш, давалі нейкі стары часопіс, глянцавы. Мыла таксама не было.

Ложак уяўляў сабой груба звараны двухпавярховы металічны каркас. На ім быў матрац. Гэты матрац, мабыць, пасляваенны. А можа, і даваенны. Ён быў вельмі брудны, увесь скамечаны. Але мне пашанцавала - змог карыстацца двума матрацамі, таму крыху менш метал адчуваўся. Ды і прасціны і навалачкі мелі такі выгляд, як быццам імі карысталіся не адно дзесяцігоддзе, але нават такіх раней не выдавалі. І падушка - зусім маленькая, такая, што калі скласці яе, то можна пакласці ў кішэню.

Камера не праветрывалася. Там усё зачыненае. Паветра сапрэлае.

Было радыё. Але навін ніякіх не ўключалі. Грала музыка, але ціха - занадта вушы рэзала.

Кожную раніцу і вечар быў ператрус - правяралі. У камеру заходзіла брыгада, абстуквалі сценкі, лазілі паўсюль, глядзелі, каб не было, мабыць, якіх-небудзь выбуховых рэчываў, можа наркотыкі шукалі. З камеры падчас праверкі не выводзілі. Сябе чапаць я не даваў, сказаў ім: няма чаго мяне мацаць.

Калі прыйшоў - паглядзеў, якія там у іх інструкцыі на дзвярах вісяць. Інструкцыя, бачу, не тая, якая павінна быць. Я тады запатрабаваў прынесці мне закон, на які ў інструкцыі спасылка. Адмовіліся, адказаўшы, што ў пісьмовым выглядзе ў іх няма, толькі ў электронным. Тады я ім сказаў, што буду пісаць пракурору. Пасля гэтага мяне паклікалі на сустрэчу з начальнікам ІЧУ.

Начальнік быў ветлівы, усміхаўся. Сказаў, што гэтага закона мне не дасць, бо ён для крымінальнікаў. А ў ІЧУ ж 95% - адміністрацыйныя. Паводле крымінальных спраў там адзінкі, толькі некаторыя, якія пад следствам. І толькі для іх гэтыя інструкцыі падыходзяць.

Я дамогся шпацыраў, якіх там да таго практычна не было, хоць для іх ёсць абсталяванае месца. Сталі выводзіць на шпацыр і іншых.

Перадачы давалі. Але можна было не ўсё. Газеты - толькі зарэгістраваныя. Мне спрабавалі перадаць прафсаюзную газету, РЭПаўскую, - не дазволілі. Затое «Народную волю» прыносілі, «Камсамолку», «Аргументы і факты». А ў іх саміх ніякіх падшывак газет няма - ні мясцовых аршанскіх, ні «Савецкай Беларусі».

Ёсць невялікая бібліятэка. Нешта адтуль браў, а потым мне з дому прыносілі. Сам з сабой у шашкі гуляў - у мяне там была кніжачка з камбінацыямі. Займаўся зарадкай. Вёў турэмны дзённік - пісьмовыя прыналежнасці дазволілі.

Душ дазвалялі раз на тыдзень. Я двойчы хадзіў. Ніхто не крычаў, каб хутчэй, я адзін мыўся столькі, колькі хацеў.

Што тычыцца харчавання, яно было турэмнае. У першы дзень не пакармілі зусім. На сняданак давалі кашу, звараную на вадзе, і кубак кіпеню. У абед быў, напрыклад, суп са старой кіслай капусты, якая мабыць, яшчэ была яшчэ з часоў перабудовы. На другое - капуста ўжо тушаная, альбо каша ці макароны. Бывала яшчэ нейкая рыбная катлета, але не заўсёды. І на вячэру - каша, маглі даць і кісель. Я пытаўся, якая ў іх норма. Адказалі, што не ведаюць, раздаюць на вока. Затое хлеба давалі ўдосталь. Нічога не далі з вітамінаў. Ні гародніны - нічога. А некаторыя там сядзяць падоўгу. Распавядалі, як там некалькі ўкраінцаў сядзелі паўгода.

Пакуль быў у ІЧУ, ніхто з прадстаўнікоў органаў, якія павінны кантраляваць харчаванне, быт, санітарныя ўмовы, не прыходзіў. Ніхто не прыходзіць - ні суддзі, хоць адпраўляюць туды, ні санітарныя службы. Не ходзіць і пракурор - ні разу яго не бачылі. І ніхто не чуў, каб пракурор прыходзіў - а гэта ягоны абавязак глядзець, як там.

Адзінае, з раённага аддзела ўнутраных спраў прыходзіў намеснік, які, мабыць, проста на мяне паглядзець прыйшоў. Прыйшоў - пастаяў, памаўчаў, потым кажа: «Вы шмат разоў сядзелі?» - «Цяпер другі раз», - адказваю. І ўсё - ён сышоў».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках