5 траўня 2024, Нядзеля, 4:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска ў Галандыі: Сацыяльная пенсія тут – 1100 еўраў

29
Беларуска ў Галандыі: Сацыяльная пенсія тут – 1100 еўраў

Пінчанка наважылася выйсці замуж за замежніка, каб не жыць у галечы.

Пінчанка 16 гадоў таму ў пошуках лепшай долі пакінула радзіму. Аб тым, як ёй жывецца на чужыне, яна распавяла «Медыя-Палессю».

З гэтай невысокай, элегантна апранутай жанчынай, карэспандэнт «Медыя-Палесся» пазнаёміўся ў двары пінскага кафедральнага касцёла.

- Я з Пінска, але цяпер жыву ў Галандыі, - пачала аповед Вольга, якая пагадзілася распавесці сваю гісторыю.

- Гісторыя майго ад'езду пачалася з моманту распаду СССР. Канец 90-х і фінансавая сітуацыя стала немагчымай. Я тады працавала ў адной з пінскіх крам прадавачкай. Заробак быў сярэдні ў горадзе, але вельмі маленькі. Мне было 35 гадоў, у разводзе, беспрасветная галеча, бацькі памерлі, і, здавалася, што ў маім жыцці нічога добрага ўжо не адбудзецца.

У адзін выдатны момант Вольга наважыла, што пара з'язджаць з краіны. У той час інтэрнэт не быў так распаўсюджаны, і яна шукала шлюбныя аб'явы замежнікаў у газетах тыпу «З рук у рукі». На адну з іх жанчына напісала, ёй прыйшоў адказ, і Вольга паехала на агледзіны ў Галандыю.

На месцы выявілася, што аб'яву напісала жанчына, жыхарка Менска, якая на той момант 4 гады жыла ў Галандыі. Такім чынам, яна «прарэкламавала» сваяка свайго мужа.

- З будучым мужам я пазнаёмілася, мы спадабаліся адзін аднаму, і я там затрымалася на два месяцы, – прадаўжае Вольга. Вярнулася ў Пінск, гэта быў снежань 2000 года, а ў студзені 2001 з'ехала назаўжды.

Мову былая пінчанка вывучыла за 1,5 года: хадзіла на курсы пры школе, потым здала іспыт, але на працу не пайшла, стала хатняй гаспадыняй:

- Мой муж працаваў інжынерам-механікам на фірме, звязанай з рачнымі перавозкамі грузаў. Там гэта вельмі развіта. Часам мы плавалі на рачных суднах разам, было выдатна. Працаваць ён мне не дазволіў.

- Жывем мы ў невялікім гарадку Хорэхеме з насельніцтвам блізу 40 тысяч чалавек ,– прадаўжае свой расповед Вольга. – Мы жывем у прыгарадзе ва ўласным доме. Галандыя - краіна маленькая, аграрная. Галандцы аддаюць перавагу жыць не ў гарадах. Амстэрдам – выключэнне, але там усё дорага. А так яны любяць прыроду, свой дом, свой двор, каб можна было выйсці пасядзець. А ў кватэрах шматпавярховікаў жывуць у асноўным эмігранты і беднякі.

Суразмоўніца кажа, што ў кожнай краіне ёсць станоўчыя і адмоўныя бакі жыцця. Напрыклад, ёй не падабаецца, што ў Галандыі ў маленькіх гарадках няма грамадскага транспарту:

- Уся краіна перасоўваецца на роварах. Дзеці едуць у школу за 12 км, а гэта небяспечна.

Затое пахваліла Вольга сістэму адукацыі ў сваёй новай краіне:

- Дзеці ідуць у базавую школу з 4 гадоў (з 5-абавязкова) і вучацца там восем гадоў. У малодшых класах хатніх заданняў няма, усё робіцца ў школе. Адзнак таксама няма, хадзіць у школу дзецям падабаецца, гэта для іх як свята. Ангельскую мову вучаць з самага пачатку, і кожнае дзіця, якое скончыла базавую школу, мае добрую размоўную ангельскую мову.

Пасля базавай школы дзеці здаюць тэсты. Настаўнікі ведаюць здольнасці вучняў і даюць парады бацькам, куды паступаць далей. Сярэднія школы дзеляцца па ўзроўнях навучання. Калі дзіця не моцнае ў навуках, то яно ідзе ў сярэднюю школу ніжэйшага ўзроўню, там упор робіцца на прафадукацыю.

У звычайнай сярэдняй школе рыхтуюць дзяцей да паступлення ў каледжы (гэта як інстытуты ў Беларусі). Ну, а школы вышэйшага ўзроўню – гэта гімназіі, рыхтуюць да паступлення ва ўніверсітэт.

- Прычым, вучоба ва ўніверсітэце - гэта не проста хадзіць на лекцыі. Гэта даследаванні, эксперыменты, саманавучанне, – сцвярджае Вольга. - Напрыклад, у Аўстраліі праводзяцца спаборніцтвы ў гонках на аўто на сонечных батарэях і там, як правіла, пероамагаюць галандцы. Свабода дзеянняў, дзеці думаюць, эксперыментуюць. Усё пабудавана на вывучэнні існых падзей. Кожная праблема, напрыклад, эканамічны крызіс адразу ж абмяркоўваецца з выкладчыкамі. Там няма падручнікаў 70-х гадоў.

Са слоў нашай суразмоўніцы, навучанне ў сярэдняй школе бясплатнае, трэба толькі купляць падручнікі. А вось вышэйшая адукацыя платная:

- Напрыклад, сын маёй знаёмай ідзе вучыцца на юрыста. Гэта сям'і абыдзецца прыкладна 4 тысячы еўраў на год. Калі грошай няма, то можна ўзяць крэдыт на адукацыю пад вельмі нізкі адсотак, які пачынаюць выплачваць пасля ўладкавання на працу. Калі да 35 гадоў былы студэнт не ўладкаваўся на працу, то крэдыт выплачваецца.

Некалькі слоў Вольга распавяла аб медыцыне ў Галандыі:

- Медыцына платная, мы купляем страхоўку. Ёсць хатні лекар, які абслугоўвае прыкладна 2 тысячы жыхароў, ягоныя паслугі і набыццё медыкаментаў цалкам кампенсуе страхоўка. Калі трэба, то хатні лекар накіроўвае да вузкіх спецыялістаў.

Далей наша субяседніца расказала аб падтрымцы беспрацоўных і аб пенсіях у Галандыі:

- Эканамічны крызіс адбіўся на ўзроўні жыцця. Многія страцілі працу. Але дзяржава іх падтрымлівае, цягам двух гадоў выплачваюць сярэдні заробак. Калі працы не знайшоў, то выплачваюць дапамогу тысячу еўраў. Гэта мінімум, каб годна жыць.

Што датычыць пенсій, то ў Галандыі пенсійны ўзрост 67 гадоў і для мужчын і для жанчын. Ёсць сацыяльная пенсія прыкладна 1.100 еўраў, але ёсць і пенсійныя фонды, у якія цягам сваёй працоўнай кар'еры работнік і ягоны працадаўца робяць адлічэнні.

Каб атрымаць поўную сацыяльную пенсію, трэба пражыць у краіне 50 гадоў, – распавядае Вольга. - У маім выпадку пенсія будзе большай за 50%, але астатнюю частку даплацяць з іншых крыніц.

Са слоў былой пінчанкі, праблему сірыйскіх уцекачоў яна не заўважае:

- Гэта больш тут раздутае. Вядома, прыязджаюць уцекачы, але іх строга кантралююць. Пад сірыйцаў маскуюцца грамадзяне іншых краін, напрыклад, ліванцы. Праблема ў тым плане, што гэтых уцекачоў трэба ўтрымліваць. А іх паводзіны і культура не палохаюць.

Пасля Другой сусветнай вайны ў Галандыю паклікалі шмат туркаў і мараканцаў працаваць і да мусульманскай культуры даўно прывыклі – сцвярджае Вольга. Там іншы менталітэт, кожны чалавек мае права на ўсякае веравызнанне, палавую арыентацыю. Гэта твая асабістая справа, толькі б гэта не замінала іншым людзям.

Падзялілася Вольга сваімі ўражаннямі аб Пінску:

- У Пінск я прыязджаю кожны год. Горад прыгажэе, гэта вельмі прыемна. У гандлі змяняецца ўсё ў лепшы бок, ужо няма няветлівых прадаўцоў. Праўда, хацелася б, каб у лепшы бок мяняўся і ўзровень жыцця людзей. Мае знаёмыя пенсіянеры заплацяць за кватэру, лекі і грошай у іх амаль не застаецца – на гэта сумна глядзець.

Ну і яшчэ адну пінскую праблему прымеціла Вольга:

- Мы прыехалі з мужам, а гарачай вады няма. Гэта неяк дзіка ў XXI стагоддзі.

Са слоў Вольгі, яна адчувае настальгію па роднаму гораду:

- Настальгія ёсць. Але больш хочацца сесці паразмаўляць з сяброўкамі, успомніць, напрыклад, як мы ў 3 класе ў суседзяў кветкі кралі. У Галандыі ў мяне ёсць сябры, але няма з імі агульнага мінулага, а гэта ўжо не тыя перажыванні. Ды і магілы маіх бацькоў знаходзяцца тут, таму буду прыязджаць.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках