5 траўня 2024, Нядзеля, 8:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Алексіевіч «размазала» расейскага прапагандыста

55
Святлана Алексіевіч «размазала» расейскага прапагандыста
Святлана Алексіевіч

«Вайна на Данбасе - на сумленні Пуціна», - заявіла нобелеўская лаўрэатка.

Святлана Алексіевіч дала інтэрв'ю расейскаму прапагандысцкаму інфармагенцтву «Regnum». Падчас гутаркі журналіст спрабаваў правакаваць пісьменніцу сваімі пытаннямі, на што Святлана Алексіевіч рэзка, але разам з тым адэкватна адказвала. У выніку Нобелеўская лаўрэатка забараніла друкаваць інтэрв'ю, аднак тэкст размовы ўсё ж з'явіўся на сайце інфармацыйнага агенцтва. «Белсат» апублікаваў некаторыя фрагменты гутаркі.

Аб «дзяржаўным перавароце» ва Украіне

Regnum: Ва Украіне адбыўся дзяржаўны пераварот.

Святлана Алексіевіч: Не, гэта быў не дзяржаўны пераварот. Гэта глупства. Вы глядзіце тэлевізар.

- Я там нарадзіўся.

- Гэта быў не дзяржаўны пераварот. Гэта добра працуе расейская тэлевізія. Дэмакратам трэба было б так скарыстацца тэлевізіяй, яны яе недаацанілі. Сённяшняя ўлада ўкладвае ў свядомасць тое, што ёй трэба. Гэта быў не пераварот. Вы не ўяўляеце, якая беднасць была вакол...

- Уяўляю.

- ...як там кралі. Змена ўлады была жаданнем людзей. Я была ва Украіне, хадзіла ў музей «Нябеснай сотні», і простыя людзі мне распавядалі пра тое, што там было. У іх два ворагі — Пуцін і ўласная алігархія, культура хабарніцтва.

- У Харкаве ў мітынгу ў падтрымку майдана бралі ўдзел трыста чалавек, а супраць майдана — сто тысяч. Потым ва Украіне адкрылі пятнаццаць турмаў, у якіх сядзіць некалькі тысяч чалавек. А прыхільнікі майдана ходзяць з партрэтамі відавочных фашыстаў.

- А ў Расеі няма людзей, якія ходзяць з партрэтамі фашыстаў?

- Яны не знаходзяцца ва ўладзе.

- Ва Украіне яны таксама не знаходзяцца ва ўладзе. Парашэнка і іншыя — не фашысты. Вы разумееце, што яны хочуць аддзяліцца ад Расеі, пайсці ў Еўропу. Гэта ёсць і ў Прыбалтыцы. Супраціў прымае жорсткія формы. Потым, калі яны сапраўды стануць незалежнай і моцнай дзяржавай, гэтага не будзе. А цяпер яны зрынаюць камуністычныя помнікі, якія і нам варта было б зрынуць, выганяюць тэлевізійныя праграмы. А што, яны будуць глядзець Салаўёва і Кісялёва?

Пра вайну ў Чачэніі

- Нават калі пагадзіцца з пазіцыяй (хаця я з ёй цалкам не згодны), што людзі ў Кіеве «выйшлі самі»: пасля гэтага людзі ў Данецку таксама выйшлі самі, без зброі, іх не сталі слухаць, іх спрабавалі разганяць, і потым яны выйшлі са зброяй. І тыя, і іншыя выйшлі бараніць свае ўяўленні аб правільным. Чаму дзеянні першых магчымыя, а другіх не?

- Вы тое ж самае рабілі ў Чачэніі, каб захаваць дзяржаву. А калі ўкраінцы сталі абараняць сваю дзяржаву, вы раптам успомнілі аб правах чалавека, якія на вайне не выконваюцца. Вы, расейцы, у Чачэніі паводзілі сябе яшчэ горш.

Я не палітык. Але калі ставіцца пад пытанне цэласнасць дзяржавы, гэта праблема палітыкі. Калі туды ўводзяць чужыя войскі і пачынаюць на чужой тэрыторыі наводзіць парадкі. Адпаведна з якім правам Расея ўвайшла на Данбас?

Несвабодныя людзі Беларусі і Расеі

- Зразумела. Вы ў шматлікіх інтэрв'ю казалі, што вашы знаёмыя з асцярогай глядзелі і глядзяць на тое, што адбываецца на Майдане і што эвалюцыйны шлях развіцця, безумоўна, лепшы. Вы, напэўна, мелі на ўвазе перш за ўсё Беларусь, але, напэўна, і Расею таксама? Як вы ўяўляеце, як павінен выглядаць гэты эвалюцыйны шлях, які тут спатрэбіцца?

- Патрабуецца рух самога часу. Гледзячы на пакаленні, якія прыйшлі пасля таго пакалення, якое чакала дэмакратыі, я бачу, што прыйшло вельмі сервільнае пакаленне, цалкам несвабодныя людзі. Вельмі шмат прыхільнікаў Пуціна і ваеннага шляху. Так што цяжка казаць, праз колькі гадоў Беларусь і Расея ператворацца ў свабодныя краіны.

Але рэвалюцыю як шлях я не прымаю. Гэта заўсёды кроў, а да ўлады прыйдуць усё тыя ж людзі. Іншых людзей пакуль няма. У чым праблема дзевяностых гадоў? Не было свабодных людзей. Гэта былі тыя ж камуністы, толькі з іншым знакам.

«Боль і страх на сумленні Пуціна»

- Зімой 2013 года, да Крыму, мы пачулі, куды варта адправіць «маскаляку». А ў лютым 2014 года, адразу пасля дзяржаўнага перавароту, да усялякіх Крымаў, мы ўбачылі праекты законаў супраць выкарыстання расейкай мовы. Людзі, якія жывуць у [паўднёва-ўсходняй частцы краіны], уважаюць сябе за расейцаў і не ўважаюць Бандэру за героя. Яны выйшлі пратэставаць. А вы чамусьці мяркуеце, што людзі, якія жывуць у Кіеве, маюць права на пратэст, а тыя, хто жывуць на ўсходзе, такога права не маюць.

- А хіба там былі не расейскія танкі, не расейская зброя, не расейскія кантрактнікі? Хлусня ўсё гэта. Калі б не было вашай зброі, там бы не было вайны. Так што не марочце мне галаву гэтай лухтой, якой забітая ваша галава. Вы так лёгка паддаяцеся усякай прапагандзе. Так, там боль, там страх. Але гэта на вашым сумленні, на сумленні Пуціна. Вы ўварваліся ў чужую краіну, на якой падставе? У інтэрнэце мільён здымкаў, як ходзіць туды расейская тэхніка. Усе ведаюць, хто збіў [боінг] і ўсё іншае. Давайце ўжо заканчваць ваша ідыёцкае інтэрв'ю. У мяне ўжо няма сіл на яго. Вы проста - набор прапаганды, а не разумны чалавек.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках