5 траўня 2024, Нядзеля, 11:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бабруйскі тарыф»: $4 тысячы за прызначэнне дырэктара

7
«Бабруйскі тарыф»: $4 тысячы за прызначэнне дырэктара

У Бабруйску пачаўся суд над былым мэрам горада.

У судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска пачаўся разгляд справы экс-кіраўніка гарвыканкама Андрэя Каваленкі, які быў затрыманы паводле падазрэння ў атрыманні хабару ў лістападзе 2016 года, паведамляе tut.by.

На гучны працэс прыйшло блізу 10 чалавек, прыкладна палова з іх - журналісты. Былы мэр знаходзіцца ў клетцы разам з другім фігурантам справы - Эльшадам Ахундавым, уладальнікам кавярні «Апшэрон». Яго вінавацяць у пасярэдніцтве пры атрыманні хабару. У зале знаходзіцца ягоны сын Артур, ён таксама праходзіць паводле справы як абвінавачаны.

Нагадаем, супраць гарадскога кіраўніка спачатку была распачатая крымінальная справа паводле ч.3 арт.430 КК (Атрыманне хабару асобай, якая займае адказную пасаду) і абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Пазней Андрэю Каваленку былі выстаўленыя абвінавачванні паводле ч.1 арт.14 (Замах на злачынства, то бок, наўмыснае дзеянне або бяздзейнасць асобы, непасрэдна накіраваныя на ўчыненне злачынства, калі пры гэтым злачынства не было даведзенае да канца праз незалежныя ад гэтай асобы абставіны). Начальнік УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Кавальчук паведамляў, што былы старшыня Бабруйскага гарвыканкама Андрэй Каваленка абвінавачаны ў атрыманні хабару больш чым 20 тысяч даляраў. Грошы мэр нібыта атрымаў у 2015-2016 гадах ад прадстаўнікоў камерцыйных структур за спрыяльнае развязанне пытанняў, якія знаходзіліся ў ягонай кампетэнцыі.

Паводле звестак пракурора, агучаных у судзе, Андрэй Каваленка атрымаў хабар ад будаўнічай кампаніі за тое, што ён аддаваў ёй падрады на рамонт балконаў і фасадаў. Хабар на 4 тысячы даляраў, згодна з версіяў абвінавачвання, ён узяў за прызначэнне дырэктара гатэля «Турыст» Лысакоўскага, 5 тысяч даляраў - за прызначэнне ягонага намесніка Барысенкі, 1 тысячу даляраў - за прызначэнне начальніка інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя Дзенісевіча. Былы мэр таксама абвінавачваецца ў атрыманні хабараў за вылучэнне пляцовак пад будаўніцтва кветкавага шапіка і аўтамыйку, за ўкладанне дамовы арэнды гандлёвага прадпрыемства, за перавод кватэры ў нежылы фонд.

Бацька і сын Ахундавы прызналі сваю віну ў вымагальніцтве. Былы старшыня гарвыканкама прызнаў віну часткова. З ягоных слоў, ён не браў грошы за прызначэнне дырэктара гатэля, падрады на рамонт балконаў і фасадаў і перавод кватэры ў нежылы фонд. У іншых эпізодах, сказаў ён у судзе, сумы хабараў былі іншымі.

Андрэй Каваленка быў прызначаны старшынём Бабруйскага гарвыканкама ў жніўні 2014 года. Да гэтага чыноўнік узначальваў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна горада Магілёва. Прызначэнне для Андрэя Віктаравіча ў горад на Бярэзіне было не першым - з 2008 да 2010 года займаў пасаду першага намесніка старшыні Бабруйскага гарвыканкама.

У якасці гарадскога кіраўніка Каваленка запомніўся бабруйцам імкненнем навесці парадак у камунальнай гаспадарцы і падвышанай увагай да пытанняў добраўпарадкавання горада. Менавіта пры ім у Бабруйску з'явіліся першыя веладарожкі, а сам старшыня гарвыканкама інспектаваў якасць іх пакрыцця і разметку на ровары. У народзе новага мэра празвалі «змагаром з дзьмухаўцамі», бо на ягоны загад газоны ў горадзе, а таксама пляцоўкі дваровых тэрыторый выкошвалі «пад нуль» некалькі разоў за сезон.

Сярод рэалізаваных праектаў Андрэя Каваленкі - заканчэнне рэканструкцыі вуліцы Крылова, якая доўжылася некалькі гадоў, будаўніцтва і частковае добраўпарадкаванне Моладзевага парку з фантанам, аднаўленне правядзення конкурсу прыгажосці «Міс Бабруйск», журы якога ён і ўзначаліў. З нерэалізаваных праектаў - будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода і аквапарку, уручэнне кватэры сям'і 220-тысячнага бабруйца, рэканструкцыя гарадскога парку.

Гараджанам Андрэй Каваленка запомніўся як адзін з самых дэмакратычных старшыняў гарвыканкама за ўсю гісторыю яго існавання, які ў выходныя мог пешшу прагуляцца па горадзе і пагутарыць з мясцовымі жыхарамі, цікавячыся іх праблемамі, прыслухоўваўся да меркавання простых людзей і чытаў каментары ў інтэрнэце пра сваю працу.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках