5 траўня 2024, Нядзеля, 11:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Роберт Тышкевіч: Дыялог з Беларуссю магчымы толькі пры выкананні правоў і свабод чалавека

Роберт Тышкевіч: Дыялог з Беларуссю магчымы толькі пры выкананні правоў і свабод чалавека
Роберт Тышкевіч
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Беларускія ўлады павінны выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязанні.

Пра гэта заявіў дэпутат Сейма Польшчы, старшыня камісіі Сейма ў справах Беларусі Роберт Тышкевіч (пераклад - Charter97.org):

- Для Польшчы Беларусь мае асаблівае значэнне. Мы адкрытыя для супрацоўніцтва і нармалізацыі нашых стасункаў, але мы хочам, каб яна была рэальнай і азначала прагрэс у ключавых галінах нашых двухбаковых стасункаў.

25 гадоў польска-беларускіх стасункаў - гэта гісторыя няздзейсненых надзей і нерэалізаваных праектаў, але таксама гэта і гісторыя сталых паваротаў. Існуе штосьці ў нашым суседстве, што ўказвае нам зрабіць новую спробу адрадзіць надзею, аднавіць дыялог.

Хтосьці скажа, што гэта Расейская Федэрацыя. Апошнія 25 гадоў пацвярджаюць наяўнасць па абодва бакі мяжы рэальнай суседскай згуртаванасці ў нашых грамадствах, капіталу ўзаемнай сімпатыі, якія падштурхоўваюць да таго, каб развіваць кантакты і шукаць новыя магчымасці для ўзаемнай карысці.

З прычыны слабасці палітычных стасункаў, польска-беларускае суседства напаўняецца зместам галоўным чынам за кошт сілы сацыяльных чаканняў. Важна пастаянна паляпшаць гэты сацыяльны аспект нашых двухбаковых стасункаў.

Мы ўжо бачым станоўчыя вынікі, такія як лібералізацыя памежнага руху ў раёне Белавежскай пушчы і Аўгустоўскага канала. Гэта важна як для актывізацыі кантактаў паміж людзьмі, так і для развіцця эканамічнага і турыстычнага патэнцыялу памежных рэгіёнаў.

Абодва бакі павінны прыкласці ўсе намаганні, каб мяжа стала найменш цяжкім месцам, якое гарантуе эфектыўнае і бяспечнае перамяшчэнне людзей.

Надзвычай важным у гэтым кантэксце з'яўляецца напамін беларускаму боку пра неабходнасць завяршыць усе працэдуры ратыфікацыі пагаднення аб малым памежным руху.

Напоўніць гэтыя пагадненні зместам павінен дыялог паміж Беларуссю, Польшчай і ЕЗ у галіне правоў чалавека і грамадзянскіх свабод. Рэакцыя беларускіх уладаў на мірныя акцыі пратэсту ўвесну гэты года выклікала ў Варшаве і іншых еўрапейскіх сталіцах апраўданы непакой. Еўропа хоча бачыць рэальныя довады таго, што беларускія ўлады сур'ёзна ставяцца да ўзятых на сябе міжнародных абавязанняў. Мараторый на смяротнае пакаранне ці яго поўнае скасаванне было б такім сігналам.

Хацелася б, каб у будучыні наш дыялог развіваўся ў духу павагі і даверу. Польшча была, ёсць і будзе гатовай падтрымаць Беларусь на шляху мадэрнізацыі, а таксама падзяліцца сваім уласным досведам.

Хоць на сённяшні дзень мы з'яўляемся сябрамі розных палітычных і эканамічных блокаў, нашы стасункі могуць развівацца як па-сапраўднаму добрасуседскія.

Надзея на больш актыўнае і адкрытае суседства пасялілася ў сэрцы маладых беларусаў, якія сёння шматлікімі тысячы выбіраюць вучобу ў Польшчы, каб спазнаць рэаліі Еўрапейскага Звязу і заходняга свету, усталяваць кантакты і сяброўскія стасункі на будучыню. Я думаю, што маладыя беларусы і маладыя палякі напоўняць наш рэгіён новай энэргіяй, дзякуючы чаму будуць разбураныя існыя бар'еры.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках