8 траўня 2024, Серада, 4:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта гэты псіхоз?

89
Навошта гэты псіхоз?

У беларусаў – госці, дзіўныя надзвычай.

У кожны момант яны могуць усё раптам пераблытаць і выступіць у ролі гаспадароў. Гэтая хвароба, вядомая здаўна, завецца сіндромам акупантаў. На мінулым тыдні з’явіўся ў інтэрнэце відэаролік: калона бронетранспарцёраў шугае па вуліцах Брэста. На брані – людзі ў масках і расійскім камуфляжы. Ці то марсіяне, ці самыя звычайныя зялёныя чалавечкі. Тыя, што не так даўно ў нашых паўднёвых суседзяў адхапілі Крым.

Навошта яны раптам падаліся ў горад? Магчыма, проста скарысталі паўзу ў сваіх раскладах і скіраваліся ў бліжэйшы гастраном па гарэлку. Але тады навошта маскі? Прадавачак палохаць? Не, хутчэй за ўсё тут выявіўся звычайны практыцызм вышэйшага камандвання: паціху прывучаюць абыватэля да іхняй непазбежнай прысутнасці, каб потым не палохаліся ў выпадку зусім пэўнай нечаканасці. Яны ж прыйшлі з найлепшымі намерамі – абараніць беларусаў ад польскіх супермаркетаў і непажаданых уплываў з Захаду. Вось таму госці ў масках, як таго патрабуе адметнасць гэтай вайсковай аперацыі. І няма чаго тут абурацца, а тым больш, здзіўляцца. Як загадалі, так сябе і паводзяць. Саюзнікі!..

А са Смаленска ў накірунку Брэста ўжо ламанулася калона старой бронетэхнікі. Тут усё зразумела: ледзь толькі наблізіцца 22 чэрвеня, як мясцовае кіраўніцтва адольвае прыступ ваяўнічай істэрыі. Дужа хочацца ганарыцца. Так, вядома, у сорак першым пэўныя пралікі былі. Затое потым як моцна мы ім далі!.. Хтосьці мае сумневы наконт бясспрэчнай перавагі нашай зброі? У такім разе няхай паглядзіць чарговы парад пераможцаў. Не выпадкова ж ён амаль услед за гэтай чэрвеньскай датай. Пройдзе ўсяго толькі нейкі дзесятак дзён, і па мінскіх вуліцах грымнуць боты пскоўскіх, разанскіх, ці якіх там яшчэ дэсантнікаў. Гусеніцы танкаў адціснуць свій след на асфальце. Гэта мы з Расіяй. У адным, як кажуць, акопе. З гранатамі пад варожыя танкі. І ўсёй краінай – у зямлянкі.

Да тых вераснёўскіх вучэнняў яшчэ амаль цэлая вечнасць. А ў такім разе, навошта патрэбны гэты бясконцы ваенны псіхоз. Мала таго, што на гэтым ліпеньскім парадзе прадэманструюць неверагодную моц, дык яшчэ з пачатку красавіка, калі не раней, з невялікімі парапынкамі праводзяцца на нашай тэрыторыі манеўры расійскіх вайскоўцаў.

Вось і ў гэтым месяцы расійскія саперы наводзілі пантонную пераправу на Дняпры непадалёку ад Магілёва. Нібыта паводле задумы тых вераснёўскіх вучэнняў. А да восені з гэтым візітам нельга было пацярпець? Або правесці ўсё гэта на сваіх палігонах. Але пра што размова! Усім жа вядома, што ў Расіі рэк увогуле няма. І мясцовыя жыхары там злуюцца. А тут – калі ласка! Для дарагіх гасцей усе шляхі адкрытыя. Якая акупацыя? Якія межы? Навокал усё калгаснае. Гуляй, Вася!

І на заходняй мяжы яны гуляюць заўзята. Ці не ўся расійская дэсантура адзначылася за апошнія гады на адпаведных пляцоўках у раёне Брэста. Адпрацоўвалі стратэгію прарыву праз Сувалкскі калідор у накірунку Калінінграда. Не забываючы і пра атамны ўдар па Варшаве. Гэтыя імперскія авантуры патрэбны сёння суверэннай Беларусі? Яны істотна падвысяць яе аўтарытэт у Еўропе і свеце?

Каля заходняй мяжы, на тым Брэсцкім палігоне, узнікла ўжо нейкая цёмная зона, па сутнасці тупік, у якім увесь час таўкуцца расійскія дэсантнікі. А цяпер яшчэ туды і сербаў прыцягнулі. А то як жа – “Славянскае братэрства”! Вось толькі ці варта было нашай краіне ўвязвацца ў тыя надзвычай небяспечныя гульні? Наш сумны досвед часоў другой сусветнай у свядомасці кіраўніцтва глыбокага следу не пакінуў. Сканцэнтраваліся пераважна на подзьвігах.

Пяць сумесных з Расіяй вучэнняў запланавана ў Беларусі толькі на гэты год. Нібы тых маштабных, вераснёўскіх, ім яшчэ недастаткова. І з нейкай маніякальнай ўпартасцю на тых сваіх манеўрах яны зноў і зноў адпрацоўваюць у тым ліку і тактыку разгрому не проста ўмоўнага праціўніка, а нейкіх толькі ім вядомых тэрарыстаў. І на мінулагодніх манеўрах тое было, і цяпер у сумесных планах усплывае ўсё той жа вораг.

Магчыма, гэта менавіта тыя злыдні, пра якіх так своечасова праінфармавала тутэйшае кіраўніцтва непахісная фрау А. Наша, так бы мовіць, грамадзянка Цімашук. Вось толькі ці здагадаліся яе подзьвіг адзначыць высокай узнагародай, як тое было ў незабыўную сталінскую эпоху. Час абавязвае – падабенства відавочнае.

У сучаснай Беларусі жыць зусім не проста. Як заўважыў адзін вялікі начальнік, “кругом урагі”. Мала нам было розных страшылак, пра якія паведамляюць агенты кшталту вышэйпамянёнай фрау, дык яшчэ і галоўнакамандуючы асабіста выявіў жахлівую пагрозу ўсёй нашай супольнасці. Як і павінна быць паміж саюзнікамі, ён неадкладна праінфармаваў пра тое сакратароў камітэтаў бяспекі краін-удзельніц АДКБ. Высветлілася, што жахлівая пагроза ўзнікла вядома ж па той бок мяжы: “Ладно, армия. Но там находятся самые современные беспілотные летательные аппараты. Ккогда я увидел на снимках эти беспилотники… Они огромные, как настоящие самолёты”.

Які жах, калі ўдумацца! Мы тут будуем светлую будучыню, капаем грады. А пад бокам, не так ужо і далёка ад Драздоў, выявілася раптам зона рэальнай небяспекі. Пашанцавала яшчэ, што аўтарытэт нашай улады ў блізкім і далёкім замежжы настолькі высокі, што простыя добразычліўцы пра змову паведамілі своечасова. Прыслалі, каму трэба, тыя злавесныя здымкі.

І можа так здарыцца, што для прадухілення гэтай пагрозы толькі нашага ды расійскага войска будзе недастаткова. І давядзецца паклікаць на дапамогу надзейных і шчырых паўночнакарэйскіх байцоў. А там, магчыма, і шэйхі падцягнуцца са сваімі баявымі вярблюдамі – ім тут на Траецкай горцы таксама ёсць што бараніць. Нічога, выстаім. Разам з саюзнікамі нас нікому не зламіць.

Толькі вось не аціхаюць жарсці вакол тых вераснёўскіх манеўраў. І што ўсё ж будзе насамрэч, калі яны скончацца? Сыдзе чужое войска да месцаў звычайнай сваёй дыслакацыі, або застанецца тут? Каб абараніць беларускую ўладу ад тых злавесных птушачак, якія так нагадваюць вялікія самалёты?

Абмяркоўваць гэтую праблему ў брэсцкім тупіку, дзе ўвесь час гойсаюць расійскія дэсантнікі, зусім безнадзейна. Ці шмат што ўвогуле тут зменіцца, калі ўсё скончыцца памяркоўна і адыёзнае войска гэтым разам сапраўды сыдзе?

Застанецца ўсё той жа рэжым. Усё тая ж сістэма жорсткай аўтарытарнай улады. І тыя ж паталагічныя жахі. А побач – Расія з яе неўтаймаванымі імперскімі амбіцыямі. На сакавік 2018 года там прызначаюцца прэзідэнцкія выбары. А кошты на нафту падаюць няўмольна. Чакаць вялікіх прыбыткаў не выпадае. І таму для падтрымкі адэкватнага рэйтынгу галоўнага прэтэндэнта на чарговы тэрмін патрэбны як мінімум новы Крым. А дзе яго знойдзеш? Украінскі напрамак лепей забыць. Там можна атрымаць па ілбе. І як ні круці, а ў рэзерве застаецца ўсё той жа брэсцкі тупік.

Аднак проста пакінуць тут пасля вучэнняў расійскае войска было б занадта нахабна і непрыгожа. А жыццё надзвычай складанае і часам непрадказальнае. І нават такі непахісны спартовец, як тутэйшы правіцель, можа раптам занядужыць. Або з’явіцца над Драздамі навязлівы рой натаўскіх дронаў, чуткі пра якія так устрывожылі мудрае кіраўніцтва АДКБ. Так ці інакш, але можа спатрэбіцца неадкладная дапамога спагадлівага суседа.

І вось тады, у поўнай адпаведнасці з узятымі раней абавязацельствамі, можна паспяшацца на дапамогу саюзніку. Каб падтрымаць і абараніць надзейна пакрыўджанага таямнічымі ворагамі правіцеля і даўняга сябра. А далей – па даўно апрабаванай формуле дзевяностых гадоў: “Намеренья как воздух гор чисты!”

Аднак пакуль што яшчэ ёсць час на тое, каб падумаць. Не пра адыёзныя вучэнні “Захад – 2017”. Пра безнадзейна змарнаваныя дваццаць тры гады. Пра недарэчную рэальнасць, у якой так легкадумна пагадзіліся жыць. Пра тое, што выйсце ёсць, і яно даўно вядома ўсім. А калі і гэта немагчыма, то варта паразважаць хоць бы пра тыя дроны, якія так жахліва нагадваюць правіцелю вялікія самалёты.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 89

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках