4 траўня 2024, Субота, 22:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя рыхтуе правакацыю супраць Наталлі Папковай

26
Міліцыя рыхтуе правакацыю супраць Наталлі Папковай
НАТАЛЛЯ ПАПКОВА
ФОТА: TUT.BY

Актывістку затрымалі падчас адпачынку на прыродзе і спрабуюць дыскрэдытаваць.

Пра гэта Charter97.org распавяла каардынатарка аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Берасця Наталля Папкова:

- У мінулую пятніцу, 16 чэрвеня, мы з сябрамі пайшлі на шашлыкі ў лес пад Берасцем. Адразу скажу, што ў гэтым месцы адпачывае практычна ўся наша вуліца, і ні ў каго ніколі праблем з міліцыяй не ўзнікала.

Але з намі ўсё адбылося зусім інакш: літаральна праз пару гадзін «намаляваўся» патруль міліцыі ў складзе сямі чалавек. Я думаю, што наша месцазнаходжанне яны «запеленгавалі» праз тэлефон. На пікнік да нас у Берасце прыехаў наш паплечнік, актывіст БСДП (Народная Грамада) з Менска. Мы з ім напярэдадні размаўлялі праз тэлефон. Цалкам магчыма, што праслухоўвалі і мой тэлефон, і ягоны.

Нас пачалі брутальна затрымліваць і адвозіць у РАУС Ленінскага раёна Берасця. Я спрабавала пры затрыманні патэлефанаваць незалежным журналістам з Берасця, але тэлефон груба вырвалі з рук, пры гэтым пашкодзілі чахол да яго, сарваўшы выяву «Пагоні».

Рукі мне закавалі ў кайданкі з такім разлікам, каб прычыніць максімальны фізічную боль. Рукі літаральна ўспухлі і зацяклі. У мяне дагэтуль не зніклі сінякі ад кайданкоў.

У Ленінскім РАУС усім выпісалі штрафы за нібыта «распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы», а на мяне яшчэ пачалі ціснуць псіхалагічна і пагражаць, што зробяць з мяне «алкагалічку» і дыскрэдытуюць перад усімі. Таксама патрабавалі заплаціць штраф наўпрост цяпер.

Пасля таго, як я заплаціла штраф, мяне на паўтары гадзіны змясцілі ў спецізалятар, у наркалогію. Выпусцілі толькі тады, калі па мяне прыйшла мая стрыечная сястра. За гэтыя паўтары гадзіны ў спецізалятары мне выставілі рахунак 50 беларускіх рублёў.

А ўчора, 20 чэрвеня, мне прыйшло паведамленне, што я павінна з'явіцца ў наркалогію. Прычын у позве не патлумачылі, але я думаю, што мяне проста хочуць паставіць на ўлік як «сацыяльна небяспечнага» чалавека і дыскрэдытаваць у вачах грамадскасці.

- З чым вы звязваеце такія дзеянні міліцыі? Бо, як вы сказалі, у гэтым лесе адпачывае мноства людзей - і ніякіх праблем.

- Думаю, гэта адзін з варыянтаў ціску на мяне за маю палітычную дзейнасць. Літаральна за дзесяць метраў ад мяне адпачывалі мае суседзі - і да іх нават не падышлі.

Факт пераследу паводле палітычных матываў тут у наяўнасці. Можна было б абскардзіць іх дзеянні, але, шчыра кажучы, не хочацца марнаваць на іх свае нервы і час. Цяпер ёсць справы больш важныя.

Напрыклад, 22 чэрвеня і 3 ліпеня ў Менску пройдуць акцыі салідарнасці з палітвязнямі паводле «справы патрыётаў» і з патрабаваннем касавання вучэнняў «Захад-2017».

Хачу заклікаць беларусаў выйсці на акцыі ў Менску і праявіць салідарнасць з тымі, каго рэжым незаконна ўтрымлівае за кратамі.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках