7 траўня 2024, aўторак, 17:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывістка з Бабруйска спрабавала прарвацца да Качанавай, а апынулася ў бальніцы

38
Актывістка з Бабруйска спрабавала прарвацца да Качанавай, а апынулася ў бальніцы
Фота: «Радыё Свабода»

На вакзале ў Бабруйску пенсіянерку Любоў Санкевіч затрымлівалі пяцёра міліцыянтаў і адзін АМАПавец.

Паездка бабруйскай пенсіянеркі Любові Санкевіч у Менск на прыём да кіраўніцы адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Качанавай скончылася бальніцай.

Падрабязнасці «Салідарнасці» расказала Тамара Сяргей, юрыст грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконня ў пракуратуры і судах».

22 чэрвеня прадстаўнікі ініцыятывы, сярод якіх была і Любоў Санкевіч, паспрабавалі патрапіць на прыём да Наталлі Качанавай, але безвынікова.

- Любоў Міхайлаўна не раз запісвалася на прыём, індывідуальна і калектыўна, - падкрэсліла Тамара Сяргей.

Па вяртанні з Менска на бабруйскім вакзале пенсіянерку затрымалі шасцёра супрацоўнікаў міліцыі.

- Гэта было а 21.30. Адзін з супрацоўнікаў быў з АМАПа. Уяўляеце? Спецназ задзейнічаны ў затрыманні жанчыны за 60, з «букетам» захворванняў, - распавяла падрабязнасці юрыстка ініцыятывы.

Любоў Санкевіч даставілі ва УУС Бабруйскага гарвыканкама для дачы тлумачэнняў. Са слоў Тамары Сяргей, прычынай для гэтага магло паслужыць інтэрв'ю журналістам, якое Любоў Санкевіч дала ў Менску.

Пасля дзесяці гадзін вечара працэсуальныя дзеянні праводзяцца толькі ў выпадках, якія не церпяць адкладу. У дачыненні да Любові Санкевіч супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі незаконна, бо яе выпадак не трапляе пад гэтае выключэнне, патлумачыла юрыст.

Ва УУС з пенсіянеркай спрабаваў размаўляць падпалкоўнік міліцыі Сяргей Рудзько, чые ранейшыя дзеянні Любоў Санкевіч дагэтуль аспрэчвае ў судах.

Тамара Сяргей звязалася з дзяжурнай часткай бабруйскага УУС, а таксама патэлефанавала на спецлінію МУС у Менску, каб паказаць на парушэнне правоў затрыманай бабруйчанкі, але гэтыя званкі, з яе слоў, плёну не прынеслі.

А 23.00 у Любові Санкевіч здарыўся гіпертанічны крыз. Паводле яе слоў, жанчыне самой давялося выклікаць медыкаў, бо ў міліцыі тэлефанаваць у «хуткую» адмовіліся.

Пенсіянерку павезлі ў лякарню, дзе аказалі неабходную дапамогу. Ад шпіталізацыі яна адмовілася і са сваякамі з'ехала дадому. Па стане на раніцу 23 чэрвеня яна адчувае сябе здавальняюча.

- Голас у яе слабы. Кажа, што ўсё яшчэ знаходзіцца пад уражаннем ад таго, што адбылося, - падсумавала суразмоўца «Салiдарнасцi».

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках