7 траўня 2024, aўторак, 9:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва канчаткова развітаецца з савецкім мінулым

2
Літва канчаткова развітаецца з савецкім мінулым
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Прадстаўнікі партыі кансерватараў Аўдронюс Ажубаліс і Лаўрынас Кашчунас зарэгістравалі ў Сейме Літвы адмысловую рэзалюцыю.

У дакуменце дэпутаты заклікаюць чальцоў парламента прызнаць, што былая камуністычная партыя Літвы з'яўляецца злачыннай арганізацыяй.

Чаму кансерватары прапануюць такую рэзалюцыю і што зменіцца, калі яе прымуць, распавёў сайту Charter97.org літоўскі палітолаг Вітаўтас Сініца.

- Што вы мяркуеце пра прапанову кансерватараў прызнаць, што былая камуністычная партыя Літвы з'яўляецца злачыннай арганізацыяй?

- Праект з'яўляецца своеасаблівым іспытам «савецкасці» для літоўскіх палітыкаў і для грамадства. Не сакрэт, што выбаршчыкі ў Літве дагэтуль расколатыя праз ацэнку спадчыны Савецкага Саюза. Па-ранейшаму дастаткова шмат людзей прытрымліваецца думкі, што савецкі перыяд - гэта быў час, калі ва ўсіх была праца, час росквіту эканомікі і інфраструктуры. Некаторыя нават тужаць.

Летась Сейм адмовіўся прыняць аналагічны, таксама прапанаваны кансерватарамі праект. Менавіта тады было вельмі добра прыкметна, як савецкі перыяд ацэньваюць выбаршчыкі той ці іншай партыі. Таму ў новым Сейме гэты праект, на маю думку, з'явіўся перш за ўсё ў ролі антысавецкага іспыту для партыі зялёных і сялян, якія, прагаласаваўшы «за» ці «супраць», прадэманструюць, якой думкі пра савецкім перыядзе часу прытрымліваюцца іх выбаршчыкі.

Гэта калі разглядаць з палітычнага пункту гледжання. Калі ж абраць гістарычную рэтраспектыву, то выявіцца, што рэзалюцыя па-за ўсякім сумневам з'яўляецца справядлівай. У Літве вельмі марудна і з вялікай працай фармуецца дзяржаўны пункт гледжання на гісторыю. Пункт гледжання, у якім не будзе месца на апраўданні і пераходу на асобы. Незалежна ад таго, колькі знаёмых і, магчыма, нават добрых людзей прыстасавалася да савецкай рэальнасці і жыцця пад акупацыяй, незалежна ад таго, колькі іх удзельнічала ў дзейнасці камуністычнай партыі - гэтая партыя па-за ўсякім сумневам была выканаўцай генацыду нашага народа, калектывізацыі, саветызацыі. Не трэба рабіць выгляд, што да знішчэння Літвы прыклала руку толькі Масква, а мясцовыя камуністы былі ў белых пальчатках.

- Дапусцiм, што праект прынялі. Што далей?

- У праекта сімвалічнае значэнне - здольнасць Літвы як незалежнай дзяржавы публічна правесці рысу і разарваць усе сувязі з савецкім мінулым. Нашу краіну дагэтуль раздзіраюць праблемы, якія бяруць пачатак у савецкім перыядзе. Не было люстрацыі, дагэтуль не высветлена, колькі дакладна людзей і хто супрацоўнічаў з КДБ, бясследна зніклі многія сакрэтныя справы былых работнікаў савецкіх органаў. Рэзалюцыя магла б прынесці даўно чаканае і патрэбнае пакаянне, што вось камуністы, сярод якіх мы і нашы бацькі (так ці інакш многія сярод цяперашніх палітыкаў з'яўляюцца членамі былой савецкай наменклатуры ці паходзяць з яе асяроддзя) паступалі нядобра. Так, мы рабілі дрэнна і гэтага саромеемся.

- Такім чынам, праект - гэта спроба канчаткова спыніць усякія спробы адраджэння камуністычнай партыі ў Літве?

- Не. Небяспекі, што камунізм зноў з'явіцца ў Літве, няма. Паслядоўнікаў камунізму ў Літве амаль не засталося, тыя, хто дзейнічаюць і ўважаюць сябе за камуністаў - знаходзяцца на ўскрайку палітычнага жыцця. Рэзалюцыя, пра якую мы з вамі гаварылі, створаная зусім не для таго, каб змагацца з гэтай пагрозай.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках