8 траўня 2024, Серада, 2:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У турэцкіх школах адмовяцца ад вывучэння тэорыі эвалюцыі

11
У турэцкіх школах адмовяцца ад вывучэння тэорыі эвалюцыі

Міністэрская камісія палічыла гэтую тэорыю занадта спрэчнай і складанай.

Чыноўнікі ад адукацыі ў Турцыі наважылі выдаліць са школьнага курсу біялогіі раздзелы, якія знаёмяць з тэорыяй Дарвіна аб эвалюцыі. Са слоў дзяржслужбоўцы Альпаслана Дзюрмуша, міністэрская камісія палічыла гэтую тэорыю занадта спрэчнай і складанай для ўспрымання вучнямі, паведамляе «Інтэрфакс».

«Мы мяркуем, што гэты прадмет знаходзіцца па-за іх разуменнем», - заявіў ён

У міністэрстве адукацыі наважылі выдаліць раздзел пра тэорыі эвалюцыі з падручнікаў дзевятага класа, вывучэнне гэтай тэмы адклалі да этапу бакалаўрыяту.

Акрамя гэтага, была прынятая пастанова скараціць у вучэбнай праграме гадзіны, адведзеныя на вывучэнне спадчыны секулярызму - канцэпцыі, згодна з якой урад і іншыя крыніцы норм права існуюць незалежна ад усіх тыпаў рэлігій.

Згодна з інфармацыяй з пасяджэнняў школьных нарад, якая пранікла ў турэцкія СМІ, ставілася пад сумненне мэтазгоднасць вывучэння дзейнасці палітыка Мустафы Кемаля Атацюрка, заснавальніка сучаснай турэцкай дзяржавы, скарачэнне гадзін, адведзеных на знаёмства з ягонымі рэформамі, а таксама павелічэнне гадзін, прысвечаных вывучэнню рэлігіі. Дзюрмуш адзначыў, што акцэнт будзе зроблены на ўнёску мусульманскіх і турэцкіх навукоўцаў, а пры вывучэнні гісторыі сыдуць ад «еўрацэнтрычнага» падыходу.

З ягоных слоў, гэтыя змены шырока абмяркоўваліся, у дыскусіі ўдзельнічалі бацькі школьнікаў і грамадскасць.

Аднак свецкая апазіцыя ўспрымае гэтыя пастановы як яшчэ адзін крок у бок ісламізацыі турэцкага грамадства. Прадстаўнікі апазіцыі асцерагаюцца, што прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган і ягоная партыя перабудоўваюць турэцкае грамадства і чапляюцца за нэаасманскія ідэалы, якія разглядаюць Турцыю і турэцкі народ як авангард ісламскага свету.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках