4 траўня 2024, Субота, 6:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзярждэп ЗША: У Беларусі прымушаюць да працы і не караюць за гандаль людзьмі

3
Дзярждэп ЗША: У Беларусі прымушаюць да працы і не караюць за гандаль людзьмі

Беларусь чарговым разам трапіла ў самую нізкую, трэцюю групу краін у штогадовым дакладзе Дзярждэпартамента ЗША аб гандлі людзьмі ў свеце.

У дакуменце адзначаюць намаганні беларускіх уладаў у барацьбе з гэтым злачынствам, але крытыкуюць Менск за тое, што ўжо чатыры гады ўлады не асудзілі нікога за гандаль людзьмі, паведамляе tut.by.

Таксама беларускія ўлады папракаюць у прымусе да працы беспрацоўных, студэнтаў, наркаманаў і залежных ад алкаголю, дзяржслужбоўцаў і, у асобных выпадках, крытыкаў улады.

МАПА ЕЎРОПЫ З ДАКЛАДА ДЗЯРЖДЭПАРТАМЕНТА ЗША

Пытанні права на працу i прымусовай працы традыцыйна ўваходзяць у гэты даклад і пагаршаюць ацэнкі сітуацыі ў Беларусі.

Дзярждэп адзначае, што «нягледзячы на адсутнасць сур'ёзных намаганняў, урад [Беларусі] зрабіў шэраг крокаў для барацьбы з гандлем людзьмі, у тым ліку актыўны ўдзел у шматбаковых захадах у барацьбе з гандлем людзьмі, абароне беларускіх ахвяраў эксплуатацыі за мяжой і ў чэрвені 2016 года скасаваў дэкрэт [№9], які не даваў супрацоўнікам дзяржпрадпрыемстваў у дрэваапрацоўцы звольніцца з працы».

Разам з тым, у дакладзе падкрэсліваецца, што дзяржава прадоўжыла прымушаць да працы сваіх грамадзян, у тым ліку «дзяржслужбоўцаў, студэнтаў, часткова занятых, беспрацоўных, наркаманаў і алкаголікаў і, часам, крытыкаў урада».

- Чацвёрты год запар улады не прыцягнулі нікога да крымінальнай адказнасці паводле артыкула аб гандлі людзьмі.

Дзярждэп рэкамендуе Менску ўключыць у артыкул 181 КК, які забараняе гандаль людзьмі, пакаранне за сексуальную эксплуатацыю непаўналетніх. Таксама ў дакладзе адзначаецца, што, нягледзячы на тое, што ўлады вялі па адным расследаванні паводле гэтага артыкула ў 2014, 2015 і 2016 гадах, ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці (гэтая інфармацыя правяраецца рэдакцыяй TUT.BY). Крымінальных спраў паводле абвінавачвання ў прымусовай працы (артыкул 181-1 «выкарыстанне рабскай працы» Крымінальнага кодэкса Беларусі - заўв. Рэдакцыі) у 2016 годзе наогул не распачыналася, адзначаюць аўтары дакумента.

Дзярждэпартамент адзначае захады ў абароне ахвяр гандлю людзьмі, якія распачаў беларускі ўрад. Напрыклад, у 2016 годзе 70 патэнцыйных ахвяр гандлю людзьмі атрымалі медыцынскую дапамогу, мясцовыя ўлады ўтрымліваюць 124 крызісныя пакоі (15 з іх - у 2016 годзе), у якіх могуць знайсці часовы прытулак у тым ліку ахвяры гандлю людзьмі. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны скасавала ліміт на колькасць разоў, якую людзі ў такім становішчы могуць знаходзіцца ў гэтых установах.

Акрамя таго, беларускія ўлады праз СМІ і вонкавую рэкламу ўздымалі дасведчанасць насельніцтва аб праблемах гандлю людзьмі, у краіне існуе спецыяльная гарачая лінія аб працаўладкаванні за мяжой, якая прыняла 1157 званкоў аб кансультацыі ў 2016 годзе, адзначаецца ў дакладзе.

- Як адзначаецца, ужо пяць гадоў, Беларусь - крыніца, транзітная тэрыторыя і краіна прызначэння для мужчын, жанчын і дзяцей, якія зазнаюць сексуальнае рабства і прыцягваюцца да прымусовай працы.

Часцей за ўсё ахвяраў з Беларусі «прадаюць» у Расеі, у самой Беларусі, у Польшчы, Турцыі і іншых краінах Еўразіі і Блізкага Усходу, адзначаецца ў дакуменце.

У дакладзе згадваецца нашумелы дэкрэт аб дармаедстве і яго крытыка з боку Еўрапарламента.

- Урад прадоўжыў практыку «суботнікаў», якая патрабуе ад супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў і многіх прыватных кампаній працаваць у асобныя суботы і аддаваць іх даход на фінансаванне дзяржаўных патрэб...Дзяржаўныя наймальнікі пагражаюць штрафамі, калі іх работнікі адмаўляюцца ўдзельнічаць.

Таксама Дзярждэп адзначае патрабаванні да старшакласнікаў і студэнтаў удзельнічаць ва ўборачнай кампаніі без аплаты іх працы.

- Ёсць паведамленні аб тым, што ўлады прымушаюць жаўнераў на тэрміновай службе выконваць працу, не звязаную з іх службай у войску.

Беларускім уладам рэкамендуецца скасаваць усе дэкрэты і законы, якія прыводзяць да прымусовай працы, надаваць спецыялізаваную дапамогу дзецям, якія пацярпелі ад гандлю людзьмі і выдзяляць больш сродкаў на барацьбу з гэтым злачынствам.

З суседзяў Беларусі ў трэцюю (самую нізкую) групу краін у дакладзе трапіла толькі Расея. Украіна і Латвія - у другой групе. Літва і Польшча - у першай.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках