4 траўня 2024, Субота, 10:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі б у 90-я мы «даціснулі», ужо былі б на гадоў 20-25 наперадзе»

19
«Калі б у 90-я мы «даціснулі», ужо былі б на гадоў 20-25 наперадзе»

Бізнэсовец і дырэктар рынку распавёў, як Беларусі зраўняцца з Польшчай у развіцці.

Стваральнік і дырэктар рынка ў Палацы - вёсцы на стыку Берасцейскай і Гомельскай абласцей - Ігар Пракаповіч ведае, колькі можна зарабіць на клубніцы, што перашкаджае беларусу жыць добра.

Рынак у Палацы, клубнічнай сталіцы Беларусі, - абгароджаны заасфальтаваны прастакутнік. Фермераў і мясцовых жыхароў з клубніцамі прапускаюць бясплатна, са скупшчыкаў на легкавушках бяруць па 9 рублёў, на грузавіках - па 25, піша kp.by.

Рынак працуе трэці год, побач траса, якая злучае Кобрын і Бранск. Да таго клубнічны рай больш быў падобны на пекла: аптавікі закупляліся прама на дарозе, рэдкі дзень абыходзіўся без ДТЗ.

Ігар Іванавіч з тых рок-н-рольшчыкаў, да якіх не пасуе прыстаўка былы. Па адукацыі гісторык, які скончыў БДУ ў 1986-м, калі амаль кожны хацеў займацца бізнэсам. Ён граў на гітары, бубнах і клавішных, выступаў на вяселлях.

- Энергетыка ля месца ўзрушаючая: прыязджаю і працую на рынку калі кантралёрам, калі прыбіральшчыкам, калі начальнікам, калі піцу людзям прадаю - мне ўсё падабаецца.

У клубнічны сезон - да 200 аўтамабіляў у дзень. У пазамінулым і мінулым гадах - да 30% прыязджалі з Расеі. У гэтым годзе менш...

Пакуль на тэрыторыі рынку ў нас адна крама, плануем пабудаваць тут цэлы комплекс, зімой арганізаваць аўтамабільную стаянку. Рэгіён заможны і багацее кожны год. Па два дзіцячыя крэслы ў машыне. Людзі вязуць ягаду, адно дзіця - ля цыцкі, другое - у крэсле, трэцяе - побач. Мама заспаная стомленая і шчаслівы тата. Гэтыя людзі кожны дзень хочуць есці, яны ходзяць у нашы крамы.

У гэтым годзе да самай трускаўкі на рынку гандлявалі бульбай, у пікавыя дні заязджала да 10 фур. Неўзабаве клубніца плаўна пяройдзе ў вішню, маліну...

Ігар Пракаповіч ладзіць ў Палацы оўпэн-эйр-фестываль. Як сам запэўнівае, для душы. Летась ён асабіста налічыў больш за паўтары тысячы чалавек. Перад сцэнай нон-стоп знаходзілася блізу 300.

- Мы верым, што фестываль стане візітнай карткай рэгіёну, гэта гучная падзея і для Палесся, і для Лунінецкага раёна, і ўлады гатовыя нам у гэтым дапамагаць. Сёлета плануем рок-канцэрт з музыкай AC/DC ад менскіх хлопчыкаў і дзяўчынак з DC.BY, будзе Plum Bum з Берасця, «Дай дарогу», дыджэй. Пачатак у 7 вечара, уваход вольны. Побач з пляцоўкай будзе экспрэс-кавярня - людзей трэба карміць. Ёсць і туалет з халоднай і гарачай вадой.

- Што замінае беларусам жыць добра?

- Ментальнасць. Дужа нясмелыя, абачлівыя. Я сам нясмелы. Я не 7 раз адмяраю - 17. І гэта перашкаджае. Я не выйграю ў літоўца, паляка. Гэта вельмі глыбокая праблема.

Гаворка пра бізнэс, прадпрымальніцтва і тое, як зарабіць грошы. Мы баімся рызыкаваць, рабіць крокі, якія той жа паляк ці іншы еўрапеец зробіць хутка.

Беларус даволі хутка прыстасоўваецца. Калі б у 90-я гады даціснулі - і з беларускай мовай, і з эканомікай - ужо ўсё было б добра, ужо былі б на гадоў 20 - 25 наперадзе.

Памятаю, як чыноўнікі пачыналі размаўляць па-беларуску: хтосьці саромеўся, хтосьці хаваўся - але пачыналі! І гэта ўжо была асалода. Яшчэ б паўгода-год - і дайшло б да школ, ВНУ - сёння б ужо не памяталі, што можа быць па-іншаму.

- Што трэба для развіцця бізнэсу ў невялікіх гарадах?

- Смеласць. Але паверце - ніхто спецыяльна не перашкаджае. Проста ў кагосьці няма галавы, у кагосьці - смеласці. Большасць жа вельмі хітрая: «Я пачакаю і пагляджу...»

Я маю зносіны з моладдзю. Яны не хочуць. Нагледзяцца расейскай тэлевізіі, серыялаў - садзяцца ў БМВ, апранаюць цёмныя акуляры і... заробкі 6 мільёнаў старымі. Але выдае сябе за паспяховага. Смешна...

Людзі, якія нашмат багацейшыя за мяне - даляравыя мільянеры, казалі: «Навошта табе гэта трэба?» І гэта баязлівасць. Калі мы ўваходзілі на рынак, мы ўзялі 2,5 мільярда крэдыту (250 тысяч даляраў на той час), якія трэба было аддаваць па жорсткім графіку.

Хтосьці круціў ля скроні, а мне чамусьці было не страшна, я ставіўся да гэтага як не да сваіх грошай. Сёння зарабілі - заўтра аддалі. У мінулым годзе на рынку мы сабралі больш за 400 мільёнаў рублёў даходу. У гэтым на старыя грошы чакаем блізу 600. Бізнэс пачынаецца тады, калі ты кажаш, што грошы - гэта не маё.

Павінен наступіць момант адчужэння ад грошай, каб ты не лічыў: «Я ўклаў 5, зарабіў 6, рубель мой, і я з гэтым рублём бягу ў абменнік, а потым - у шкарпэтку...» Я аднойчы сабе сказаў: «Калі ты не навучышся ставіцца да грошай як не да сваіх - нічога не атрымаецца». Я аднойчы навучыўся, і я шчаслівы.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках