4 траўня 2024, Субота, 18:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары менскага Зялёнага Луга ўзбунтаваліся супраць ушчыльнення

19
Жыхары менскага Зялёнага Луга ўзбунтаваліся супраць ушчыльнення

На карце Менска з'явілася яшчэ адна «гарачая кропка».

Некалькі дзён таму гарадскія ўлады апублікавалі новы план ушчыльнення тэрыторыі ў межах Лагойскага тракта і вуліц Сядых, Кедышкі і Славінскага, паведамляе Charter97.org.

Канкрэтнай інфармацыі аб тым, якія менавіта будынкі будуць тут пабудаваны, няма. З праекту і карт апублікаваных на сайце адміністрацыі Першамайскага раёна Менска, вынікае, што плануецца высечы частку Севастопальскага парку і зялёнай зоны ўздоўж вуліцы Каліноўскага. На іх месцы хочуць пабудаваць жылыя дамы, адміністрацыйна-дзелавыя комплексы, а таксама шматузроўневыя стаянкі.

У 2012 і 2013 гадах гарадскія ўлады ўжо спрабавалі ўшчыльніць частку гэтай тэрыторыі, аднак пратэсты мінчукоў прымусілі іх адступіць. Цяпер планы па забудове больш маштабныя. Тым не менш, мясцовыя жыхары гатовыя змагацца супраць ушчыльнення. У дварах дамоў і на прыпынках грамадскага транспарту расклееныя ўлёткі з заклікам узяць удзел у грамадскім абмеркаванні праекта, які пройдзе 4 чэрвеня а 18:00 у Палацы барацьбы (вуліца Каліноўскага, 55). Жыхары актыўна абмяркоўваюць планы ўладаў ля пад'ездаў, называючы іх «беззаконнем».

«На ўвесь наш мікрараён - адна паліклініка і адно аддзяленне банка. Чарга па дзве гадзіны ў іх - у парадку рэчаў. Не стае дзіцячых садкоў і школ, вузкія вуліцы ўжо не вытрымліваюць той колькасці транспарту, які ёсць зараз. Дыхаць няма чым. А ўявіце, што будзе пасля ўшчыльнення! Я ўжо не кажу пра тое, што праз такія планы Зялёны Луг ужо ніколі не будзе «зялёным», - распавяла ў каментары сайту charter97.org Вольга, жыхарка дома №69 па вуліцы Каліноўскага.

«У Менску ўжо некалькі праблемных сітуацый. Асмалоўка, Уручча... На Калініна, тут побач, шматпавярхоўку збіраюцца будаваць у двары. На нас ім начхаць наогул. Трэба аб'ядноўвацца і патрабаваць спыніць знішчаць наш горад і нявечыць яго. Можа быць, разам атрымаецца нешта зрабіць», - кажа Міхаіл з суседняга дома №61.

Жыхары заклікаюць суседзяў узяць удзел у грамадскім абмеркаванні і рашуча пратэставаць супраць планаў уладаў. «Потым будзе позна», - кажуць яны.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках