4 траўня 2024, Субота, 22:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы дамагліся масавага скасавання канцэртаў Віктара Каліны ва ўсёй краіне

44
Беларусы дамагліся масавага скасавання канцэртаў Віктара Каліны ва ўсёй краіне

Скандальны шансанье засмучаны і абураны.

Скандальна вядомы шансанье Віктар Каліна на сваім сайце абурыўся тым, што ў Рэчыцы не адбудзецца ягоны канцэрт, запланаваны на пачатак жніўня.

Прычыну Каліна бачыць у «інфармацыйных атаках апазіцыі на мясцовых ідэолагаў» і ягонай «прынцыповай пазіцыі па Данбасе», піша nn.by.

Апроч таго, увесь раздзел «афіша» на сайце Каліны закрыты праз адсутнасць пэўнасці, бо могуць не дазволіць — шансанье расказаў, што ў раённых гарадах масава скасоўваюць канцэрты праз розныя адгаворкі кшталту «рамонту залі» ці «працечкі трубаў».

«Людзі, якія адказваюць за ідэалогію і культуру ў абласных гарадах, выдаюць мне гастрольныя пасведчанні, вынікае — гэта гарантыя таго, што маладушныя і непісьменныя іх калегі ў раённых гарадах абавязаныя правесці канцэрт. Што ж гэтак баязліва і падступна дзейнічаюць іх падначаленыя на месцах? Навучыліся хлусіць, выварочвацца, прыкрывацца хлуснёй!!! Часцей за ўсё чыннік — «рамонт залі». Мы ў гэта верылі! Пакуль мае прыхільнікі не пачалі дасылаць фота залі, афіш іншых артыстаў… Наступная «адчэпка» — гэта «ў нас усё распісана». Мяне такі адказ ужо не забаўляе. Спачатку павяліся на хлусню, спыталі пра наступны год. Адказ — званіце ў снежні. Звонім — «у нас усё ўжо распісана на год». Рэальная карціна такая — праходзяць адзінкавыя канцэрты. Калі ўсімі праўдамі і няпраўдамі прадалі 50—70 квіткоў — гэта ўжо дасягненне», — раскрывае свае карты Каліна, далей па тэксце усяляк абражаючы дырэктараў ДК і чыноўнікаў.

«Мяне катэгарычна не дапускаюць да тэлевізійных экранаў, і яшчэ больш катэгарычна адмаўляюць у эфіры на радыё. І нават песні, кшталту абсалютна нефарматнага «Рокс». Паўтараю — мае песні, згодна з указам прэзідэнта, абавязаныя ставіць у эфір», — трызніць Каліна, яшчэ і называючы сябе «самым паспяховым і папулярным артыстам Беларусі».

Таксама ён сцвярджае, што ў асобных гарадах старшыні выканкамаў даюць загады прадпрыемствам не купляць квіткі на канцэрты Каліны.

Маўляў, калі так будзе працягвацца — то ён будзе звяртацца да Лукашэнкі.

Пакуль у «Нашай Нівы» не ўдалося атрымаць каментары ідэолагаў, на якіх нападае Каліна.

Але варта адзначыць — забароны канцэртаў Каліны даўно дамагаліся неабыякавыя людзі.

Віктар Каліна пазіцыянуе сябе як шансанье, але творы яго рознабаковыя і ўзаемавыключныя — за песняй пра блатную рамантыку на канцэрце можа ісці песня пра афіцэрскі гонар.

Каліна ўсяляк нахвальвае сепаратыстаў Данбаса, сам туды ездзіў і са зброяй у руках зычыў «смерці бандэрлогам», прызнаваўся ва ўчыненні крымінальных злачынстваў.

Неаднаразова публічна і мацюкамі выказваўся пра беларусаў, якія не ўхваляюць яго творчасць.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках