4 траўня 2024, Субота, 10:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КДБ - патрыёту: Мы цябе абвінавацім у тэрарызме, і паедзеш ты на дзесяць гадоў

9
КДБ - патрыёту: Мы цябе абвінавацім у тэрарызме, і паедзеш ты на дзесяць гадоў
АРЦЁМ ЛЕЎЧАНКА

Патрыёт Арцём Леўчанка распавёў пра ціск у СІЗА КДБ.

Актывіст «Маладога Фронту» Арцём Леўчанка, які з 22 сакавіка да 1 красавіка ўтрымліваўся ў СІЗА №1 пра падазрэнне ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», звярнуўся ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі з заявай аб кампенсацыі шкоды за ўтрыманне пад вартай, піша «Весна».

22 сакавіка Арцём Леўчанка быў затрыманы разам са Змітром Дашкевічам у кватэры пісьменніка Уладзіміра Арлова падчас таго, як тыя рабілі яму кухню. Са слоў Леўчанкі, яны замовілі ежу, але замест службы дастаўкі ў кватэру ўварваліся людзі ў цывільным, і распачалося брутальнае затрыманне.

«Калі я адчыніў дзверы, мне адразу заціснулі рот, загадалі маўчаць і паклалі на прыступкі. Затым паставілі на калені, заламілі рукі за спіну, адзелі на іх кайданкі, а на галаву накінулі чорны мяшок. У такім выглядзе мы дзесьці паўгадзіны стаялі ў пад’ездзе. Я так зразумеў, мы чакалі, пакуль схопяць Пальчэўскага. Затым нас усіх пасадзілі ў адзін бус, але ўжо праз 2-3 хвіліны мяне перакінулі ў багажнік іншага бусу. У хуткім часе мяне пасадзілі ў трэцюю машыну, дзе мне нарэшце знялі мяшок з галавы, і супрацоўнік КДБ паведаміў мне, што я затрыманы», - распавядае Леўчанка.

Пра тое, што Арцём знаходзіцца ў статусе падазраванага паводле арт 293 ч.3 КК РБ, яму сказалі толькі праз дзве гадзіны пасля затрымання, падчас вобшуку ў яго кватэры. Дарэчы, панятыя, якія прысутнічалі на вобшуку, былі знаёмыя з тымі, хто яго праводзіў.

Супрацоўнікі КДБ, якія везлі актывіста на вобшук, увесь час спрабавалі яго запужаць.

«Мне казалі: «Усё, мы цябе ў тэрарызме абвінавацім, і паедзеш ты зараз на дзясяць гадоў. Будзеш, Арцём, тэрарыстам». Бачылі, што малады, і таму думалі, што гэта нейкім чынам паўплывае на мяне», - кажа Леўчанка.

Пагрозы і псіхалагічны ціск не скончыліся і ў будынку КДБ, куды Леўчанку прывезлі пасля вобшуку, ізноў накінуўшы мяшок на галаву.

«Калі мы сядзелі з капітанам КДБ адзін на адзін, ён мне казаў: «Прыдурак, навошта гэта табе трэба? Ты сабе жыццё ламаеш! І беларуская мова твая нікому не патрэбная, таму размаўляй нармальна!» Затым ён патэлефанаваў маёй маці і схлусіў ёй, сказаўшы, што мяне ўжо перавезлі ў СІЗА №1. Пры гэтым ён мяне папярэдзіў, што «калі я піскну, то будзе кепска».

Са слоў Арцёма, у першую ноч ён змог паспаць менш за дзве гадзіны. Толькі ў гадзіну ночы яму далі падпісаць пратакол працэсуальных дзеянняў, на якім быў пазначаны несапраўдны час падпісання – 21.00. Пасля ўсіх працэдур Леўчанка трапіў у камеру ў СІЗА на Валадарскага каля чатырох раніцы. Але ўжо праз дзве гадзіны, у шэсць раніцы, быў пад’ём, і яму было забаронена лажыцца на ложак.

Сустрэцца з адвакатам актывісту далі толькі праз некалькі дзён пасля затрымання. Лісты ад сваякоў і сяброў не даходзілі, першыя дні не перадавалі ні кніжак, ні паперы. Спачатку Леўчанка спрабаваў пісаць скаргі на дрэнныя ўмовы ўтрымання ў камеры, а таксама на грубыя паводзіны супрацоўнікаў СІЗА, якія часта лаяліся. Але ніякіх адказаў на іх ён так і не дачакаўся. Толькі праз некалькі дзён яго перавялі ў іншую камеру, якая, акрамя таго, што ў ёй быў унітаз замест дзіркі ў падлозе, нічым не адрознівалася ад папярэдняй.

За 10 дзён знаходжання ў СІЗА да Леўчанкі тройчы прыходзілі супрацоўнікі КДБ на размовы без пратаколу. Некалькі разоў у перыяд з 7 да 11 гадзін вечара яго з мяшком на галаве вывозілі ў будынак КДБ на допыты і афармленні працэсуальных дзеянняў. Супрацоўнікі КДБ самі склалі паказанні актывіста і далі яму іх толькі падправіць, матываваўшы гэта тым, што такая працэдура эканоміць час. Са слоў Леўчанкі, падчас допытаў ззаду ўвесь час стаяў супрацоўнік групы «Альфа», тым самым аказваючы на актывіста псіхалагічны ціск.

Арцём Леўчанка выйшаў на волю 1 красавіка ў статусе абвінавачанага ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». Напачатку чэрвеня КДБ вынес пастанову аб спыненні ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу паводле арт. 293 ч.3. КК РБ за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства.

Актывіст «Маладога Фронту» лічыць, што яго дзесяцідзённае ўтрыманне пад вартай было незаконным, а дзеянні супрацоўнікаў МУС і Камітэту дзяржбяспекі прыніжалі яго чалавечую годнасць. Таму, пасля атрымання адмысловай пастановы ад КДБ, ён плануе звярнуцца ў суд з позвай да Міністэрства фінансаў, КДБ і МУС аб кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды, а таксама кампенсацыі выдаткаў на юрыдычную дапамогу.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках