4 траўня 2024, Субота, 19:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідэр гурту «Стары Ольса»: Месцам сілы з'яўляецца стадыён

Лідэр гурту «Стары Ольса»: Месцам сілы з'яўляецца стадыён
Зміцер Сасноўскі
ФОТА STARYOLSA.COM

Паўсядзённым дэвізам для беларусаў павінна стаць фраза «трэба варушыцца».

Вядомы музыка Зміцер Сасноўскі напісаў рэзкі запіс на старонцы ў фэйсбуку, у якім прагучала на адрас поўных людзей нямала непрыемнасцяў: «Вы — тлушч біямасы, лайдачы адкід чалавечай матэрыі». Журналісты nn.by папрасілі Змітра патлумачыць, з чаго раптам ён зачапіў гэтую тэму.

«Гэта мая жыццёвая пазіцыя. Але калі я пачуў, што 60% беларусаў знаходзяцца на мяжы атлусцення, а 30% пакутуюць на атлусценне — гэта стала апошняй кропляй. Як былому спартоўцу, мне ў прынцыпе непрыемныя лайдакаватыя людзі, якія няўважліва ставяцца не толькі да свайго здароўя, але і да свайго знешняга выгляду, — кажа музыка.

Гэта лайдацтва! Усе мае знаёмыя з узростам становяцца пузатымі, грузнымі і проста неахайнымі. Я па жыцці чалавек акуратны, і мне гэта не падабаецца. Я лічу, што дрэнны, неахайны выгляд — проста непавага да іншых. Па-першае, па прычыне знешняй. Па-другое — гэта хвароба. Чалавек сваё лайдацтва ператварае ў праблему блізкіх: яго трэба даглядаць сваякам, на яго лячэнне дзяржава мусіць выдаткоўваць грошы. Я лічу гэта амаральным».

На думку спадара Сасноўскага, адна з прычын, па якой беларусы пачалі «расплывацца», — урбанізацыя.

«Гэта прывяло да таго, што фізічнай працай, фізічным рухам людзі займаюцца ўсё менш і менш. У пагоні за гэтай урбанізаванай раскошай і камфортам беларусы забыліся на тое, што становяцца нейкім пудзілам, — працягвае думку Зміцер. — Я падбіваў некаторых знаёмых паехаць разам ці на вёску, фізічна папрацаваць, ці на стадыёне пабегаць — безвынікова. Гэта сведчыць, у першую чаргу, пра заняпад імпэту да жыцця, жадання ўдасканальвацца і інтэлектуальна, і фізічна.

Мы ўсё ж такі лайдакі, хачу адзначыць. Беларусы — лайдакі. Можна бясконца ўсхваляць нас, казаць, якія мы працавітыя, але мы — эгаісты і лайдакі. Я люблю сваю нацыю і толькі таму хачу казаць пра яе праблемы. Мы павінны набрацца самаўпэўненасці, смеласці, каб гаварыць пра нашы недахопы. Гэтае бясконцае самаўсхваленне проста смешнае».

Музыка кажа, што не ганарыцца сваімі жорсткімі і грубымі выказваннямі ў фэйсбуку. Сёння ён называе гэта ганебнай выхадкай, якую б ён другі раз не паўтарыў. Тым не менш, заўважае, што «нармальныя людзі паставіліся нармальна, а на пакрыўджаных ваду возяць».

«Я толькі што быў у сваёй бабулі ў вёсцы, ёй 92 гады. Яна падымаецца а 6 гадзіне, даглядае гаспадарку. Бабуля ўся жвавая, нягледзячы на ўзроставыя хваробы. І дэвіз яе — трэба варушыцца, — дадае Сасноўскі. — Я лічу, што мы з нашым цяперашнім стаўленнем да такіх узростаў не дажывём. Дзядуля маёй жонкі памёр у 96 гадоў. Яны жылі ў вёсцы, яны рухаліся».

Сам Зміцер рэгулярна бывае на стадыёне. Прабегчыся, пазаймацца на турніках — гэта святое.

«Шмат людзей — хрысціяне, паганцы — гавораць пра «месцы сілы», дзе моцная энэргетыка. Месцы з крыніцамі, з велізарнымі валунамі. Я хачу ўпэўніць, што месцам сілы з’яўляецца стадыён. Пяць-шэсць кіламетраў бегу, заняткі на турніках і яшчэ кіламетр-паўтара бегу як замінка, ужо пры канцы, — расказвае пра свой спартовы расклад музыка. — Паміж людзьмі на стадыёне якраз самая моцная энэргетыка. Я на сваім сустракаю і мужчын, і жанчын, і дзяцей, якія прыходзяць, трэніруюцца. Мае дзеці таксама гімнастыкай займаюцца».

Лепш за турнікі і бег для Сасноўскага хіба толькі плаванне.

«Нашы сусветныя гастролі дазваляюць плаваць у розных акіянах, марах і дзе толькі можна. Плаваць і плаваць. Гэта самае любімае, бо я займаўся плаваннем яшчэ ў школе алімпійскага рэзерву ў Гомелі. Гэта самае лепшае, што існуе. Вяртае ў тое асяроддзе, з якога мы выйшлі і ў якое мусім вярнуцца».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках