4 траўня 2024, Субота, 22:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віціс Юрконіс: Сцяна з РФ і Беларуссю будуецца не толькі праз «зялёных чалавечкаў»

4
Віціс Юрконіс: Сцяна з РФ і Беларуссю будуецца не толькі праз «зялёных чалавечкаў»
Віціс Юрконіс
ФОТА: DELFI

На мяжы Літвы з Калінінградскай вобласцю да канца гэтага года вырасце двухметровая металічная агароджа.

Да 2020 года такую агароджу, узмоцненую дадатковымі тэхнічнымі сродкамі, плануецца ўзвесці на мяжы Літвы з Беларуссю. Агароджа з'явіцца на адрэзках ад пункта трохбаковага перасячэння дзяржаўных межаў Літвы, Польшчы і Расеі ля Вішціціса і адрэзкамі будзе працягнутая ў Шакяйскім і Вілкавішкскім раёнах да Нёмана. Кошт агароджы - 1,3 млн еўра. На ўсёй працягласці 109-кіламетровай мяжы ўздоўж Нёмана памежная служба ўжо абсталявала тэхнічныя сістэмы назірання за мяжой. Новая агароджа будзе пабудаваная ў мясцовасцях, дзе дзяржмяжа праходзіць па сушы. Сродкі на будаўніцтва агароджы выдзеленыя з бюджэту Літвы.

На пытанні Charter97.org, чаму Літва будуе агароджу і як гэта можа паўплываць на стасункі з Масквой і Менскам, адказаў літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.

- Чаму Літва мае намер пабудаваць агароджу на мяжы з Беларуссю і Расеяй?

- Некаторыя палітыкі падкрэсліваюць бяспеку межаў, іншыя звяртаюць увагу на вострую геапалітычную сітуацыю ў рэгіёне. Сам факт, што ў нашых межах рэгулярна праводзяцца манеўры «Захад», якія маюць наступальны характар, гучаць агрэсіўныя заявы з боку палітыкаў суседніх, усходніх краін, насцярожвае, аднак будаўніцтва агароджы звязанае не толькі з гэтым кантэкстам.

Трэба памятаць, што мяжа Літвы - вонкавая мяжа Еўрапейскай Садружнасці. Умацаванне вонкавай мяжы ЕЗ з'яўляецца адным з прыярытэтаў у бяспецы адзінай Еўропы. Напрыклад, у паўднёвай частцы Еўропы за досыць кароткі перыяд была створаная новая служба марскога памежнага кантролю. Умацаванне літоўска-беларускай мяжы проста неабходнае, асабліва ў святле таго, што кожны раз, калі ў Літве павышаюцца акцызы, аб'ёмы кантрабанды алкаголю і цыгарэт зашкальваюць.

- Якая, на вашу думку, будзе рэакцыя Масквы і Менска?

- Крэмль і яго партнёры ў Менску, напэўна, будуць старацца выкарыстоўваць гэтае пытанне, ужываючы разнастайныя маніпуляцыі. Хоць, калі шчыра, я думаю, што ў святле таго, што ўсім краінам даводзіцца змагацца з велізарнай хваляй нелегальнай эміграцыі, кантрабандай - усе бакі павінны былі б апынуцца зацікаўленымі ва ўмацаванні межаў.

- Ці можа такая агароджа перашкодзіць з'яўленню «зялёных чалавечкаў»?

- Літва вядзе палітыку барацьбы з ценявой эканомікай, гандлем людзьмі, умацоўвае кантроль над незаконнымі рэчывамі. Многія міфы сталі б неактуальнымі, калі б мы лепш разумелі ўнутраную палітыку адзін аднаго. Сцвярджаць, што агароджа на мяжы будуецца выключна праз «зялёных чалавечкаў», азначала б дзьмуць у дудку прапагандысцкай машыны Крамля.

- Ці дастатковы гэты захад для абароны мяжы?

- Агароджа - гэта адзін з элементаў умацавання бяспекі, які ажыццяўляецца ў комплексе з іншымі захадамі. Ніхто не разлічвае, што ўмацаванне мяжы развяжа ўсе праблемы бяспекі. Гісторыя бронзавага жаўнера ў Таліне ў 2007 годзе прадэманстравала, што існуе пытанне не толькі фізічнай мяжы. Кібератакі, інфармацыйная вайна, карупцыйныя сувязі, эканамічны і энэргетычны шантаж, разнастайныя правакацыі ўнутры краіны - спіс інструментаў магчымай агрэсіі даволі шырокі і да пытання бяспекі трэба падыходзіць комплексна, а не толькі засяроджвацца на абароне мяжы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках