4 траўня 2024, Субота, 17:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін і Мядзведзеў перасягнулі рысу

6
Пуцін і Мядзведзеў перасягнулі рысу
Фота: Reuters

Крамлёўскія лідары хлусяць ужо нахабна.

У чэрвені 2017 года заканчваецца чарговы палітычны сезон у Расеі. Пачаўся ён з думскіх выбараў 2016 года — мабыць, самых прадказальных і нецікавых за ўсю постсавецкую гісторыю Расеі. А заканчваецца вулічнымі пратэстнымі акцыямі. Палітолаг Дзмітрый Арэшкін распавёў «Адкрытай Расеі» аб тым, што змянілася за гэты час.

— Як бы вы ахарактарызавалі падзеі, якія адбываліся з краінай і грамадствам у гэтым палітычным сезоне?

— Ёсць сур'ёзныя змены. Гэтыя змены — не павярхоўныя, яны адбываюцца ў глыбіні. Перш за ўсё, нарастае агульнае расчараванне, неразуменне і раздражненне. Вядома, гэтыя ўнутраныя працэсы могуць быць накіраваныя на вонкавыя вектары. Раздражненне і неразуменне могуць быць накіраваныя на «вонкавага ворага» і на «ўнутранага ворага» — на ЗША, «Адкрытую Расею», «ворагаў народа» і гэтак далей.

Але пры гэтым раздражненне і неразуменне растуць і ў адрас саміх уладаў. Мы бачым значнае зніжэнне даверу да «Адзінай Расеі», да ўрада Дзмітрыя Мядзведзева. І мы бачым прыкметнае, але значна больш слабае зніжэнне даверу да Уладзіміра Пуціна. Але рэйтынг Уладзіміра Пуціна цяпер — гэта рэйтынг адчаю, «калі не ён, то хто?»

Што тычыцца «Адзінай Расеі». Вы кажаце, што выбары былі сумнымі. Напраўду, яны былі не такімі ўжо і сумнымі — глыбінныя перамены адбываюцца вельмі магутныя. Адбылася палярызацыя палітычных настрояў. «Адзіная Расея» істотна страціла падтрымку прасунутай часткі насельніцтва — перш за ўсё жыхароў буйных гарадоў. І наадварот, партыя ўлады набыла яшчэ большую падтрымку ў так званых «электаральных султанатах», там, дзе вынікі галасавання ў яшчэ большай ступені залежаць ад мясцовых уладаў, а не ад настрояў выбаршчыкаў.

Калі браць спісачны склад выбаршчыкаў (а не колькасць тых, хто прыйшоў на ўчасткі), то, напрыклад, у Пецярбургу за «Адзіную Расею» прагаласавала 12,96% выбаршчыкаў. Нізкі прыход (блізу 30%) і адносна нізкі паказчык падтрымкі сярод тых, хто прыйшоў галасаваць. Такая сітуацыя ў Маскве, у Новасібірскай вобласці. А ў Чачэніі і прыход больш за 90%, і за «Адзіную Расею» — звыш 90%. Зразумела, што там вынік нерэальны. Але, аднак, мы бачым, як краіна распадаецца ўнутры самой сябе, пад гэтым вонкава самавітым агульнарасейскім вынікам (54%) «Адзінай Расеі». Мы бачым, як значна зніжаецца вынік партыі ўлады ў зоне больш-менш канкурэнтнага галасавання, больш-менш сумленнага падліку, і як значна гэты вынік ўзрастае ў Чачэніі, Дагестане, Татарстане, Кабардзіна-Балкарыі, Карачаева-Чаркесіі, у Кемераўскай вобласці, дзе Аман Тулееў лічыць галасы.

Таму атрымліваецца, што падтрымка «Адзінай Расеі» ў фізічным вымярэнні паменшылася на 3,9 мільёна чалавек у параўнанні з выбарамі 2011 года, а ў адсоткавых адносінах партыя ўлады атрымала амаль на пяць адсоткаў больш. У канкурэнтным кластэры людзі не пайшлі галасаваць, і вага «электаральных султанатаў» — іх у нас прыкладна 15 рэгіёнаў — непрапарцыйна павялічылася.

Аднак, адштурхваючыся ад агульнарасейскага фармальнага выніку «Адзінай Расеі» ў 50% галасоў, Пуцін кажа, што народ згуртаваўся перад тварам Захаду, а Мядзведзеў кажа, што атрымаў карт-бланш на ранейшую эканамічную палітыку. І тое, і іншае — няпраўда. Добрасумленна яны памыляюцца або хлусяць з прапагандысцкімі мэтамі — усё адно. Важна, што падтрымка іх партыі падае.

І важна, што ёсць раскол паміж электаральнымі султанатамі і той Расеяй, якая раздражнёная, расчараваная і не ходзіць на выбары — гэта значыць, расейскай Расеяй.

Гэтая сітуацыя нясцерпна нагадвае сітуацыю 1991 года, калі распадаўся Савецкі Саюз. За захаванне Саюза на рэферэндуме ў сакавіку 1991 года галасавала ўмоўная Азія — на першым месцы была Туркменія з больш чым 97% галасоў. Пры гэтым захад СССР — тры рэспублікі Прыбалтыкі, Малдова, а таксама Грузія і Арменія — не палічыў патрэбным удзельнічаць у рэферэндуме. Цяпер таксама ўмоўная «Азія» падтрымлівае ўладу, а ўмоўная расейская «Еўропа» адчувае расчараванне, раздражненне і фрустрацыю.

— Вы кажаце пра тое, што ўзровень падтрымкі ўлады падае. Але ж і ўзровень падтрымкі апазіцыі застаецца вельмі нізкім?

— Калі кажуць, што за Аляксея Навальнага гатовыя прагаласаваць 2% выбаршчыкаў, то гэта зусім мала, але гэта ўжо чацвёртае месца — на першым месцы Пуцін, потым Жырыноўскі, потым Зюганаў. Пры гэтым напраўду за Навальнага, хутчэй за ўсё, ужо цяпер гатова галасаваць больш людзей — проста многія, якія сімпатызуюць Навальнаму, баяцца ў гэтым прызнацца. Тое, што на акцыі, ініцыяваныя Навальным, выходзіць вялікая колькасць людзей — гэта першы сімптом сістэмнага расчаравання прасунутых тэрыторый, буйных гарадоў тымі абмежаваннямі, якія на іх накладвае дзейная ўлада.

— Наколькі добра разумеюць у Крамлі сітуацыю, якая склалася ў краіне, і ці разумеюць яе наогул?

— І Пуцін, і Мядзведзеў няправільна ўспрымаюць вынікі мінулых выбараў як узмацненне сваёй падтрымкі, у той час як падтрымка напраўду слабее і канцэнтруецца на палітычнай перыферыі, а цэнтр адчувае сумнеў і недавер. Гэтая страта палітычным кіраўніцтвам краіны здольнасці арыентавацца адбіваецца і на працы сродкаў масавай інфармацыі. Яны, як гаворыцца, настолькі «страцілі краі», што хлусяць ужо нахабна. Гэта ўжо брэжнеўская эпоха, калі Пуцін адарваны ад рэальнасці. Ён чытае тыя дакументы, якія яму даюць. Там напісана, што «абазначыўся эканамічны рост» або «павялічваецца падтрымка замежнапалітычнага курсу», і таму падобнае. Але напраўду гэта ўжо не так.

І людзі, якія раней былі нейтральныя ў стаўленні да Крамля, ці нават дзесьці сімпатызавалі, пачынаюць адчуваць раздражненне праз тое, што ім увесь час хлусяць.

Іх раздражняе, што ім кажуць аб пераадоленні інфляцыі і росце даходаў, у той час як гэтыя даходы не растуць. Іх раздражняе, што ад уладаў няма адказу на цалкам простыя і зразумелыя пытанні аб карупцыі. Іх раздражняе, што відэа амерыканскіх удараў па талібах выдаюць за дзеянні расейскай авіяцыі ў Сірыі. Гэта паўтор сітуацыі з Савецкім Саюзам, толькі замест Чэхаславаччыны — Украіна, замест Афганістана — Сірыя. На жаль, з цалкам прадказальным і чаканым распадам — не заўтра, не паслязаўтра, і не на выбарах 2018 года, але ў сярэднетэрміновай перспектыве. А галоўнае — выхаду няма. Людзі пачынаюць разумець, што час, калі мы «падымаліся з каленяў», заканчваецца. І гэтыя настроі выспяваюць глыбей, чым могуць зафіксаваць нейкія колькасныя метады, у тым ліку сацыялагічныя апытанні. Чалавеку патрабуецца пераламаць штосьці ў сабе, каб шчыра сказаць інтэрв'юеру: «Так, мне не падабаецца гэтая сітуацыя». Бо калі раней чалавек доўгія гады казаў, што яму ўсё падабаецца, значыць, цяпер давядзецца прызнаць, што ён быў дурнем. А дурнем сябе ніхто не хоча адчуваць.

Выхад у гэтай дэпрэсіўнай сітуацыі ўлада паспрабуе знайсці ў тым, каб зрабіць кагосьці крайнім. Пытанне ў тым, каго зробяць крайнім, куды вызначаць накіраваць рост незадаволенасці. Таварыш Сталін яго каналізаваў на «лекараў-шкоднікаў», «на касмапалітаў». У нас пакуль у асноўным пераключаюць увагу на «вонкавага ворага» і звязаных з ім «агентаў сусветнага закулісся». Але думаю, хутка больш актыўна зоймуцца пошукамі «ўнутранага ворага», яго развянчаннем і пакараннем. Думаю, гэта адбудзецца перад выбарамі 2018 года. Але ж праблемы гэта не развязвае.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках