19 траўня 2024, Нядзеля, 15:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Як будзем выплачваць крэдыт – паняцця не маем»

40
«Як будзем выплачваць крэдыт – паняцця не маем»
Фота: Reuters

Шматдзетную сям'ю пакінулі без дзяржпадтрымкі і з крэдытам пад 19%.

У беларусаў склалася перакананне, што ў нашай краіне ўсе шматдзетныя сем'і могуць разлічваць на падтрымку дзяржавы пры будаўніцтве жылля. Калі нараджаецца трэцяе дзіця – смела ўступай у будаўніцтва, бяры крэдыт, дзяржава выплаціць частку запазычанасці. На практыцы ўсё не так проста. Сям'я Юрыя і Наталлі атрымаць аднаразовую субсідыю не змагла праз тое, што пабудавалася не ў той чарзе. Сям'я дайшла да Вярхоўнага суда, але і суды пастанавілі, што ім нічога не належыць, піша tut.by.

«Узялі крэдыт пад 21%, разлічваючы на дапамогу дзяржавы, якую яна нам абяцала»

На ўліку для паляпшэння жыллёвых умоваў Юрый стаіць з 1989 года. Мужчына ажаніўся, склад сям'і змяніўся, і ў чарзе ён з часам стаў пазначаны як сям'я з пяці чалавек: ён, жонка і трое дзяцей. У кастрычніку 2015 года, пасля нараджэння малодшай дачкі, адміністрацыя Фрунзенскага раёна ўключыла сям'ю ў асобную чаргу шматдзетных сем'яў, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоваў. Гэта значыць, цяпер Юрый і Наталля стаялі ў дзвюх чэргах на паляпшэнне жыллёвых умоваў: у агульнай і ў чарзе шматдзетных.

Акрамя таго, сям'я належала да катэгорыі малазабяспечаных і, згодна з законам, магла разлічваць на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве або набыцці жылля.

– У 2016 годзе падышла наша чарга на будаўніцтва жылля ў агульным спісе тых, якія маюць патрэбу, і ў ліпені 2016 года адміністрацыя Фрунзенскага раёна накіравала нас на будаўніцтва двухпакаёвай кватэры плошчай 68 метраў у доме ў жылым квартале «Магістр» па вуліцы Скарыны ў Менску, – распавядае Наталля. – Мы пагадзіліся і ўзялі крэдыт у Беларусбанку пад 21%. Мы вельмі спадзяваліся, што, як і належыць у законе, дзяржава потым нам дапаможа і выдасць субсідыю на выплату часткі пазыкі. Тады гэта атрымлівалася 100 бюджэтаў пражытковага мінімуму – старымі грашыма 180 мільёнаў рублёў.

Згодна з пастановай Менгарвыканкама ад 22 студзеня 2016 года, дом № 52 у «Магістры» будавалі для тых, хто мае патрэбу праз накіраванне адміністрацыяў раёнаў без выкарыстання дзяржаўнай падтрымкі ў выглядзе льготнага крэдыту.

– У гэтай пастанове Менгарвыканкама было напісана толькі, што льготныя крэдыты пры будаўніцтве гэтага дома не выдаюць. Але пра выкарыстанне дзяржпадтрымкі ў выглядзе аднаразовых бязвыплатных субсідыяў не было ні слова, – кажа Наталля. – Таму пасля заключэння дамовы з забудоўнікам на будаўніцтва кватэры ў жніўні мінулага года мы падалі ў адміністрацыю Фрунзенскага раёна заяву на налічэнне аднаразовай бязвыплатнай субсідыі, на якую мелі права ўказам № 13.

У вылучэнні субсідыі выканкам сям'і адмовіў. Тлумачэнне здзівіла: дзяржпадтрымку не давалі, паколькі сям'я будавала кватэру ў агульнай чарзе, а не ў чарзе шматдзетных сем'яў. У чарзе шматдзетных, дарэчы, чарга сям'і на атрыманне субсідыі на той момант яшчэ не наступіла.

– Гэта ж нейкі абсурд. Якая розніца, у якой чарзе мы будавалі жыллё, калі мы шматдзетная сям'я і былі ёю, калі ўступалі ў будаўніцтва. Адміністрацыя гэта ведала, ведала, што мы будзем прэтэндаваць на субсідыю.

«Падставаў для вылучэння сям'і, якая адносіцца да катэгорыі шматдзетнай, аднаразовай субсідыі няма»

З Мінбудархітэктуры, куды сям'я звярнулася па тлумачэнні, прыйшоў адказ. Згодна з ім, на будаўніцтва жылля з выкарыстаннем субсідыяў шматдзетныя сем'і накіроўваюцца ў парадку чарговасці зыходзячы з часу прыняцця іх на ўлік тых, хто мае патрэбу, праз асобны спіс уліку шматдзетных сем'яў. У тым ліку, адміністрацыямі раёнаў бярэцца пад увагу характарыстыка жылля, якое будуецца – колькасць пакояў і агульная плошча. Адміністрацыяй Фрунзенскага раёна летась на будаўніцтва чатырохпакаёвых, трохпакаёвых і двухпакаёвых кватэраў накіроўвалі шматдзетных, якія былі ўключаныя ў спісы ўліку шматдзетных да 2013 года, аднапакаёвых – да 2014 года. А паколькі сям'я Юрыя і Наталлі была ўключаная ў гэтыя спісы ў кастрычніку 2015 года, іх чарга на будаўніцтва жылля з выкарыстаннем субсідыяў не падышла.

Таму «Мінбудархітэктуры з улікам звестак управы жыллёвай палітыкі Менгарвыканкама мяркуе, што падставаў для вылучэння сям'і, якая адносіцца да катэгорыі шматдзетнай, такога віду дзяржпадтрымкі (у выглядзе аднаразовай субсідыі – заўв.) на будаўніцтва вышэйпаказанага жылога памяшкання няма».

З такім тлумачэннем кіраўнік сям'і не пагадзіўся і падаў на адміністрацыю Фрунзенскага раёна ў суд. Але і раённы, і гарадскі, і нават Вярхоўны суд пастанову выканкама пакінуў у сіле. Вярхоўны суд скаргу на пастанову раённага суда не прыняў, напісаўшы, што суд абгрунтавана адмовіў у адмене пастановы адміністрацыі раёна, а «довады, што права на атрыманне субсідыі паўстала на падставе падыходу агульнай чаргі, не могуць быць прынятыя пад увагу, паколькі заснаваныя на няправільным разуменні закона».

– Калі раней мы маглі прэтэндаваць на фінансавую дапамогу ўказам № 585, то цяпер не можам прэтэндаваць увогуле ні на што. Гэты ўказ скасоўвацца, паводле новага – № 240 – выдаюць субсідыі толькі тым, хто толькі ўступае ў будаўніцтва. Гэта значыць, мы засталіся ні з чым, ды яшчэ і з велізарнымі адсоткамі ў крэдыце – цяпер стаўку знізілі з 21% да 19%, але гэта ўсё роўна шмат. Як будзем яго выплачваць, паняцця не маем – штомесячны плацёж будзе 800 рублёў, – кажа Наталля. – Пра нашу сітуацыю ведалі многія чыноўнікі: мы звярталіся ў Мінбудархітэктуры, Менгарвыканкам, саўмін, адміністрацыю Лукашэнкі і да «дэпутата» нашага акругі Дарафеевай – і абсалютна ўсе засталіся абыякавымі да нашай праблемы.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках