3 траўня 2024, Пятніца, 18:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады выштурхоўваюць ІП на вуліцу

56
Улады выштурхоўваюць ІП на вуліцу

Новы Падатковы кодэкс канчаткова зруйнуе бізнэс.

Мінфін анансаваў змены ў Падатковы кодэкс, якія могуць уступіць у сілу са студзеня 2018 года. Сярод новаўвядзенняў – абавязальніцтва фізічных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў падаваць цягам 30 дзён з дня адкрыцця звесткі пра рахункі за мяжой, а таксама вызначаны памежныя стаўкі адзінага падатку на ІП і фізічных асобаў.

Мяркуючы з некаторых памежных значэнняў, прапісаных у праекце, стаўкі могуць вырасці.

Улады не раз у цяжкую хвіліну запускалі руку ў кішэню да прадпрымальнікаў. Як на змены ў заканадаўстве адрэагуе беларускі бізнэс, які і так змагаецца за выжыванне – cайт Charter97.org пацікавіўся ў лідара прадпрымальніцкай арганізацыі «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі.

– Ці змогуць беларускія прадпрымальнікі застацца на плыву пасля падобных падатковых «нечаканак» ад уладаў?

– Калі казаць пра падаткі, то любое, нават малое павышэнне балюча адаб'ецца на прадпрымальніках. Такія суровыя рэаліі беларускага бізнэсу.

Сам законапраект прадугледжвае пашырэнне верхніх межаў стаўкі адзінага падатку на ІП. Вельмі важна, каб прадпрымальнікі рэагавалі на змены на месцах. Самі стаўкі абмяркоўваюцца на так званых мясцовых «саветах дэпутатаў». Механізм працуе такім чынам: падаткавікі перадаюць «дэпутатам» змены, а тыя ў сваю чаргу сцвярджаюць іх. На маёй памяці толькі адзін раз гэтая стаўка зніжалася, не думаю, што ў гэты раз адбудзецца тое самае.

Улады пачынаюць забывацца, што ёсць яшчэ і законы рынкавай эканомікі, якія нельга ўзяць і дастаць з галавы. Людзі проста не ў стане выдаткоўваць больш грошай на тавары, пакупніцкая здольнасць беларусаў на нулі. Зайдзіце на выходныя на рынкі – яны пустыя.

Як сябе павядуць беларускія прадпрымальнікі? Усё вельмі проста: павышаецца падатак – павышаецца кошт тавару, а пакупніцкая здольнасць насельніцтва застаецца на ранейшым узроўні. Беларуская эканоміка вельмі пакутуе праз адсутнасць гандлю і здаровай канкурэнцыі.

Калі гэтыя межы павышаюцца – мабыць, улады думаюць, што ў прадпрымальнікаў ёсць грошы.

– Што стаіць за ініцыятывай падаткавікоў абавязаць фізічных асобаў і ІП адкрываць цягам 30 дзён з дня адкрыцця звесткі пра рахункі за мяжой?

– Магу сказаць, што для людзей, якія працуюць з безнаяўнымі разлікамі, якія працуюць з замежжам, беларускае заканадаўства не робіць ніякай палёгкі. Тут праблема хаваецца ў падатковых мытах. Прадпрымальнік павінен аддаваць велізарныя сумы на размытненне тавару. Гэта прыводзіць да таго, што з'яўляюцца велізарныя цяжкасці з тым, каб прывезці добры тавар з-за мяжы. Можна б было зрабіць упор на якасць тавару, на разнастайнасць – але ўлады заганяюць нас у рамкі.

Хочаш заставацца на плыву – шукай дзе танней, едзь на рынкі РФ, апанаваныя таварамі сумнеўнай якасці з Кітая. А ў той самы час незразумела адкуль пастаўляюць на наш рынак тавар прадпрымальнікі з Сярэдняй Азіі. Гэтая з'ява асабліва б'е ў рэгіёны. Працуюць яны без дакументаў, без сертыфікатаў, касавых апаратаў і афармлення наёмнай працы. Вось вам і «здаровая» канкурэнцыя.

Таму цяпер для ІП, калі яны хочуць выжыць, прыйшоў час самаарганізоўвацца і адстойваць свае правы. Іншага выйсця, акрамя пратэсту, у іх няма.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, калі ў 2014 годзе мікра-, малых і сярэдніх арганізацыяў, якія займаюцца прыватным бізнэсам у Беларусі налічвалася 114 208 то ў 2016 годзе іх стала 107 382. Да прыкладу, калі сярэдніх арганізацыяў у краіне ў 2014 годзе было зафіксавана 2416, то ў 2016 годзе іх стала 2315. Лік мікра- і малых арганізацыяў за гэты перыяд скараціўся з 111 792 да 105 067.

У той самы час колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі зменшылася з 248 952 чалавек да 235 995 чалавек, гэта значыць стала менш амаль на 13 тысячаў ІП.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках