7 траўня 2024, aўторак, 15:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Менскам адгрымеў фестываль на 20 тысячаў чалавек

4
Пад Менскам адгрымеў фестываль на 20 тысячаў чалавек

Галоўнай супярэчнасцю «Року за Баброў» быў выступ на адной сцэне Міхалка і расейскага гурта «Чайф».

Што ты адкажаш на пытанне: "Чым табе запомніўся фестываль?", калі ў фестывалю ёсць якасны лайн-ап, але палову музыкаў ты слухаеш у чарзе па піва? Адказ відавочны! І праходзілі ж гэта летась, на "Року за Баброў 2016". Што ж зрабілі арганізатары на гэты раз? Пра гэта паведамляе "Еўрарадыё".

Праблема чэргаў у прыбіральню была развязаная геніяльна, у брытанскім стылі. Там адкрытыя пісуары, у якія нападпітку мужчыны могуць справіць малую патрэбу, стаяць наўпрост пасярод барных вуліцаў. На "Року за Баброў" такія стоечкі з'явіліся ў "прыбіральным" кластары. Спрацавала!

Але вось пазбавіць людзей ад бясконцага стаяння на фудкорце пад гарачым сонцам не атрымалася, нягледзячы нават на тое, што колькасць "піўных" кропак павялічылі разы ў тры. Агучаная Аляксандрам Памідоравым са сцэны лічба: 23 тысячы гледачоў – падобна, ні кроплі не перабольшаная. Пры увогуле нятанным квітку – 35 рублёў – лічба фантастычная. Але ў выніку, каб выпіць піва на піўным фэсце, людзям даводзілася праводзіць у чэргах гадзіны. Таксама без перабольшання.

Вы ўжо даруйце, што пачынаем з натуралістычных падрабязнасцяў. На самай справе, было крута: надвор'е цудоўнае, музыкі выходзілі на сцэну дакладна паводле графіка і выкладваліся на 100%, а публіка жыва падхоплівала хіты. Але запомніцца фестываль менавіта чэргамі...

Уладзімір Шахрын: "Я ў рэвалюцыі даўно нагуляўся"

Галоўнай супярэчнасцю "Року за Баброў" быў выступ на адной сцэне панк-рок-гурта Brutto, заснаванага Сяргеем Міхалком, які жыў тады ў фактычным выгнанні ва Украіне, і расейскага гурта "Чайф", удзельнікі якога падтрымліваюць дзеянні Расеі ў Крыме. Усяго два тыдні таму на акустычным канцэрце ў "Шаблях" Міхалок у адным з вялізных спічаў паміж песнямі назваў "Чайф" гаўняным гуртом. Таму сустрэчу музыкаў усе чакалі з цікавасцю.

Але арганізатары фестывалю зрабілі так, каб "Чайф" і Brutto не сустрэліся: у лайн-апе іх падзялілі дзве групы і дзве з паловай гадзіны. Пагутарыць з Сяргеем на тэму "Чайфу" ў Еўрарадыё не атрымалася – ён да журналістаў не выйшаў. Затое лідар "Чайфу" Уладзімір Шахрын – рокер старой загартоўкі – прыйшоў у прэс-цэнтр.

"Не зусім мая музыка, – адказвае лідар "Чайфу" на пытанне журналісткі "Белсата" пра гурт Brutto. – Я ў рэвалюцыі даўно нагуляўся... Гэта справа 20-гадовых, мне здаецца. Прычым нармальная такая справа, 20-гадовыя гэтым і павінны займацца. Яны яшчэ вераць, што дзесьці існуе ідэальная палітычная сістэма, ідэальны справядлівы свет. Я дык дакладна ведаю, што гэтага не бывае. Не было і ніколі не будзе. Свет надзвычай несправядлівы, але жыць у ім цікава".

Журналісты зазначаюць, што Сяргею Міхалку ўжо за сорак, але ён, здаецца, да гэтага часу верыць у рэвалюцыі.

"У сорак я ўжо дакладна ў гэта не верыў. Мне здаецца, у мяне гадоў у 29 скончылася гэтая гісторыя, калі я наіўна думаў, што трэба гэтага на гэтага памяняць – і раптам стане ўсё лепш. Нічога не стане лепш", – кажа ў адказ Шахрын.

Далікатна цікавімся, ці ёсць гурты, з якімі "Чайф" не стаў бы граць на адной сцэне.

"У мяне няма ніякіх прадузятасцяў з гэтай нагоды, – прадаўжае музыкант. – У канчатковым выніку ёсць наш час на сцэне, і мы будзем граць тое, што мы хочам граць. І, у прынцыпе, гэта нават збольшага цікава. У тых гуртоў, якія мне з нейкай прычыны не падабаюцца, ёсць аўдыторыя, якая, хутчэй за ўсё, ставіцца да нас гэтак сама. Але ў нас ёсць магчымасць выйсці на гэтую аўдыторыю і пераканаць іх".

Вядома, была велізарная спакуса спытаць у Шахрына, чый Крым. Але, паглядзеўшы ў добрыя вочы дзядзькі Вовы, журналісты зразумелі, што не трэба. І замест гэтага спыталі, як лідар "Чайфу" ставіцца да незалежнай Беларусі.

"Мы прывыклі, так, – адказаў ён. – Спачатку гэта здавалася трошкі дзіўным, але цяпер ні ў каго няма сумневаў у тым, што гэта асобная дзяржава. Але той узровень "памежнасці", які паміж намі цяпер ёсць, мяне абсалютна задавальняе. Яго практычна няма. У нас нават пашпарты не папрасілі! Мы выйшлі з самалёта, валізкі забралі і сышлі!"

"Каста" раптам апынаецца невыразнай – неяк не прагучаў расейскі хіп-хоп з беларускай сцэны. А вось Naviband, "Дай Дарогу!", Anacondaz, і "Сплін" чакана добрыя.

Становіцца крыху сумна, калі Васільеў мяняе гітару, каб спяваць нам яшчэ, але нехта шэпча яму нешта на вуха – і музыкант кланяецца, здымаючы інструмент з пляча. На чарзе хэдлайнеры "Року за Баброў" – Brutto – з самым доўгім сэтам – 1 гадзіна 20 хвілінаў.

Праграма "Double Hot" сталася не зусім "дабл": у ёй няма ні адной песні "ляпісаў", якой раней не выконвалі б Brutto. "Капітал", "Маніфест", "Матрёшка", "Рамонкі" – усё гэта перавандравала ў рэпертуар гурта Сяргея Міхалка значна раней, чым да назвы "Brutto" (верагодна, у маркетынгавых мэтах) дадалі "& Lyapis". Увогуле, "трубы былі", як і абяцалі афішы. Але гралі яны не тое, дзеля чаго варта было б пераймяноўваць "брыгаду рэвалюцыйнага чаду".

Brutto кажуць пра сябе: "Кроў з малатком!" – і ўбіваюць свае ЗОЖ-баевічкі ў гледачоў адзін за адным, практычна без паўзаў, як на трэніроўцы па кросфіту. Музыкаў у "брыгадзе" шмат, і часам аператар не адгадвае, каму на гэтай канкрэтнай песні не хапіла мікрафона. Тады мы бачым на экране, як хто-небудзь ходзіць па сцэне і смешна адкрывае рот.

Журналісты неўзабаве даведваюцца з трансляцыі канцэрта на АНТ, што "іх песні вось ужо два дзясяткі гадоў гучаць ва ўсёй краіне з усіх магчымых крыніцаў гуку". Як быццам і не было апошніх пяці гадоў. Быць дазволеным спеваком рэвалюцыі няпроста, тым больш – пасля сарака. Але Сяргей спраўляецца.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках