11 траўня 2024, Субота, 1:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы будзем даймаць Лукашэнку з Кіева»

12
«Мы будзем даймаць Лукашэнку з Кіева»
ФОТА: SVABODA.ORG

Актывістка Femen заявіла, што працягне змаганне за дэмакратыю ў Беларусі.

Украінскае правасуддзе кваліфікавала акцыю Femen «Жыве Беларусь» у Адміністрацыі прэзідэнта Украіны на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі як крымінальнае злачынства.

Падчас следства выканаўца - украінка Анжэліна Дыяш - на два месяцы пазбаўленая права на выезд за межы Кіева і краіны. Згодна з выракам суда, яна здала свой замежны пашпарт, але не мерыцца прыпыняць сваю грамадскую дзейнасць. Пра гэта яна паведаміла ў інтэрв'ю «Радыё Свабода».

ФОТА: SVABODA.ORG

- Як пачуваецеся пасля ночы ў ізалятары?

- Пачуваюся спустошанай, але не зламанай. Ніякага фізічнага ўздзеяння на мяне не было, але бралі зморам і да паўночы не дапускалі адваката. Але ўжо ўсё ў мінуўшчыне.

- Чым Вы займаецеся ў жыцці, і ці з'яўляецца Ваш удзел у Femen ідэалагічным выбарам?

- Гэта мой свядомы выбар, які я зрабіла вельмі даўно. І цяпер я разам з Femen змагаюся. А спэктар маіх заняткаў - вельмі шырокі і разнастайны: займаюся выкладаннем ангельскай мовы, здымаюся ў якасці мадэлі. Зрэшты займаюся творчасцю.

ФОТА: SVABODA.ORG

- Вы маеце нейкую сувязь з Беларуссю? Чаму менавіта Вы праводзілі гэтую акцыю?

- Я бывала ў Беларусі, у Гомелі. Я маю і сяброў з Беларусі, якія абураюцца тым, што каб паслухаць сваіх улюбёных беларускіх выканаўцаў, якія забароненыя ў Беларусі, яны вымушаныя ездзіць ва Украіну. Гэта абсалютная бязглуздзіца. Калі мне знаёмыя дызайнеры з Беларусі кажуць, што яны вымушаныя рабіць свае вырабы паводле дзяржаўных стандартаў. Прабачце, але мне здаецца, што беларусы жывуць вельмі ізалявана, пад нейкай сваёй жалезнай заслонай. Там на змену жорсткага рэжыму Савецкага Саюза адразу прыйшоў рэжым Лукашэнкі. Народ збяднеў, Беларусі патрэбна дэмакратыя, а не дыктатура! Таму я хацела дагрукацца да людзей, прывабіць увагу да гэтага, прадэманстраваць нашую грамадзянскую пазіцыю. А хто персанальна гэтую акцыю праводзіў - ужо не мае значэння.

- Пасля ночы ў ізалятары і падпісцы аб нявыездзе не шкадуеце пра свой учынак?

- Ведаючы гэтыя наступствы, я б усё адно правяла б гэтую акцыю. Падпіска аб нявыездзе - гэта паказальная, несправядлівая і няправільная пастанова. Але я б усё адно не адмовілася б ад гэтай акцыі. І нягледзячы на ўсё, я і далей буду пратэставаць і бараніць сваю грамадзянскую пазіцыю.

- Вы паспелі заўважыць рэакцыю прэзідэнтаў, калі Вас выводзілі з залы?

- Не, не паспела. Я да іх была спінай, але абавязкова потым пагляджу відэа. Разумею, што цяпер я наўрад траплю ў Беларусь, але мы будзем даймаць яго (Лукашэнку - заўвага) адсюль.

ФОТА: SVABODA.ORG

- У грамадстве, як у Беларусі, так і ва Украіне, па рознаму паставіліся да Вашай акцыі.

- Калі мы рыхтавалі гэтую акцыю, мы сабраліся з дзяўчатамі і наважылі, што на грудзях будзе менавіта надпіс «Жыве Беларусь». Бо цяпер, фактычна, краіна не жыве. Я ўважаю гэты надпіс за вельмі ўдалы. Вядома, што не хацелася пераходзіць на асабовыя абразы, бо ўсе і так усё разумеюць. Гэта было выяўленнем нашай падтрымкі грамадзян, мы хацелі паказаць, што яны не адны.

- Вядома, што Вы патрапілі ў Адміністрацыю прэзідэнта з журналісцкім пасведчаннем. Можаце паведаміць падрабязнасці?

- Гэта наш маленькі сакрэт. Мы заўсёды трапляем туды, куды мы хочам.

- А не баіцеся, што падчас следства Вам будзе выстаўленае дадатковае абвінавачанне ў падробцы дакументаў?

- Пажывем - пабачым. Вядома, могуць зрабіць усё што хочаш.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках