4 траўня 2024, Субота, 17:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Блізкім Усходзе зноў горача

3
На Блізкім Усходзе зноў горача

Ці чакаць наступнага канфлікту ў гэтым рэгіёне.

Вызваленне Масула не заканчвае вайну, а толькі пачынае яе новы этап. Блізкі Усход паглыбіўся ў палітычны хаос надоўга, мяркуе Ёшка Фішэр, лідар Партыі зялёных, былы міністр замежных справаў і віцэ-канцлер Нямеччыны, піша liga.net.

Дзякуючы вызваленню Масула ў паўночным Іраку Ісламская дзяржава (ІДІЛ) можа неўзабаве сысці ў гісторыю. Але разгром ІДІЛ і крах ягонага самаабвешчанага ірака-сірыйскага халіфату не прынясе міру на Блізкі Усход і нават не скончыць з трагедыяй у Сірыі. З усяго відаць, адкрыецца новая частка ў крывавай і хаатычнай гісторыі рэгіёну, якая будзе не менш небяспечнай, чым папярэднія часткі, напісаныя пасля падзення Асманскай імперыі ў канцы Першай сусветнай вайны.

Прадаўжэнне гвалту выглядае амаль гарантаваным, паколькі рэгіён па-ранейшаму не здатны развязваць унутраныя канфлікты самастойна або ствараць нейкае падабенства стабільнай мірнай сістэмы. Наадварот, ён не можа вырвацца з пасткі, затрымаўшыся ў часе дзесьці паміж XIX і XX стагоддзямі.

Заходнія дзяржавы наўрад ці можна называць невінаватымі ў бедах Блізкага Усходу. Любая згадка пра пагадненне Сайкса-Піка, дзякуючы якому Вялікая Брытанія і Францыя падзялілі тэрыторыі былой Асманскай імперыі, да гэтага часу выклікае такое шаленства ў арабскім свеце, як быццам гэты план, таемна распрацаваны ў 1916 годзе, быў прыдуманы толькі ўчора.

Мы не павінны забывацца і пра ролю царскай Расеі ў гэтым рэгіёне. Яе пераемнік, Савецкі Саюз, а таксама спаборнік СССР у "халоднай вайне", Злучаныя Штаты, пасля Другой сусветнай вайны пачалі ўласную палітыку актыўнага ўмяшання.

Больш за тое, ЗША, напэўна, больш за ўсіх астатніх паспрыялі цяперашняму хаосу ў рэгіёне. Інтарэсы Амерыкі на Блізкім Усходзе першапачаткова дыктаваліся яе патрэбамі ў нафце. Але калі пачалася "халодная вайна", эканамічныя інтарэсы хутка змяніліся стратэгічнымі – не дапусціць з'яўлення антызаходніх, прасавецкіх урадаў. Менавіта тады імкненне Амерыкі захаваць за сабой вызначальны ўплыў у рэгіёне прывяло да стварэння цеснага партнёрства ў сферы бяспецы з Ізраілем, а потым да дзвюх буйных ваенных інтэрвенцыяў – дзвюх войнаў у Заліве супраць Ірака Садама Хусэйна.

Амерыканскае ўмяшальніцтва ў Афганістан таксама мела глыбокія наступствы для Блізкага Усходу. Паўстанцы, якіх ЗША падтрымлівалі ў 1980-я гады і якія выступалі супраць савецкай акупацыі пад сцягам джыхаду, ператварылі двух блізкіх хаўруснікаў ЗША – Пакістан і Саудаўскую Аравію – у стратэгічную пагрозу. Гэта стала відавочна 11 верасня 2001 года, калі апынулася, што 15 з 19 тэрарыстаў, адпраўленых "Аль-Каідай", былі грамадзянамі Саудаўскай Аравіі. Тым часам Пакістан стварыў рух "Талібан", які стаў для "Аль-Каіды" прыстанкам для планавання нападаў на ЗША і Захаду.

Поспех першай вайны ў Заліве, распачатай у студзені 1991 года прэзідэнтам Джорджам Бушам-старэйшым, быў фатальна падарваны праз 12 гадоў ягоным сынам, прэзідэнтам Джорджам Бушам-малодшым: ягоная вайна ў Заліве прывяла да рэгіянальнай катастрофы, якая доўжыцца да гэтага часу. Калі Буш-старэйшы пераследаваў абмежаваную задачу вызвалення Кувейта і не імкнуўся змяніць рэжым у Іраку, то мэты ягонага сына былі нашмат больш амбіцыйныя.

Ідэя заключалася ў тым, каб скінуць Садама Хусэйна і стварыць дэмакратычны Ірак, які стаў бы каталізатарам буйнамаштабных пераменаў на ўсім Блізкім Усходзе і ператварыў яго ў дэмакратычны, празаходні рэгіён. У адміністрацыі Буша-малодшага імперскі ідэалізм узяў верх над прагматычным рэалізмам. Гэта прывяло да бясконцай дэстабілізацыі Блізкага Усходу ў цэлым, а таксама дапамагло Ірану апынуцца ў спрыяльнай пазіцыі для пашырэння свайго ўплыву.

Пасля разгрому Ісламскай дзяржавы наступная частка гісторыі Блізкага Усходу будзе вызначацца развіццём адкрытай, прамой канфрантацыі за рэгіянальнае панаванне паміж суніцкай Саудаўскай Аравіяй і шыіцкім Іранам. Да гэтага часу гэты даўно прытлелы канфлікт развіваўся падспудна, не наўпрост. Дзве глабальныя дзяржавы, якія актыўна ўдзельнічаюць у справах рэгіёну, у гэтым канфлікце сябе ўжо выразна пазіцыянавалі: ЗША ўсталі на адзін бок з Саудаўскай Аравіяй, а Расея – з Іранам.

Цяперашняя "вайна супраць тэрору" будзе ўсё больш саступаць месца гэтаму канфлікту за гегемонію. Пасля таго як Саудаўская Аравія і яе чатыры суніцкія хаўруснікі абвесцілі пра ізаляцыю Катара, што часткова было выклікана цеснымі сувязямі Катара з Іранам, гэты канфлікт дасягнуў свайго першага патэнцыйна крытычнага моманту, прычым у самым цэнтры рэгіёну – у Персідскім заліве.

Любая прамая ваенная канфрантацыя з Іранам, вядома, стане пажарам для ўсяго рэгіёну, маштабы якога нашмат перасягнуць усе папярэднія войны на Блізкім Усходзе. Акрамя таго, паколькі пажар у Сірыі яшчэ тлее, а Ірак саслаблены сектанцкай барацьбой за ўладу ў краіне, а ІДІЛ або яго якая-небудзь новая рэінкарнацыя, з усяго відаць, захавае актыўнасць.

Яшчэ адным чыннікам дэстабілізацыі стала зноў адкрытае "курдскае пытанне". Курды – народ без дзяржавы – даказалі, што з'яўляюцца надзейнымі байцамі супраць ІДІЛ, і хочуць выкарыстоўваць сваю новую палітычную і ваенную сілу, каб дамагчыся прагрэсу на шляху да аўтаноміі альбо нават да незалежнай дзяржавы. Для тых краінаў, якіх гэта тычыцца (у першую чаргу, вядома, Турцыі, але таксама Сірыі, Ірака і Ірана), гэтае пытанне патэнцыйна можа стаць падставай да вайны (casus belli), таму што гаворка ідзе пра іхнюю тэрытарыяльную цэласнасць.

На фоне ўсіх гэтых неразвязаных пытанняў і эскалацыі канфлікту за гегемонію паміж Іранам і Саудаўскай Аравіяй наступная частка гісторыі рэгіёну абяцае стаць якой заўгодна, толькі не мірнай. Так, ЗША, магчыма, зрабілі з іракскай катастрофы выснову пра тое, што яны не змогуць перамагчы наземную вайну на Блізкім Усходзе, нягледзячы на сваю велізарную перавагу ў ваеннай сіле. Прэзідэнт Барак Абама спрабаваў вывесці амерыканскія войскі з рэгіёну, што апынулася цяжка зрабіць і з палітычных, і з ваенных прычынаў. Менавіта таму ён адмовіўся ад ваеннага ўмяшання – нават з паветра – у грамадзянскую вайну ў Сірыі, стварыўшы вакуум, які хутка запоўніла Расея (з усімі вядомымі наступствамі).

Пераемнік Абамы, Дональд Трамп, таксама абяцаў падчас перадвыбарчай кампаніі сысці з рэгіёну. А пасля выбараў ён ударыў у Сірыю крылатымі ракетамі, узяў на сябе больш шырокія абавязальніцтвы перад Саудаўскай Аравіяй і яе хаўруснікамі, а таксама ўзмацніў канфрантацыйную рыторыку Амерыку ў дачыненні да Ірана.

Трампу відавочна трэба будзе яшчэ шмат чаму вучыцца ў тым, што тычыцца Блізкага Усходу, а гэты рэгіён не будзе чакаць, пакуль ён асвоіць гэтую навуку. Для аптымізму няма ніякіх прычынаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках