5 траўня 2024, Нядзеля, 1:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску школьнікаў кармілі пратэрмінаванымі кандытарскімі вырабамі з алкаголем

10
У Віцебску школьнікаў кармілі пратэрмінаванымі кандытарскімі вырабамі з алкаголем

Дзяржкантроль выявіў шэраг абуральных парушэнняў арганізацыі харчавання школьнікаў.

Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці выявіў шэраг абуральных парушэнняў арганізацыі харчавання школьнікаў ААТ «Вітміл» у Віцебску і ААТ «Ворша-Сэрвіс» у Воршы, паведамляе news.vitebsk.cc.

Так, напрыклад, ААТ «Вітміл» прадавала школьнікам Віцебска кандытарскія вырабы, якія былі вырабленыя з выкарыстаннем алкагольных напояў. Толькі за два першыя месяцы 2017 года ў школах рэалізавалі 660 кілаграм такіх прысмакаў на суму 4 800 рублёў.

З 17 лістапада 2016 года да 27 сакавіка 2017 года гэтым жа акцыянерным таварыствам выпушчана і прададзена дзецям 693,55 кілаграм пірожных «Нюша», пры вырабе якіх выкарыстоўваўся канцэнтрат «Бісквіт» са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

Таксама пры вырабе пірожных, тартоў, печыва і мучных прысмакаў ААТ «Вітміл» не выконваліся патрабаванні ўключэння ў іх склад патрэбнай сыравіны (не былі ўключаныя патака крухмальная, пудра ванільная, садавіна свежая, амоній вуглякіслы), прадугледжанага тэхналагічнымі картамі.

Усяго вырабілі і рэалізавалі такіх кандытарскіх вырабаў, якiя не адпавядалі патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, на суму 87 200 рублёў.

Праверкі выявілі, што асноўная мэта для забеспячэння названымі суб'ектамі разнастайнага, збалансаванага і якаснага харчавання не была дасягнутая. Пры абслугоўванні навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў 2016 годзе і I квартале 2017 года не забяспечана выкананне натуральных нормаў харчавання.

Самы нізкі ўзровень выканання нормаў харчавання адзначаны ў наступных назвах прадуктаў: ААТ «Вітміл» - у тварагу (54%), соку (65%), смятане (71%), малацэ і малочных прадуктаў (74%), яйках і гародніне (75 %) ды іншым; ААТ «Ворша-Сэрвіс» - кандытарскім вырабам (48%), смятане (58%), тварагу (60%), сыру (72%) ды іншым.

Абедзве правераныя арганізацыі неаднаразова ўключалі ў меню адны і тыя ж стравы цягам некалькіх дзён запар; з перавышэннем абмежавання выдаваліся стравы з выкарыстаннем каўбас і сасісак вараных; у буфетах штодня вёўся продаж мучных страў з выкарыстаннем каўбасных вырабаў (піцы, смажанкі, сасіскі ў цесце, аладкі, слойкі з каўбасой, бутэрброды з каўбасой і іншыя такія вырабы) пры наяўнасці абмежаванняў - не больш за два разы на тыдзень.

Таксама было выяўлена, што не адпавядалі рэкамендаваным нормам і фактычныя аб'ёмы (масы) страў. Напрыклад, у сталовай гімназіі №1 Воршы ў траўні навучэнцам пры атрыманні двухразовага харчавання ні разу цягам месяца ў якасці трэціх страў не выдавалася малако (за выключэннем какавы з малаком і кававага напою з малаком) і кісламалочныя напоі; а ў меню сярэдняй школы №16 Воршы ў красавіку пры арганізацыі двухразовага харчавання кефір і малако ўключаліся ў меню толькі 2 разы замест прадугледжанага штодзённага ўключэння іх у рацыён навучэнцаў.

Высветлілася, што навучэнцам 6-10, 11-13, 14-17 гадоў памяншаліся нормы выхаду асноўных страў - катлеты, біточкі, шніцалі, кашы - і пры гэтым выдаваліся вялікія порцыі хлеба, які на сняданак і на абед заўсёды ўключаўся ў меню па 30 грам двух тыпаў, што ў 1,5 разы больш выхаду хлеба на меню для дарослых.

Як паказала праверка, праз парушэнні тэхналогіі падрыхтоўкі страў і іх аднастайнасці школьнікі часцяком не з'ядалі свае порцыі. У выніку на харчаблокі вярталіся катлеты, кашы, хлеб, садавіна, а некаторыя стравы дзеці наогул адмаўляліся есці.

Акрамя таго адзначаны недастатковы ўзровень матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння аб'ектаў харчавання і аб'ектаў гандлю ва ўстановах сярэдняй адукацыі. Мае высокую ступень знос абсталявання. Асобнага абсталявання не стае.

Так, у 7 аб'ектах ААТ «Ворша-Сэрвіс» выяўлены парушэнні санітарных нормаў і правілаў у частцы неправядзення своечасовага рамонту памяшканняў, выкарыстання забруджанага і схільнага да карозіі абсталявання ды інвентару, посуду са сколамі і расколінамі, захоўвання прадукцыі з парушэннем тэмпературных умоў, адсутнасці інфармацыі пра тэрміны прыдатнасці, рэалізацыі падгарэлай гатовай прадукцыі ды іншыя.

Аналагічныя парушэнні санітарных правілаў устаноўленыя і пры праверцы 5 школьных сталовых ААТ «Вітміл».

Па выніках праверак 29 работнікаў і суб'екты гаспадарання, вінаватыя ў дапушчаных парушэннях, прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, яшчэ 26 чалавек - да дысцыплінарнай.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках