11 траўня 2024, Субота, 1:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыгоды беларусаў за мяжой

5
Прыгоды беларусаў за мяжой
ФОТА З САЙТУ TOURRADAR.COM

Жыхары сталіцы распавялі аб сваіх «незабыўных» падарожжах.

«Прыходзім, а транспарту нашага няма», – менчукі распавялі citydog.by гісторыі пра свае прыгоды за мяжой. І прыгоды – гэта не проста «з'ездзілі ў суседняе мястэчка на закупы».

ВОЛЬГА (23): «ВІНАВАЦІМ КІРОЎЦУ, АЛЕ ДОВАДАЎ НЯМА»

– Неяк мы з хлопцам паехалі ў Нямеччыну ў моладзевы лагер. Да лагера ад вакзала ў Нямеччыне меліся дабрацца самастойна. Я выбрала складаны, але танны маршрут – з вялікай колькасцю аўтобусных перасадак. Як ні дзіўна, туды мы дапялі добра. І адпачылі добра.

Са спакойнай душой таму мы выбралі рыхтык такі ж шлях. Маршрут быў даволі цяжкі, мы моцна стаміліся і, вядомая рэч, заснулі. Пашпарты, грошы і тэлефон паклалі ў сетку крэсла перад намі, у той момант так здавалася надзейней.

Мы праспалі да самага Бэрліна – нас даслоўна абудзілі на вакзале, мы выскачылі з аўтобуса як агню хапіўшы. Так і засталіся без пашпартоў, грошай і тэлефона. Адразу пачалі шукаць той аўтобус, а ён ужо паехаў на стаянку. Потым мы знайшлі на вакзале службу, якая прадае квіткі на гэты аўтобус, звярнуліся да іх, яны далі нам тэлефон, і мы змаглі звязацца з аўтобусам. Сказалі, што аўтобус вернецца на вакзал праз паўгадзіны. Аўтобус прыехаў, мы пазналі кіроўцу, паказалі яму месца, дзе мы сядзелі, куды паклалі дакументы і тэлефон. Ён паціснуў плячыма. Мы спыталі, хто яшчэ быў у аўтобусе, акрамя яго. Ён сказаў, што толькі прыбіральшчыца – і ўсё.

Але я бачыла, што выходзілі мы апошнімі, таму нашы рэчы ўзялі, мабыць, не пасажыры! Вінавацім кіроўцу, але довадаў няма. Кіроўца сцвярджаў, што іх там не было, што мы ўсё-такі іх згубілі, але мы абодва ведаем, што пакінулі іх у аўтобусе. Гэта потым ужо нам сказалі, што ў Бэрліне ёсць попыт на пашпарты на чорным рынку, ну і грошы ж там разам былі.

Праз тую ж транспартную кампанію мы затэлефанавалі дадому ў Менск. Сваякі знайшлі амбасадара Беларусі ў Бэрліне, які прыехаў па нас на вакзал і забраў. Ён нам вельмі дапамог, вазіў у арганізацыйных пытаннях, акрамя таго, дапамог зрабіць пасведчанні аб вяртанні на радзіму, пакарміў, прытуліў на два дні, купіў квіткі на аўтобус. Мы яму дагэтуль удзячныя.

Калі дакументы былі гатовыя, мы паехалі на вакзал купляць новыя квіткі. Быў рэйс на Eсоlines, а гэтая арганізацыя пры пасадцы ў аўтобус правярае пашпарты. Нас не пусцілі ў аўтобус, бо мы нібыта не маем віз, мы ж атрымалі новыя дакументы. Давялося ўзяць квіток на ўжо трэці аўтобусны рэйс на наступны дзень і спадзявацца, што хоць там пусцяць. Гэта ўжо быў Eurolines, і мы зайшлі без праверкі пашпартоў. У выніку магу сказаць, што зрабілі слушна, калі звярнуліся ў амбасаду, інакш не ведаю, што б мы рабілі. Яшчэ можна было даехаць да Вільні без пашпарта, а ўжо там і да дома бліжэй, і грошы на квіткі, набытыя зарання, не змарнавалі б.

АЛЯКСЕЙ (42): «МІЛІЦЫЯ ПАСЛАЛА ДА МАФІІ»

– Наважылі мы з сябрамі адпачыць у Балгарыі. Паехалі самастойна на мікрааўтобусе, утрох не страшна. Запланавалі маршрут, за стырном сядзелі напераменку. Даехалі да Варны і падумалі: чаму б не з'ездзіць у Турцыю на пару дзянькоў? Паехалі купляць квіткі на паром, мікрааўтобус пакінулі на стаянцы.

Схадзілі да білетных кас, выявілася, што на квіток нам не стае, наважылі вярнуцца ў аўтобус і ўзяць больш грошай. Прыходзім, а транспарту нашага няма. Адразу, вядома, пайшлі шукаць паліцыю, патлумачылі сітуацыю. У паліцыі нас выслухалі, паківалі галавой і параілі падысці да аднаго гатэлю, сказалі, што там да нас хтосьці падыдзе. І сапраўды, да нас там падышлі мужчыны, з іхняй увагі мы адразу зразумелі, што гэта нейкая мафія – з ланцугамі на шыі і ў квяцістых шортах. Яны запатрабавалі за аўтобус нейкі спрэс надмерны выкуп – так мы засталіся без транспарту і грошай.

Добра, што засталіся грошы, за якія меліся купіць білет на паром, пашпарты таксама былі пры нас. А куфры і пасведчанні кіроўцы засталіся ў мікрааўтобусе. Нам выстачыла грошай на квіткі на цягнік. У цягніку пашанцавала з правадніцамі, яны нас падкормлівалі, бо на ежу б дакладна не выстарчыла. Так і вярнуліся ў Беларусь.

БАРЫС КАПІТАНАЎ (26): «НУ, І ПАРУ ДЗЁН ГАЛАДАЎ, ТАК»

– Было гэта ўлетку 2014-га. Я паехаў у Віцебск да сяброў-мастакоў. У той жа час да іх заехаў іхні знаёмец з Пецярбурга, які прыехаў да сваякоў у Беларусь, а потым збіраўся аўтаспынам на Байкал. Так, вось такая дзіўная геаграфія – на Байкал праз Беларусь.

Я да гэтага ніколі не ездзіў аўтаспынам, але вельмі хацеў паспрабаваць. Мая мама з Сібіры, бабуля нарадзілася на Далёкім Усходзе, я таксама хацеў пабачыць тыя мясціны, адкуль яны родам. А тут акурат можна было і аўтаспынам паездзіць, і выправу зладзіць сабе. Грошай узяў трохі, блізка 50 даляраў, траціна з якіх пайшла ў Маскве на тату.

Пад Байкалам грошы скончыліся. Напярэдадні я прачытаў пару кніжак накшталт «Цуд галадання» Поля Брэга і «Сідхартха» Германа Гесэ. Першы вучыць, што галадаць карысна для цела, другі – для душы. Калі ў мяне скончыліся грошы, я прыкладна гэта і расказваў людзям, якія мяне падвозілі. Шмат хто рабіў вочы па яблыку, і ў мяне жывасілам запіхвалі позы (гэта такія бурацкія калдуны). Ну, нічога, думаў я, пагаладаю наступны раз.

На Байкале я пражыў толькі тыдзень. Жылі мы ў намёце, у мяне нічога ня скралі, красці ж не было чаго, я жыў на выспе Альхон. Вова, з якім мы ехалі, вёз і таблет, і кампутар. Ён гэта ўсё пакідаў у царкве на сховань (смяецца). На Байкале грошай у мяне не было наогул, але, чым крытычнейшы быў момант, тым больш мне шанцавала, падкручвалася нейкая праца. Напрыклад, дапамог кіроўцу разладаваць цэглу, а ён сам грошы совае і кажа, што так трэба. Дапамагаў самаход з пяску дастаць. Не мог я не дапамагчы. Таксама нейкі шэлег далі. Заўсёды былі такія сітуацыі. Ашчадна выдаткоўваў заробленыя грошы, прыкладна даляр на дзень. Купляў самыя танныя крупы, ваду браў з Байкала. Усім раю, вельмі смачная.

Ну, і пару дзён галадаў, так. Карацей, падарожжа было цікавае. Цяпер я так рэдка выбіраюся. Ды і ў Менску мне няблага, маю цікавую працу – выкладаю бітбокс.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках