9 траўня 2024, Чацвер, 3:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-мэнэджары Беларусбанка пагарэлі праз ананімку

26
Топ-мэнэджары Беларусбанка пагарэлі праз ананімку
Фота: tut.by

Цікавыя падрабязнасці ўсплылі падчас допыту ў судзе сакратаркі былога першага намесніка кіраўніка ўправы банка.

Ліст Камітэта дзяржкантролю з прыкладзеным ананімным лістом пра закупкі падліковых машынаў нібыта паводле завышаных коштаў паслужыў штуршком для распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да былых кіраўнікоў Беларусбанка.

Гэта высветлілася 27 ліпеня падчас допыту ў судзе сакратаркі былога першага намесніка кіраўніка ўправы Беларусбанка Генадзя Гаспадарыка Таццяны Пяхоты, паведамляе tut.by.

Пяхота ахарактарызавала свайго боса «як выдатнага і адказнага кіраўніка, прыстойнага чалавека, працаголіка». Яна прызналася, што перыядычна здымала грошы з картак Гаспадарыка. «Сумы былі невялікія, да 4-5 млн рублёў старымі. Магчыма, у камандзіроўкі трэба было яму або на набыткі нейкія», – патлумачыла яна.

– Адсоткі ў аблігацыях атрымлівалі за яго? – пацікавіўся дзяржабвінаваўца.

– Генадзь Сяргеевіч атрымаў ад горада кампенсацыю за знос гаражоў, грошы перавёў у аблігацыі. Сума была значная, блізу 40 тысячаў даляраў. Адсоткі з іх магла зняць. Калі набывала валюту – не больш за 200 даляраў. Сабе набывала і яму магла.

На пытанне, ці часта Цырто заходзіў, сакратарка адказала – "як усе".

– Бізнэсмэн Бучнеў вам знаёмы?

– Знаёмы, прыкладна ў 2012 годзе, мы ўжо былі ў новым будынку галаўнога офіса, Цырто яго прывёў да Генадзя Сяргеевіча знаёміцца.

– Доўга былі ў кабінеце?

– Не памятаю. Пры мне ён больш не прыходзіў. Было ад яго пару тэлефанаванняў потым.

– Ці вядома вам пра паступленне інфармацыі ад КДК пра незаконную дзейнасць супрацоўнікаў банка, у тым ліку Цырто, пры набыцці абсталявання?

– Так, было паведамленне, ліст КДК з прыкладзеным ананімным лістом пра закупкі падліковых машынаў нібыта паводле завышаных коштаў. Пра разгляд мне нічога не вядома. Ад Бучнева ў гэты перыяд тэлефанаванняў не было.

– Факты з ананімнага паведамлення пацвердзіліся?

– Не, Генадзь Сяргеевіч не мог такога здзейсніць, ён падпісваў дакументы пра закупкі, калі там ужо былі ўсе візы. Беларусбанк – не шарашкава кантора, каб можна было на некага паўплываць.

Раней у судзе пачалі даваць паказанні супрацоўнікі Беларусбанка. Усяго ў спісе сведак – 46 чалавек, матэрыялы справы складаюць больш за 10 тамоў.

Гаспадарык, затрыманы ў чэрвені летась, абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 і ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару альбо ў асабліва буйным памеры, альбо арганізаванай групай, альбо асобай, якая займае адказнае становішча», максімальныя санкцыі паводле гэтага артыкула – ад пяці да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці), а таксама ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (часткі 2 і 3 артыкула 424).

Паводле звестак следства, Гаспадарык у 2010–2015 гадах атрымаў хабару на суму больш за 215 тысячаў даляраў. Адкаты былі ад некалькіх кампаніяў (у справе ў большасці эпізодаў фігуруе іхні прадстаўнік Аляксандр Бучнеў) за перамогу ў тэндарах на пастаўку банкаўскага абсталявання.

Паводле ўсіх сямі эпізодаў, звязаных з атрыманнем хабару, абвінавачаны прызнаў сваю віну. А вось абвінавачванні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі Гаспадарык не прызнаў.

Цырто падазраецца ў здзяйсненні тых самых злачынстваў, што і Гаспадарык, а таксама ў даванні хабару (частка 2 артыкула 431), падбухторванні да давання хабару (частка 5 артыкула 16 і частка 2 артыкула 431). Сума атрыманых хабараў – блізу 500 тысячаў даляраў. Мікалай Цырто заявіў, што сваё стаўленне да абвінавачванняў ён выкажа ў ходзе допыту.

Паводле інфармацыі КДБ, Генадзь Гаспадарык быў затрыманы ў сярэдзіне чэрвеня ў момант атрымання хабару памерам 14 тысячаў даляраў. Пазней кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што рэальныя сумы, атрыманыя топ-мэнэджарам Беларусбанка ў якасці хабару, «нашмат большыя».

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках