4 траўня 2024, Субота, 14:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саўчанка: Беларусь забірае ваду з азёр Валыні

24
Саўчанка: Беларусь забірае ваду з азёр Валыні
НАДЗЕЯ САЎЧАНКА
ФОТА: REUTERS

Народная дэпутатка Украіны распавяла аб тэрытарыяльных прэтэнзіях да Беларусі.

Народная дэпутатка Украіны Надзея Саўчанка распавяла пра тое, што збіраецца балатавацца ў прэзідэнты Украіны. Яна прызналася, што ўзроўню яе ўлады не стае для таго, каб развязваць пытанні «ўзроўню прэзідэнта», у тым ліку - і прэтэнзіі да Беларусі. Інтэрв'ю дэпутаткі было апублікаванае ў выданні «Главком».

«Вялікая праблема: улады я не адчуваю. Праблемы, якія мне зараз прыносяць людзі, - пытанні ўзроўню прэзідэнта: дэмаркацыя мяжы з Беларуссю, якую пачаў Кучма і падпісаў Януковіч, прайшла несправядліва - мы страцілі 100 метраў сваёй зямлі», - распавяла яна ў інтэрв'ю.

Нагадаем, апошнія гады на беларуска-ўкраінскай мяжы вядуцца дэмаркацыйныя работы (правядзенне лініі дзяржаўнай мяжы на мясцовасці з абазначэннем яе спецыяльнымі памежнымі знакамі). Яны накіраваны на тое, каб і Беларусь, і Украіна атрымалі міжнародна прызнаную дзяржаўную мяжу. Абедзве краіны зацвердзілі палажэнні аб дэмаркацыі, паводле якіх беларуска-ўкраінская мяжа застаецца на той жа лініі, якая была ўстаноўленая пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, а Заходняй Украіны - да УССР.

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі не раз адзначалі, што падчас дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай мяжы ўзнікаюць непаразуменні. Напрыклад, у 2016 годзе ў Валынскай вобласці мясцовыя жыхары выказвалі незадаволенасць з нагоды правядзення дэмаркацыйных работ беларускім бокам. На думку людзей, дэлімітацыя ўкраінска-беларускай мяжы была праведзеная няправільна, таму і пачалі перашкаджаць гэтаму працэсу. Праблемным участкам стаў Жароўскі канал, які праходзіць уздоўж мяжы. Паводле адной з версій, на самай справе прычынай незадаволенасці мясцовых жыхароў з'яўляецца «не абарона нацыянальных інтарэсаў, а неабходнасць браць з канала ваду для мыцця бурштыну».

Панаракала Надзея Саўчанка і на тое, што яе ўлады не стае для таго, каб разабрацца з азёрамі Валыні.

«Азёры Валыні спусташаюцца, яны аддаюць ваду для арашэння палёў Беларусі. У мяне няма той улады, каб я магла развязаць такія праблемы. Улады, якую маю, не стае для навядзення парадку ў краіне», - паведаміла народная дэпутатка.

Імаверна, Саўчанка мела на ўвазе Шацкія і Ратнаўскія азёры. У 2013 годзе ва Украіне заявілі пра тое, што ім пагражае Хаціслаўскі кар'ер па здабычы пяску ў Беларусі, які распрацоўвала адна з кампаній холдынгу «Трайпл».

«Узровень вады ў найбліжэйшых да беларускай мяжы азёрах знізіўся ў сярэднім на паўтара метра, канстатуюць украінскія навукоўцы, якія сочаць за імі больш за 10 гадоў», - паведамлялі ўкраінскія СМІ.

Са слоў украінскіх эколагаў, абмялення азёр выклікана распрацоўкай кар'ера. Аднак прэтэнзіі да беларускага боку зыходзілі толькі ад іх.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках