5 траўня 2024, Нядзеля, 5:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чарговы скандальны ўказ

131
Чарговы скандальны ўказ

Чым пагражае людзям пастанова Лукашэнкі асвойваць радыеактыўную зону.

У адпаведнасці з указам №259, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 27 ліпеня, ушчыльную да радыёактыўнай зоны можна будзе вырошчваць сельгаспрадукцыю і пасвіць жывёлу.

Паводле інфармацыі прэс-службы ўрада, гэты ўказ «будзе спрыяць вядзенню гаспадарчай дзейнасці» паблізу межаў запаведніка. Указ узгаднілі ўсе зацікаўленыя дзяржаўныя органы, піша «Заўтра тваёй краіны».

«Як можна прымаць пастанову, калі навукоўцы не зрабілі высновы і не праведзеныя даследаванні?»

Фізік, кандыдат тэхнічных навук, адказны сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета СССР у расследаванні прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ацэнцы дзеянняў службовых асоб у пасляаварыйны перыяд Юрый Варонежцаў не разумее, як растлумачыць скасаванне ахоўнай зоны з пункту гледжання логікі.

- Больш за 20 гадоў таму навукоўцы былога СССР, а таксама экспэрты сусветнага ўзроўню даследавалі гэтую праблему і наважылі: нельга чапаць гэтыя землі - дзесяцігоддзі, а можа быць стагоддзе, - адзначае экспэрт.

Навошта гэта робіцца цяпер? Хіба ў Беларусі не стае сельскагаспадарчай зямлі?

- Мы займаем трэцяе месца ў Еўропе па колькасці сельскагаспадарчых угоддзяў на душу насельніцтва. Гэта ў некалькі разоў больш, чым у Польшчы. Аднак беларускіх прадуктаў у Польшчы я не заўважаў. Наадварот, нашы крамы заваленыя польскай садавінай і гароднінай, - кажа суразмоўца.

Юрый Варонежцаў звяртае ўвагу на некалькі момантаў.

- Калі не будзе жорсткага кантролю на тэрыторыі запаведніка, там могуць вырабляць, у тым ліку і нелегальна, брудныя прадукты харчавання і прадаваць іх па ўсёй Беларусі. Кажуць, што магчыма мясцова нешта вырабляць. Але зноў жа - навошта? Гэтая прадукцыя будзе ў разы даражэйшай, чым вырабленая на чыстых тэрыторыях, - уважае экспэрт. - Самае страшнае не тое, што апрамяняюць і спажываюць брудную прадукцыю асобныя грамадзяне, хоць у анкадыспансэры, дзе я лячуся восьмы год, я столькі нагледзеўся... У асноўным лечацца людзі з забруджаных раёнаў, якія некантралюема спажываюць прадукцыю, якую самі вырабляюць. Бяда ў тым, што гэта распаўсюджваецца на ўсю Беларусь. Мы ўсе, беларусы, атрымліваем агульную калектыўную дозу радыяцыі.

Канцэпцыя бяспечнага пражывання ў Беларусі меркавала, што ў ахоўнай зоне не будзе ніякага землекарыстання. У крайнім выпадку, можна пасадзіць лес і праз 120 гадоў яго спілаваць.

Прыняцце ўказа №259 Юрый Варонежцаў уважае безадказнай пастановай уладаў.

- Размяшчэнне радыенуклідаў, іх рух, трансфармацыя да канца не вывучаны, - тлумачыць экспэрт. - Таксама не вывучана праблема амерыцыя. Такога не было ніколі і нідзе. Як можна прымаць пастанову, калі навукоўцы не зрабілі высновы і не праведзеныя адпаведныя даследаванні?

Юрый Варонежцаў прыводзіць прыклад:

- Мне даводзілася прымаць удзел у сканаванні тэрыторыі ў забруджаных раёнах і ў Палескім запаведніку з дапамогай радыёметра на шасі, калі машына рухаецца па полі і скануе ўзровень выпраменьвання, які ідзе ад глебы. 3-10 метраў адносна чыстыя, а потым скачок у дзясяткі разоў! Я не ўяўляю, як можна выкарыстоўваць гэтую зямлю. Толькі абнесці калючым дротам, і нікога туды не пускаць. Хай там звяры ходзяць, хай будзе запаведнік.

Юрый Варонежцаў зняпраўдзіў міф, што пасля перыяду паўраспаду цэзію і стронцыю - праз 29-30 гадоў - глеба чысціцца.

- Дажджы могуць мяняць карціну міграцыі радыенуклідаў у глебе, і нават калі пройдзе 2-3 перыяды паўраспаду, яна можа не ачысціцца ў 2-3 разы. Спецыялісты лічаць, што можна гаварыць аб ачыстцы, калі праходзіць ад 7 да 10 перыядаў паўраспаду, - падкрэслівае экспэрт.

Суразмоўца лічыць, што ўвядзенне ў абарот зямель ахоўнай зоны негатыўна адаб'ецца і на экспарце беларускай прадукцыі:

- Канкурэнты не дрэмлюць, і які-небудзь малочны холдынг, напрыклад, у Смаленску можа выкарыстоўваць у якасці антырэкламы: «Купляйце беларускае - вы ж рызыкуеце!»

Напісаць каментар 131

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках