5 траўня 2024, Нядзеля, 2:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дармаедаў» у краіне стане больш

7
«Дармаедаў» у краіне стане больш

Міністр эканомікі прапанаваў аптымізаваць колькасць на прадпрыемствах Барысава.

Сярод рэцэптаў аднаўлення Барысаўскага раёна «з руін» міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі назваў, між іншым, і аптымізацыю адміністрацыйна-кіраўніцкага персаналу для прадпрыемстваў горада, якія падведамасны міністэрству прамысловасці.

Пра гэта ён казаў падчас выязнога пасяджэння прэзідыума Савета Міністраў у залі пасяджэнняў Барысаўскага райвыканкама 25 ліпеня, піша ex-press.by.

Аптымізацыя колькасці ў перакладзе з чыноўніцкай мовы на простую, як правіла, азначае толькі адно - скарачэнне колькасці працоўных. Рэкамендацыя не новая, і ў Барысаве да яе дайшлі, як той казаў, «сваім розумам» ужо шмат гадоў таму.

Вось ужо амаль год звесткі пра вынікі фінансава-эканамічнай дзейнасці адкрытых акцыянерных таварыстваў перасталі публікавацца на сайце міністэрства фінансаў, мабыць, каб не палохаць патэнцыйных інвестараў. Таму аб колькасці працоўных на вядучых барысаўскіх заводах можна меркаваць толькі паводле звестак за першае паўгоддзе 2016 года.

І пра што ж кажуць лічбы? Пра тое, што з 2010 да 2016 года персанал работнікаў барысаўскіх прадпрыемстваў, да прыкладу, холдынгу «Аўтакампаненты», больш чым паспяхова «аптымізаваўся».

За шэсць гадоў колькасць працоўны паменшылася:

на ААТ «Экран» - з 1371 да 1033 чал. (-338);

на ААТ «Барысаўскі завод агрэгатаў» - з 1430 да 1059 чал. (-371);

на ААТ «Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік» - з 4272 да 2373 чал. (-1899);

на ААТ «БАТЭ» - з 3055 да 1547 чал. (-1508).

Такім чынам, толькі на чатырох прадпрыемствах Мінпрама колькасць працоўных зменшылася больш чым на чатыры тысячы чалавек. Можа быць «аптымізавалі» не тых, каго трэба? Цалкам магчыма.

Калі падае вытворчая праграма, то ў першую чаргу пад пагрозу скарачэння трапляюць рабочыя-здзельшчыкі асноўнай вытворчасці. Іх альбо звальняюць паводле разнастайных прычын, альбо людзі, некалькі месяцаў атрымаўшы мізэрныя грошы, звальняюцца самі.

Ну, а дакументаабарот за гэтыя гады відавочна не ўпаў, таму клеркі, як правіла, пры справе.

Куды пайшлі тыя чатыры тысячы барысаўчан, якія працавалі некалі ў холдынгу «Аўтакампаненты»? Зусім не ўсім пашчасціла дачакацца пенсіі. Некаторыя знайшлі сябе ў прыватным бізнэсе, а значная частка папоўніла шэрагі «дармаедаў».

Калі рэкамендацыя міністра эканомікі ў аптымізацыі адміністрацыйна-кіраўніцкага персаналу будзе ўспрынятая як інструкцыя да дзеяння, то лік барысаўскіх «дармаедаў» будзе працягваць расці.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на 1 ліпеня 2017 года ў Барысаўскім раёне налічвалася 756 зарэгістраваных беспрацоўных.

Больш афіцыйных беспрацоўных, якія стаяць на ўліку ў органах занятасці, у Менскай вобласці толькі ў Маладзечанскім раёне.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках