5 траўня 2024, Нядзеля, 6:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каўчсэрфінг: як беларусы падарожнічаюць па ўсім свеце амаль бясплатна

1
Каўчсэрфінг: як беларусы падарожнічаюць па ўсім свеце амаль бясплатна
ФОТА: THENEXTWEB.COM

Няма такіх людзей, якія не мараць наведаць усе краіны свету, але ў многіх гэта так і застаецца жаданнем.

Але ж для ажыццяўлення задумкі, збольшага, неабходныя толькі ўнутраныя якасці чалавека, а не фінансы. Каўчсэрфінг – гэта подых новага часу. Глабальная міжнародная праграма, якая дазваляе не толькі пагутарыць з замежнікамі, але і пагасцяваць у іх, прычым абсалютна бясплатна. Ты запрашаеш у госці да сябе чалавека з-за мяжы – пажыць у цябе пару дзён, а ў адказ можаш разлічваць на такую самую гасцявую паездку. Журналісты sb.by даведаліся, наколькі бяспечны каўчсэрфінг і што замежныя госці шукаюць у нашай краіне.

У госці трапляе не кожны

Дэвіз супольнасці каўчсэрфераў: «У вас ёсць сябры ва ўсім свеце, проста пакуль вы яшчэ з імі не сустракаліся». З ім цалкам згодная Марыя Шэндэль – актыўны ўдзельнік праграмы. Яна далучылася да яе з 2012 года. Спярша дзяўчына была проста «каўч» – замест нумара ў гатэлі падчас падарожжаў выбірала пакой у мясцовых жыхароў, а потым сама стала «хостам» – пачала прымаць замежных турыстаў у сваёй менскай кватэры.

Лагічнае пытанне, якое адразу ж у мяне ўзнікае: ці бяспечна прытуляць у сябе абсалютна незнаёмага замежніка? Марыя запэўнівае, што сістэма каўчсэрфінгу прадуманая да дробязяў. Акрамя таго, што чалавек, рэгіструючыся на сайце, паказвае падрабязную інфармацыю пра сябе, уключаючы тэлефон, адрас і нават пашпартныя звесткі, не так даўно з'явілася такое пацверджанне надзейнасці госця, як даручальніцтва.

РОБІ ПРЫЕХАЎ У МЕНСК З ЗША
ФОТА: SB.BY

– Каўчсэрфер паведамляе сайту пра чалавека, з якім знаёмы асабіста, і кажа, што той можа за яго паручыцца. Далей ён распісвае адміністрацыі сайта, як і дзе яны пазнаёміліся. Адміністрацыя звязваецца з даручальнікам, і той павінен даць тыя самыя паказанні, што і каўчсэрфер. Падобна на праверку шлюбаў на фіктыўнасць, – Марыя тлумачыць нюансы. – У выніку, напрыклад, калі я некуды паеду і скраду нешта, адказваць буду не толькі я, але і мой даручальнік. Адпаведна, проста так, без поўнай упэўненасці, ніхто за чалавека ручацца не будзе.

Спрабую зарэгістравацца на сайце сама: сапраўды, усё не так проста. Пакуль мой профіль не запоўнены, я нават не магу напрасіцца ў госці да каго-небудзь з «хостаў» – функцыя «Напісаць паведамленне» папросту недаступная. Марыя кажа, што да выбару будучага пастаяльца падыходзіць адказна: звяртае ўвагу на захапленні, чытае водгукі, якія яму пакінулі папярэднія «хосты», і пераважна запрашае тых, у каго ёсць даручальнікі. За 5 гадоў у праграме ніякіх непрыемнасцяў Марыя не прыгадвае.

Візіцёры бываюць розныя

Дзве асноўныя прычыны, чаму турысты ўсё часцей выбіраюць каўчсэрфінг, – гэта магчымасць зэканоміць на пражыванні і шанец убачыць горад вачыма мясцовых жыхароў. Марыя Шэндэль заўсёды радая скласці кампанію сваім гасцям на шпацыры і паказаць Менск такім, якім яго бачыць яна:

– Усё залежыць ад чалавека. Ёсць людзі вельмі самастойныя, якія любяць даведвацца горад на самоце. Ім трэба толькі пераначаваць ды спытаць парады – што, дзе, як зручней. Але ў асноўным тыя, хто выбірае каўчсэрфінг, робяць гэта не з фінансавых меркаванняў, а для стасункаў з мясцовымі. Яны заўсёды з радасцю згаджаюцца на маю прапанову пашпацыраваць па горадзе разам. Бо важна не толькі пазнаёміцца са славутасцямі, але і зразумець, дзе на шляху да іх можна добра і нядорага паесці, дзе праходзяць канцэрты, дзе больш выгодна рабіць пакупкі.

Іншае пытанне, якое хвалюе мяне: турыст прыязджае паводле праграмы каўчсэрфінгу да незнаёмага чалавека, жыве ў яго бясплатна, а ці атрымлівае «хост» што-небудзь узамен акрамя стасункаў? Марыя адказвае, што прывозіць сувеніры, падарункі альбо не – гэта асабістая справа кожнага, аднак сваіх гасцей яна ад гэтага адгаворвае:

– Ёсць, праўда, людзі настойлівыя, якія ўсё ж падораць які-небудзь гасцінец – звычайна нацыянальныя прысмакі. Я магу іх зразумець: сама без невялікага падарунку ні да кога не прыязджаю. Самы просты сувенір, які прыводжу я і мае знаёмыя-каўчсэрферы, – гэта рэцэпт дранікаў, якія можна хутка прыгатаваць, пазнаёміўшы такім чынам замежнікаў з беларускай кухняй.

Ад нас жа турысты, паводле словаў Марыі, звычайна вязуць журавіны або брусніцы ў цукры, магніты, шкарпэткі і майкі з беларускім арнаментам.

Знаёмства з экзотыкай

Увядзенне бязвізавага рэжыму паспрыяла таму, што ўсё больш замежнікаў хочуць пазнаёміцца з нашай краінай. Сярод сваіх «каўчаў» Марыя пералічвае як гасцей з суседніх дзяржаваў – Расеі, Украіны, Польшчы, так і турыстаў, якія прыбылі да нас здалёк. З уласнага досведу ведаю, і Марыя мае словы пацвярджае – пакуль пра Беларусь за мяжой ведаюць зусім няшмат:

– Для еўрапейцаў, амерыканцаў паездка да нас – гэта нешта вельмі незвычайнае, нават экзатычнае. Пры гэтым ім цікава будзе ведаць усе тонкасці нашага жыцця. Калі людзі спыняюцца ў мяне альбо ў маіх знаёмых, мы паказваем ім усё як ёсць, не імкнёмся стварыць ідэальны вобраз, але ў выніку вандроўнікі заўсёды застаюцца задаволеныя.

Цікавяць гасцей розныя рэчы: камусьці хочацца зірнуць на станцыі метро, некаторыя гараць жаданнем даехаць да спальных раёнаў Менска, іншых вабіць стрыт-арт. На агляд сталіцы, паводле назіранняў Марыі Шэндэль, звычайна сыходзіць два з паловай дні. Потым турыстаў вабіць пабадзяцца па іншых гарадах, а таксама наведаць замкавыя комплексы ў Нясвіжы, Міры і Брэсцкую крэпасць.

МАРЫЯ ПАКАЗВАЕ ТУРЫСТАМ-КАЎЧСЭРФЕРАМ З РАСЕІ ЗАМКАВАЕ ВОЗЕРА Ў ЛІДЗЕ
ФОТА: SB.BY

Нягледзячы на ўсе плюсы праграмы, каўчсэрфінг падыходзіць не для ўсіх: тут няма сістэмы «ўсё ўключанае», месца для начавання наўрад ці будзе нагадваць нумар добрага гатэля, а кожная сустрэча – гэта амаль заўсёды «кот у мяшку». Ніколі на 100% невядома, наколькі гасцінным будзе гаспадар і якія ўмовы пражывання ён зможа прапанаваць. Але для многіх, як і для Марыі, часцяком недахоп камфорту акупляецца эмоцыямі ад стасункаў з карэннымі жыхарамі таго ці іншага рэгіёну:

– Каўчсэрфінг для мяне – спосаб знаёмства з новымі цікавымі людзьмі. А цяпер, калі я стала «хостам», адкрыўся яшчэ адзін ягоны плюс. Мне стала прыемна дапамагаць замежнікам маляваць утульны, яскравы, вясёлы і цалкам цікавы вобраз нашай краіны.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках