4 траўня 2024, Субота, 23:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замест купання ў фантанах – штурм будынка і залпы артылерыі

25
Замест купання ў фантанах – штурм будынка і залпы артылерыі
ФОТА: BELSAT.EU

Як у цэнтры Менска адзначылі Дзень дэсантніка.

Упершыню за шмат гадоў святочнае мерапрыемства на Дзень дэсантніка і сілаў спецыяльных аперацыяў правялі на Нямізе. Мінабароны ініцыявала маштабнае шоу ў самым цэнтры горада, якое пачалося а 10-й гадзіне раніцы і скончыцца вячэрнім канцэртам, паведамляе «Белсат».

На агароджанай пляцоўцы каля Палаца спорту прадэманстравалі новую і старую ваенную тэхніку «ў справе»: працавала артылерыя, гранатамёты, мінамёты і зенітныя ўстаноўкі. Таксама байцы сілаў спецыяльных аперацыяў паказалі гледачам элементы рукапашнага бою, эпізоды са стральбой халастымі патронамі і разбіванне прадметаў галавой.

Пад акампанемент расейскага року байцы ў масках клаліся спінамі на бітае шкло і разбівалі адна аб адну цагліны.

«Такім чынам байцы дэманструюць высокі ўзровень фізічнай, псіхалагічнай і маральнай падрыхтоўкі. Усім, хто хоча быць сапраўдным мужчынам, хто не баіцца праблемаў – шлях у спецназ», – тым часам гаварыў са сцэны вядоўца.

ФОТА: BELSAT.EU

А 14-й на суседнім 10-павярховым будынку пачаўся «штурм» – дзве групы спецназаўцаў, адстрэльваючыся, на тросах спусціліся ўніз галавой і «ліквідавалі спаборніка», скокнуўшы з аўтаматам наперавес у адчыненыя вокны.

Сярод удзельнікаў паказальнага выступу – 103-я Віцебская паветрана-дэсантная дывізія і 5-я асобная брыгада спецназу з Мар'інай Горкі. Рэпетыцыя пачалася яшчэ 27 ліпеня.

Асаблівы момант праграмы – «вальс» на БТР-80: каля дзесяці баявых машынаў кружылі па пляцоўцы ў рытм музыкі.

Для гледачоў, як звычайна гэта бывае падчас масавых святкаванняў, разгарнулі палявую кухню і наладзілі розныя конкурсы. Пяклі шашлыкі, гандлявалі трыкатажам, прапаноўвалі пастраляць з пнеўматычнай зброі і раздавалі сцяжкі з эмблемай Міністэрства абароны. Уваход на пляцоўку – толькі пасля стараннага дагляду і праверкі торбаў.

ФОТА: BELSAT.EU

Тут можна было патрымаць у руках аўтаматы Калашнікава, пісталеты сістэмы Макарава, рэвальверы і іншую зброю. Усе ахвотныя маглі не толькі сфатаграфавацца на фоне ваеннай тэхнікі, але і залезці ўсярэдзіну баявых машынаў.

Маленькі хлопчык, якога бацькі прывялі на мерапрыемства, з задавальненнем забраўся на сядзенне сучаснага беларускага браневіка Volat. Але, пачуўшы праз некалькі хвілінаў залпы артылерыі, спалохаўся і схаваўся. Сапраўды, эпізоды са стральбой адбываліся надта блізка ад натоўпу, а ўзровень дэцыбелаў зашкальваў.

ФОТА: BELSAT.EU

«Баявая» частка шоу закончылася на вадзе. Паводле легенды, павінна была адбыцца ліквідацыя «незаконнага ўзброенага бандфармаванні, якое пранікла на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на водным транспарце і захапіла аб'ект інфраструктуры». Варта падкрэсліць, што сцэнар захопу баевікамі гідравузла адпрацоўваўся беларускім войскам падчас вучэнняў «Славянскае братэрства – 2017» у чэрвені.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках