5 траўня 2024, Нядзеля, 5:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як менчукі штурмавалі «Віталюр»

44
Як менчукі штурмавалі «Віталюр»
ФОТА: TUT.BY

Для таго каб патрапіць у краму, людзі гатовыя былі стаяць гадзіну ў вялізнай чарзе.

У пятніцу на Някрасава, 3а адчыніўся новы двухпавярховы гандлёвы цэнтр «Віталюр» з супермаркетам. Для таго каб патрапіць у краму, людзі гатовыя былі стаяць гадзіну ў вялізнай чарзе. Tut.by паглядзеў, якія акцыі ладзіць у першы дзень для пакупнікоў «Віталюр», і даведаўся, чаму рэканструкцыя будынка заняла некалькі гадоў.

Раней на гэтым месцы шмат гадоў працаваў рэстаран «Вернісаж». Але ў 2014 годзе ён зачыніўся і стала вядома, што на гэтым месцы адчыняць двухпавярховы гандлёвы цэнтр. У выніку праз амаль тры гады тут з'явіўся «Віталюр».

Людзям у гэтым раёне за некалькі дзён даслалі аб'явы пра ўрачыстае адкрыццё крамы а 12-й гадзіне. Але запускаць пакупнікоў пачалі яшчэ раней – дзесьці за паўгадзіны. А потым зачынілі ўваход, бо касіры не спраўляліся з такой плынню людзей, а ў краме ўжо была штурханіна.

«Яны думаюць, што бясплатна дадуць, на халяву!»

Да 12-й гадзіны на вуліцы сабраліся ўжо дзве велізарныя чаргі з «хвастом» да дарогі. З калонак грае Modern Talking. Людзей запускаюць патроху, некалькі чалавек за раз. Іншыя стаяць на вуліцы і гутараць.

– А чаго так шмат народу прыйшло? – пытаецца мужчына ў знаёмца ў чарзе.

– Яны думаюць, што бясплатна дадуць нешта, на халяву, – адказвае яму другі.

Для тых, хто не хацеў стаяць у чарзе з дзецьмі, каля цэнтра сучасных мастацтваў арганізавалі забавы – можна было сабраць канструктар або памаляваць. Дарэчы, у дзень адкрыцця крамы на выставу можна было прайсці бясплатна, паказаўшы карту лаяльнасці «Віталюра». Пры гэтым такіх самых чэргаў да цэнтра мастацтваў не заўважылі.

Паштурхаўшыся трохі ў чарзе, журналісты прайшлі ў краму. Першая плынь людзей нырае ў тавары на акцыі «1 + 1», дзе два прадаюць на кошт аднаго. Сярод шакаладак, гарбаты, мінеральнай вады, чыпсаў і іншага дзве сяброўкі-пенсіянеркі перш за ўсё бяруць бляшанкі кавы за 15 рублёў. І кладуць кожная сабе ў кошык адну.

– Вера, нам жа так не залічаць! Трэба, каб адна набывала. Ты бяры, можам потым падзяліць! – кажа адна з сябровак.

Сапраўдны ажыятаж і заторы з вазкоў назіраем у рыбным аддзеле са скумбрыяй за 4 рублі. Некаторыя людзі проста прыходзяць да той вітрыны, дзе больш за ўсё народу. Да аднаго з халадзільнікаў з хрыбтамі ласося за 5 рублёў не падабрацца, чуваць, як у натоўпе жанчына па-заліхвацку крычыць:

– Дзяўчаткі, што там у нас? Акцыя?

– Што ляжыць, то і бяры, на суп пойдзе ўсё! – адказвае ёй гаспадарлівая незнаёмка.

Мужчыны, гледзячы збоку на такую чаргу, абураюцца: «Ну што яны, рыбы ніколі не бачылі ці што!»

У іншых аддзелах абстаноўка нашмат спакайнейшая. Пакупнікі не спяшаючыся выбіраюць тавары, не штурхаюцца. У краме працуе 12 касаў. Але пры гэтым праз паўгадзіны пасля адкрыцця ў кожнай – вялізная чарга.

Плошча ўсяго цэнтра блізу 4000 квадратаў. Пакуль у краме заняты толькі першы паверх, дзе працуе аддзел кветак, кава навынас, крама турэцкай касметыкі. Хутка адчыняцца абменнік і аптэка. Абяцаюць, што ў жніўні з'явяцца крамы на другім паверсе, там будзе кавярня, салон прыгажосці, крама Minimax. А да канца верасня гандлёвы цэнтр запоўняць на 100%.

Мясцовыя жыхары: «У нас тут няма ўвогуле крамаў!»

На вуліцы журналісты пагутарылі з тымі, хто яшчэ стаіць у чарзе. Сустрэлі дзвюх пенсіянерак, якія бурна абмяркоўваюць, чаму некаторыя людзі прайшлі раней.

– Мы жывем побач, але тут жа дамы хрушчоўскія, таму вялікія крамы сюды проста сунуць няма куды. Для гэтага раёна вельмі добрая крама, – кажа пенсіянерка Таццяна.

Да размовы падключаецца міначка і ўспамінае «Вернісаж», які тут працаваў раней.

– Гэта быў зусім старэчы рэстаран, туды ўжо ніхто не хадзіў, добра, што яго зачынілі. Цяпер жа столькі добрых кавярняў адчынілася. Гэтая крама цяпер нас задавальняе на гэтым месцы. У нас жа тут няма ўвогуле крамаў!

З крамамі ў раёне і праўда не густа. Праз дарогу на куце ёсць адна маленькая, больш падобная на сельпо.

У чарзе Вольга і Кацярына ўспамінаюць, як адпачывалі ў «Вернісажы»:

– Было такое пачуццё, быццам там адны бандзюкі сядзелі, і апошнім часам ён страшны стаў. Але гадоў 30 таму ён мне падабаўся! Так што вельмі добра, што краму пабудавалі. У нас такі вялікі раён, а ні аднаго буйнога супермаркета няма!

Віталь Яцук: «На праектныя працы і ўзгадненне сышло блізу двух гадоў»

Чаму рэканструкцыя задоўжылася амаль на тры гады, нам распавёў камерцыйны дырэктар сеткі Віталь Яцук.

– Мы не маглі ўзгадніць з горадам некаторыя характарыстыкі крамы. Таму на праектныя працы і ўзгадненне сышло блізу двух гадоў. Рэканструкцыя заняла літаральна паўгода.

Яцук кажа, што ўзгаднялі так доўга праз тое, што паводле праекта на паркоўцы бракавала месцаў для вялікага гандлёвага аб'екта, таму яе павялічылі.

Закранаючы тэму планаў на новыя аб'екты, Яцук распавядае, што хутка «Віталюр» адчыніць самы буйны супермаркет сваёй сеткі ў Менску.

– З прычыны складанасцяў з дзейным арандатарам я не магу раскрываць усе дэталі, але мы плануем зрабіць гэта аператыўна сёлета.

Напрыканцы Яцук распавядае пра новаўвядзенне:

– З панядзелка мы ва ўсёй сетцы дазволім рабіць фота ў краме. Нават правядзем конкурс. Здымаць можна што заўгодна і дзе захочуць пакупнікі.

Мы сыходзім прыкладна праз паўтары гадзіны пасля адкрыцця і бачым, што чэргі ля крамы ўжо няма. На вуліцы дзеці разбіраюць шарыкі ў блазнаў на хадулях, выступае невялікі духавы аркестр.

– Вось і правільна! Трэба адчыніць адзін і вялікі на ўвесь раён, як гэты, – кажа жанчына, вітаючыся з суседам ля гандлёвага цэнтра.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках