6 траўня 2024, панядзелак, 0:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Мадэрнізацыйная эпапея прывядзе да краху ўсёй эканомікі Беларусі

8
Леанід Злотнікаў: Мадэрнізацыйная эпапея прывядзе да краху ўсёй эканомікі Беларусі
Леанід Злотнікаў
ФОТА: CHARTER97.ORG

Мадэрнізацыя дзяржпрадпрыемстваў - верны шлях да падзення банкаўскай сістэмы і краху ўсёй эканомікі.

Далейшыя фінансавыя ўкладанні ў мадэрнізацыю дзяржпрадпрыемстваў не толькі пагоршаць іх і без таго бядотнае эканамічнае становішча, але і могуць прывесці да падзення банкаўскай сістэмы і краху ўсёй эканомікі.

Праграма мадэрнізацыі дзяржпрадпрыемстваў, якая пачалася яшчэ ў сярэдзіне 2000-х, павярнулася для большасці з іх вялізнымі стратамі: МАЗ, Гомсельмаш, прадпрыемствы дрэваапрацоўкі, цэментавыя заводы... Гэты спіс можна прадаўжаць вельмі доўга. Аднак, улады і не думаюць яе згортваць, укладваючы ўсё новыя сродкі на т.зв. «Дамадэрнізацыю». Так, у мадэрнізацыю беларускай нафтаперапрацоўкі плануецца найбліжэйшыя гады ўкласці яшчэ $1,2 млрд, у лідара паводле страт БМЗ - $1,1 млрд, у хранічна стратныя МАЗ, Гомсельмаш і БАТЭ - больш за $1,5 млрд. Пра тое, чаму быццам бы нядрэнная, на першы погляд, ідэя мадэрнізацыі састарэлых вытворчасцяў завяла дзяржпрадпрыемствы ў страты і да чаго можа прывесці далейшая «дамадэрнізацыя» высветліў belaruspartisan.org.

Тое, што мадэрнізацыя на абсалютнай большасці беларускіх прадпрыемстваў абярнулася крахам - абсалютна заканамерна, мяркуе вядомы эканаміст, кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў.

«У чыноўнікаў няма ніякіх падстаў пазначаць пункты росту, вызначаць іх перспектыўнасць і прыбытковасць. Бо іх матывацыя - гэта асваенне рэсурсаў, а не кіраванне прадпрыемствам, як камерцыйным аб'ектам. Нашы чыноўнікі робяць тое, чаму вучылі іх у савецкіх ВНУ. Адсюль і такі вынік», - упэўнены эканаміст.

Аднак, гэта не значыць, што мадэрнізацыю не трэба было праводзіць. Абнаўленне састарэлых вытворчасцяў - натуральны працэс, які мусіць праводзіць кожнае прадпрыемства, калі вядома яно не безнадзейна састарэла маральна. Іншая рэч, хто і за якія грошы павінен праводзіць.

У тым, што нягледзячы на крах мадэрнізацыі, улады не адмаўляюцца ад гэтай ідэі і далей укладваць у яе ўсё новыя сродкі, экспэрты таксама не бачаць нічога дзіўнага.

Пры гэтым экспэрты не сумняваюцца, што далейшыя фінансавыя ўкладанні ў мадэрнізацыю толькі пагоршаць і без таго бядотнае эканамічнае становішча прадпрыемстваў. Аднак, гэта яшчэ не самае страшнае. Асноўную небяспеку мае тое, што мадэрнізацыя праводзіцца за кошт банкаў і міжнародных, у першую чаргу кітайскіх, крэдытаў.

«У рэчаіснасці гэтых грошай, якія ўлады спускаюць на мадэрнізацыю, у іх няма - гэта ўсё пазыковыя сродкі (крэдыты дзяржбанкаў, кітайскія крэдыты ды іншае). Таму, у выніку, уся гэтая мадэрнізацыйная эпапея можа прывесці не толькі да знікнення гэтых дзяржпрадпрыемстваў, але і да падзення банкаўскай сістэмы Беларусі, краху ўсёй эканомікі», - распавядае Леанід Злотнікаў.

І адбыцца гэта, мяркуючы з тэндэнцыі, можа ўжо ў найбліжэйшай будучыні. Так, паводле звестак эканаміста, калі на выплату ўнутраных і замежных пазык у 2010 годзе сыходзіла блізу 2%, то ў 2016 - ужо 10% бюджэту.

Выхад жа з гэтай сітуацыі, на думку экспэрта, адзін - тэрмінова прыватызаваць стратныя і нізкарэнтабельныя дзяржпрадпрыемства, прычым тым коштам, які сёння рэальна могуць прапанаваць інвестары. Пра ўкладзеныя на мадэрнізацыю сродках, на жаль, давядзецца забыцца.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках