3 траўня 2024, Пятніца, 9:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гародні дабіваюць легендарныя «Белыя Росы»

4
У Гародні дабіваюць легендарныя «Белыя Росы»
ФОТА: BELSAT.EU

Вёску Дзевятоўка, якая стала кінапляцоўкай для савецкай стужкі «Белыя росы» канчаткова руйнуюць.

Колішнюю вёску Дзевятоўка, якая з часам урасла ў спальны раён горада, перадаўшы яму сваю назву, зносяць. Нягледзячы на тое, што размовы аб зруйнаванні ідуць ужо трыццаць гадоў, апошні цвік павінны ўбіць найбліжэйшым часам, паведамляе «Белсат».

На сёння ад вёскі застаўся адзін каменны дом, падзелены на дзве сям'і, ды пару домікаў па іншы бок ад вуліцы Курчатава, якая разрэзала былую вёску ў 2013 годзе. Тады, чатыры гады таму, было зруйнавана адзінаццаць будынкаў разам з прысядзібнымі пабудовамі і садамі, у гэтым годзе - яшчэ пяць.

Былым уладальнікам домікаў з садамі даюць кватэры ў шматпавярхоўках на вуліцах Лідскай і Татарскай. Пры гэтым, далёка не ўсе задаволеныя такім абменамі. У адрозненне ад некаторых старых будынкаў у цэнтры горада, тут людзі трымалі моцную гаспадарку, даглядалі дамы і тэрыторыю, якая да яе прылягае.

ФОТА: BELSAT.EU

«Абяцалі кватэры, а пасля правялі пераацэнку»

ФОТА: BELSAT.EU

«Папярэдзілі аб зруйнаванні гады два таму, - распавядае Рычард, жыхар аднаго з каменных дамоў. - Абяцалі кватэры. Спачатку зрабілі адну ацэнку, пасля - пераацэнку, маўляў, цэны на нерухомасць упалі. Мы атрымалі грошы, набылі кватэру. Сёння хадзілі глядзець кватэру, але як атрымліваецца? Наш дом нібыта руйнуюць, але ў газетах пішуць, што застаецца. Незразумела».

Са слоў суразмоўцы, астатнія жыхары дома, які разлічаны на некалькі сем'яў, яшчэ нічога не атрымалі, хоць у дзяржаўных СМІ пішуць, што домікі даўно зруйнавалі і ўсе ўжо маюць на руках сваю кампенсацыю.

ФОТА: BELSAT.EU

«Чакаем, ці збяром ураджай, ці не збяром? - паціскае плячыма Рычард. - Зруйнуюць ці не - незразумела. Гэта калісьці быў бацькоўскі драўляны дом, адзін агульны. Зараз з аднаго боку катэдж і наш каменны дом звязаны з ім. Так што - катэдж пакінуць, а наш абрэжуць?»

ФОТА: BELSAT.EU

«Мы жылі надзеяй»

Змагацца за сваё жыллё і пісаць чыноўнікам жыхары не хочуць. Маўляў, які сэнс стукацца ў чыноўніцкія кабінеты, калі гаворка аб зруйнаванні ідзе ўжо 30 гадоў і на паперы ўсё даўно вырашана.

«Мы жылі надзеяй - Лукашэнка загадаў не руйнаваць дыхтоўныя дамы! - працягвае жыхар. - Мы нават думалі, хай наш участак, 35 сотак, абрэжуць, але сам дом застанецца. Калі раней яшчэ да горада аднеслі, то высветлілася, што 15 сваіх сотак маем, астатняе - у арэнду. Ды хоць так. Не ведаю, чым гэта ўсё скончыцца».

ФОТА: BELSAT.EU

Пад зруйнаванне патрапіць і мінірынак, якім карысталіся жыхары Дзевятоўкі. Сёння тут яшчэ гандлююць садавінай і гароднінай, але ў перспектыве на гэтым месцы павінен з'явіцца супермаркет або гандлёвы цэнтр.

Калода, на якую Мішка Кісель клаў галаву

Варта ўзгадаць, што фільм «Белыя росы» 1983 года, які і праславіў вёску на ўвесь былы Саюз, як раз і датычыўся зруйнавання вясковых дамоў і перасялення герояў у панэльныя шматпавярхоўкі.

Сёння пра стужку нагадвае толькі сімвалічны калодзеж ды калода, на якую Мішка Кісель клаў галаву, калі Хвядос пагражаў яму сякерай.

Побач з «кінематаграфічным кутком» расце старая груша, на якой як раз цяпер вісяць саспелыя, сакавітыя плады. Малаверагодна, на жаль, што і гэты рэлікт мінулага дажыве да наступнага года.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках