7 траўня 2024, aўторак, 15:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Горад з дзвюма назвамі і радзіма Манюшкі: чым і кім ганарыцца Чэрвень

3
Горад з дзвюма назвамі і радзіма Манюшкі: чым і кім ганарыцца Чэрвень
ФОТА: TUT.BY

Галоўны гонар Чэрвеня - гэта знакамітыя землякі.

Яшчэ сто гадоў таму за 60 кіламэтраў на паўднёвы ўсход ад Менска знаходзіўся горад Ігумен. У 1923 годзе бальшавікі надумалі перайменаваць яго ў Ліпень - у гонар месяца, калі места было вызваленае ад польскай акупацыі. Але так ужо была названая суседняя вёска Халуі, таму наважылі спыніцца на Чэрвені (паводле грыгарыянскага календара мястэчка вызвалілі 26 чэрвеня 1920 года), піша tut.by.

Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей размяшчаецца ў былым будынку павятовай управы - аналага сучаснага райвыканкама. Будынак быў пабудавана лекарам Кудзіным і выкарыстоўваўся як даходны дом. Лёс самога Кудзіна невядомы. Мяркуецца, што ў 1937 годзе ён быў расстраляны як вораг народа, але дакладнага пацверджання гэтаму няма.

З балкона гэтага дома жыхарам места было абвешчана аб скіданні самаўладдзя і ўсталяванні савецкай улады. Пасля рэвалюцыі дом шмат гадоў выкарыстоўваўся як адміністрацыйны будынак. У ім размяшчалася мясцовая адміністрацыя. У 1985 годзе ў будынак заехала раённая бібліятэка, а з 1 студзеня 1992 года тут быў адкрыты музей.

Экспазіцыя музея размешчана ў трох залах: «Ігуменшчына ў старажытнасці», «Вялікая Айчынная вайна на Чэрвеньшчыне», «Культурныя дасягненні Чэрвеньшчыны».

З першых крокаў наведвальнікі трапляюць у чароўны свет легендаў, звязаных з гісторыяй Ігумена. Самай рамантычнай сярод іх з'яўляецца легенда аб заснавальніцы мястэчка.

Першае паселішча ў Чэрвені належала праваслаўнаму манастыру, заснаванаму грэцкай ігуменняй. Адсюль і першапачатковая назва горада - Ігумен.

Манастыр быў пабудаваны на месцы старажытнага паганскага капішча. Старыя традыцыі былі моцныя: тутэйшыя жыхары нават пасля хрышчэння маліліся старым багам. Ігумення з усіх сіл спрабавала паціснуць паганства.

І вось у адну з начэй манастыр праваліўся пад зямлю, а на яго месцы ўтварылася глыбокае возера з балоцістымі берагамі. Гэта возера за некалькі кіламэтраў ад Чэрвеня называецца Дзікае. Кажуць, што ў глухую поўнач тут можна пачуць стогны і гук царкоўных званоў.

Пра Ігумен часоў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай вядома не так ужо шмат. Але ў фондах музея ёсць і каваныя сякеркі XIV стагоддзя, і гліняныя піпкі, і тагачасныя манеты.

Самым цікавым экспанатам гэтага перыяду з'яўляецца пячатка падскарбія (скарбніка) ВКЛ Гераніма Крышпіна-Кіршэнштэйна, які жыў у XVII стагоддзі.

Вялікі падскарбій літоўскі забяспечваў напаўненне скарбу княства, выдачу заплаты войску, кантраляваў збор падаткаў, сачыў за біццём манет. Значыць, сваёй пячаткай карыстаўся даволі актыўна і за 13 гадоў сваёй дзейнасці мог «спрацаваць» не адзін асобнік.

Тая пячатка, якая знаходзіцца ў музеі, - даволі выцертая і была знойдзеная на пачатку 1990-х гадоў чэрвеньскім школьнікам у двары прыватнага дома. Як патрапіла пячатка «міністра фінансаў» у такі аддалены ад цэнтра ВКЛ куток, сказаць складана. У перыяд дзейнасці Крышпіна-Кіршэнштэйна Ігумен быў усяго толькі невялікім мястэчкам у валоданні віленскіх біскупаў.

Гісторыя ігумена за часам Расейскай імперыі пададзеная зборнікамі законаў, газэтамі, кнігамі, планамі дзялянак, дароўнымі лістамі, пасведчаннямі, а таксама пячаткамі, узнагароднымі знакамі, рэчамі, якімі карысталіся жыхары места.

Ёсць у музеі і этнаграфічная калекцыя. Пра жыццё сялян у XIX-м - сярэдзіне ХХ стагоддзя распавядае багатая калекцыя рэчаў этнаграфіі і побыту.

У музеі ёсць асобная экспазіцыя, якая расказвае пра першыя гады савецкай улады на гэтых землях. А таксама пра калектывізацыю і рэпрэсіі 1930-х гадоў.

Галоўны гонар Чэрвеня - гэта знакамітыя землякі. На Ігуменшчыне нарадзіліся кампазітар Станіслаў Манюшка, мастак Хаім Суцін і шмат іншых асоб.

Асобная экспазіцыя вылучаная Станіславу Манюшку. Яна знаходзіцца ў вёсцы Азёрнай за 15 кіламэтраў ад Чэрвеня. Гэта адзіны ў свеце музей, прысвечаны кампазітару.

У дзвюх залах музея можна даведацца пра жыццё Манюшкі, ягонае навучанне, сяброўства з пісьменнікам Дуніным-Марцінкевічам і гісторыю стварэння оперы «Сялянка». Менавіта дзякуючы Станіславу Манюшку беларуская мова ўпершыню загучала з опернай сцэны.

Яшчэ адна аддаленая экспазіцыя знаходзіцца ў вёсцы Іванічах. Там можна ўбачыць рэчы побыту з сялянскага дома і падворка канца ХІХ - сярэдзіны ХХ стагоддзя, пазнаёміцца з асаблівасцямі мясцовага ткацтва і вышыўкі.

Акрамя сталай экспазіцыі, музей прапануе выставы, якія прэзэнтуюць жывапіс, этнаграфію, народную творчасць, музейныя і прыватныя калекцыі. Асаблівае месца займаюць выставы, звязаныя з юбілеямі вядомых землякоў і важнымі датамі ў гісторыі краю.

Пакуль асноўны будынак музея закрыты на рамонт, але для наведвальнікаў адкрытая выставачная зала. Цяпер там фотавыстава «Космас Івана Міско», адкрытая да 85-годдзя вядомага скульптара.

Таксама супрацоўнікі музея праводзяць пешаходныя тэматычныя экскурсіі па горадзе і раёне.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках