1 траўня 2024, Серада, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камбайнеры: Новая тэхніка ламаецца пасля некалькіх гадзін працы

29
Камбайнеры: Новая тэхніка ламаецца пасля некалькіх гадзін працы

Падчас цяперашняга жніва ў калгасах ледзь не плачуць, атрымаўшы айчынны камбайн.

І гэтага не ўтойвае нават дзяржаўная прэса, паведамляе udf.by.

«Новы камбайн «Гомсельмаша» 2017 года выпуску прапрацаваў некалькі гадзін - і зламаўся»

«Сельская газета» піша, што на Магілёўшчыне з пачатку жніва зафіксавана 28 адмоваў новых гарантыйных збожжаўборачных камбайнаў КЗС-1218. Выходзілі з ладу датчыкі, сістэмы кандыцыянавання, бартавыя кампутары, прывады нажа жняяркі, даводзілася наладжваць працу вібратара бункера.

Паводле звестак газеты «Рэспубліка», на Гарадзеншчыне з 13 камбайнаў ААТ «Гомсельмаш», уведзеных у эксплуатацыю летам, зафіксаваныя 21 паломкі. У «Васілішках» цягам першай гадзіны працы трэснула лабавая шына. У СВК «Нягневічы» Навагрудскага раёна пасля 20 гадзін працы адмовілі адразу гідраматор вібратара бункера, гідрарэверс нахільнай камеры і датчык узроўню паліва. У «Путрышках» Гарадзенскага раёна пасля дзевяці гадзін выйшаў са строю мультыплікатар, а ў СВК імя Дзеньшчыкова праз дзесяць гадзін пасля старту раптам «закапрызіў» рэдуктар прывада нажа жняяркі.

Камбайнеры, мяркуючы па ўсім, ледзь не плачуць, атрымаўшы новую тэхніку. Вось што піша «Сельская газета»:

«На новы КЗС-1218, набыты ў лізінг, у ААТ «Бакунова» Іванаўскага раёна вельмі разлічвалі. Машына паступіла ў гаспадарку ў пачатку ліпеня, і з першага дня ўключылася ва ўборку. І адразу зламалася - выйшаў з ладу гідраразмеркавальнік. Спецыялісты з дылерскага цэнтра цягам дня ліквідавалі няспраўнасць, і дасведчаны механізатар Андрэй Кунахавец нават вырваўся на гэтай тэхніцы ў лідары жніва. Але потым паломкі пасыпаліся адна за адной - перастаў працаваць гідраўлічны шланг, затым давялося рамантаваць выгрузны шнэк. Пра дробныя няспраўнасці, якіх таксама было нямала, у інжынернай службе сельгаспрадпрыемства ўжо і не гавораць».

Вось яшчэ адзін паказальны прыклад, аб якім распавяла «Саўбелія»: у адной з гаспадарак Маладзечанскага раёна новы камбайн «Гомсельмаша» 2017 года выпуску прапрацаваў некалькі гадзін - і зламаўся. Выявілася, пры зборцы на заводзе не тым бокам усталявалі адну з дэталяў.

«Новы трактар «Беларус» за паўгода з моманту набыцця ламаўся чатыры разы»

Але не толькі на камбайны скардзяцца ў беларускіх калгасах. Газета «Рэспубліка» распавяла нядаўна пра «адчайны трактар» у Шчучынскім раёне:

«Адзін і той жа новы трактар «Беларус» за паўгода з моманту куплі ламаўся чатыры разы. Гэта значыць, з дзевяці выпадкаў адмоў тэхнікі ў раёне амаль палова - на ім. Паломкі у трактара розныя: разбурэнне падшыпніка, падцяканне алівы, выхад з ладу датчыка помпы дазатара».

МЕХАНІЗАТАРЫ ДЗМІТРЫЙ ШАТУНЬ І НОВЫ ТРАКТАР, ЯКІ ЛАМАЎСЯ ЎЖО ЧАТЫРЫ РАЗЫ

«УСЕ ПЫТАННІ ДА АЛЯКСАНДРА РЫГОРАВІЧА»

Сітуацыю, якая склалася, пракаментаваў былы кіраўнік канцэрна «Амкадор» Васіль Шлындзікаў. На ягоную думку, да няякаснай айчыннай тэхнікі маглі прывесці некалькі прычын.

«Першая - магчыма, машыны проста не дапрацаваныя канструктарамі. Другая - не выконваецца тэхналогія вытворчасці. Магчыма, праз фінансавыя праблемы мянялі адны матэрыялы на іншыя. Трэцяя прычына можа палягаць у дысцыпліне нашых працаўнікоў», - мяркуе Васіль Шлындзікаў.

Лукашэнка неаднаразова казаў пра неабходнасць павышэння якасці тэхнікі таго ж «Гомсельмаша». Чаму гэтага не адбываецца?

«Ён і дзяржава робяць усё, каб захаваць старую савецкую сістэму арганізацыі вытворчасці, якая не дазваляе ў прынцыпе вырабляць якасную тэхніку. Каб змяніць сітуацыю, патрэбна жорсткая канкурэнцыя і прыватная ўласнасць. Неабходна, каб уласнік нёс адказнасць за прадукцыю не проста на словах, як у нас цяпер адбываецца, а рублём. Так што ўсе пытанні да Аляксандра Рыгоравіча», - мяркуе Васіль Шлындзікаў.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках