1 траўня 2024, Серада, 7:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Копішча пра забудову вёскі: Гэта спародзіць класавую нянавісць

32
Жыхары Копішча пра забудову вёскі: Гэта спародзіць класавую нянавісць
ФОТА: «Онлайнер»

Неўзабаве ціхая вёсачка Копішча каля МКАД рызыкуе ператварыцца ў густанаселены раён.

Замест 15 тысяч жыхароў тут можа пасяліцца 47 тысяч, побач з катэджамі з'явяцца гмахі, дзіцячыя садкі, школы і шматлікія паркоўкі. Вядома, шмат каго з тутэйшых жыхароў, якія шукалі тут волі і спакою, такія перспектывы не радуюць. Ужо цяпер стары бярозавы гай стаў гарой трэсак, а ціхі куток пачаў ператварацца ў будучую шматгадовую будоўлю, піша «Онлайнер».

Як мы паведамлялі раней, у ліпені гэтага года на грамадскае абмеркаванне быў вынесены праект забудовы аэрадрома Баравая. Дэталёвы план мае на ўвазе пабудову гмахаў, дзіцячых садкоў, школ, паркінгаў, паліклінікі, гіпэрмаркета, паліўнай станцыі ды іншых аб'ектаў. Пра тое, што вёска будзе забудоўвацца, было вядома ўжо даўно, але да апошняга часу ніякіх падрабязнасцяў не паведамлялася, цяпер жа пра будучыя змены ведае ўся вёска. Пад 2030 год тут будзе жыць 47 тысяч чалавек, пабудуюць 837 400 кв.м жылля - гэта прыкладна 12 880 кватэр, 9 дзіцячых садкоў і 5 школ.

Гэткай маштабнай забудове радыя далёка не ўсё. Таццяна памяняла менскую кватэру на прыватны дом блізу дзесяці гадоў таму. Паводле ейных слоў, за гэты час яна тройчы перанесла навіны аб руйнаванні і забудове, але дагэтуль ім выпадала адбараніцца.

- Мы не супраць, каб людзі тут жылі, але трэба ведаць межы і кіравацца банальнай логікай: нельга будаваць 19-павярховыя дамы для тых, хто мае патрэбу, за некалькі мэтраў ад катэджнай забудовы. Цяпер я буду паліць камін і дыміць людзям у кватэры, мае суседзі будуць спальваць лістоту ўвосень, і ўсё гэта будзе ляцець проста ў жылыя дамы. Мы ж у сваю чаргу будзем заслоненыя ад сонца гэтымі даміно. Вось ўбачыце, гэта спародзіць класавую нянавісць: нас будуць называць буржуямі і ненавідзець, - абураная жанчына.

- Чаму б не аддаць гэтую тэрыторыю пад катэджную забудову? Усім было б добра, ніхто б не абураўся. Я пераязджала ў вёску таму, што мой сын хварэе на астму, ён мае дыхаць свежым паветрам. А цяпер места нас паглынае. Дайце нам застацца вёскай!

Гмахі і паркінг плануюць пабудаваць на месцы зялёнай зоны. На фота ніжэй выдатны бярозавы гай.

Да ўсяго іншага, Таццяна ўпэўненая, што дэталёвы план выкананы са шматлікімі парушэннямі, пра што яна разам з суседзямі ўжо паведаміла ў праваахоўныя органы. На ейную думку, глеба ў Копішчы непрыдатная для будаўніцтва масіўных збудаванняў: такую выснову яна атрымала ад эколагаў.

- Дарога на ўзлеску безупынна абсыпаецца: адбываецца эрозія глебы. Калі пачаць забіваць палі, пескавы глей будзе абсыпацца наўпрост у агароды нашых суседзяў. Эколагі сказалі, што глеба ўмоўна прыдатная для будаўніцтва, гэта значыць будаваць тут можна толькі прыватныя дамы, але ніяк не гмахі. Але на гэта, вядома, ніхто не звяртае ўвагі.

Разам з суседзямі Таццяна ўважліва вывучыла дэталёвы план. Паводле праекту архітэктараў школа будзе размешчаная паблізу старых могілак, а дзіцячая пляцоўка непадалёк ад паркінга.

Цяпер грамадскае абмеркаванне ўжо скончылася, людзі з бензапіламі выцерабілі гай з 1539 дрэў, і неўзабаве забудоўшчык зможа расчацца з падрыхтоўчымі работамі.

- Мы ведаем, што некаторыя людзі хочуць руйнавання і з радасцю пераехалі б у кватэры, але што застаецца нам? Я не магу перабрацца ў кватэру, але і тут жыць не змагу. Мы ў бязвыхаднай сітуацыі, - хвалюецца жанчына.

Цяпер актывісты спрабуюць дамагчыся перагляду праекта і ўнясення ў яго дадаткаў, пішуць скаргі ў разнастайныя інстанцыі і спрабуюць разабрацца з праблемай, праўда, пакуль развязаць яе выходзіць слаба.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках