2 траўня 2024, Чацвер, 16:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія мецэнаты: хто, колькі і на што ахвяруе праз краўдфандынг

3
Беларускія мецэнаты: хто, колькі і на што ахвяруе праз краўдфандынг

Беларусы ахвочыя выдаткоўваць на дапамогу іншым ад 2 рублёў да 60 тысяч даляраў.

Да 200 чалавек за дзень даюць грошы на чужыя ідэі і праекты. Самая вялікая аплата - 8200 рублёў. Гэта статыстыка краўдфандынгавай платформы talaka.by. Але чаму яны гэта робяць, даведалася euroradio.fm.

Святлана Анташкевіч узяла ўдзел у фінансаванні 15 праектаў. І гэта толькі на адной платформе. Самая вялікая аплата - 500 еўраў, на здымкі фільма.

"Часцей за ўсё я падтрымліваю сацыяльныя праекты, тое, чаму не можа даць рады наша дзяржава. Напрыклад, ёсць людзі, якія ахвочыя працаваць з сіротамі, або з людзьмі з інваліднасцю. Таксама падтрымліваю праекты, звязаныя з прасоўваннем нейкіх сфэр, кіно, напрыклад . Я працую ў цывільным сэктары, для мяне натуральна ахвяраваць грошы на нейкія праекты. у нашай сям'і самае вялікае ахвяраванне было 500 еўраў на сацыяльную драму. Штосьці мой муж падтрымлівае, ён праграміст".

Таксама Святлана рэгулярна пералічвае грошы на іншай краўдфандынгавай платформе, ulej.by.

Аляксандр Сяргееў, аўтар некалькіх IT-праектаў, падтрымлівае не толькі асобныя праекты, але і саму платформу talaka.by (уклаў блізу 7 тысяч даляраў). Агулам там ён падтрымаў 17 праектаў на 945 рублёў.

"Я інвестую ў "Талаку", дапамагаю рабіць гэтую пляцоўку. А наконт праектаў, я гляджу, наколькі яны могуць трансфармаваць у лепшы бок нашу краіну, наколькі сістэмна яны ўплываюць на змены ў краіне. Напрыклад, праект "Мова нанова" я падтрымліваю штомесяц, нешта пералічваю. Бо калі шмат людзей пачне размаўляць па-беларуску, іх колькасць увесь час будзе расці, стане крытычнай і па-беларуску загаворыць большасць".

Ігар Жабароўскі, працуе ў IT-сфэры, а дакладней, робіць адукацыйны праект, разлічаны на расейскі рынак, ужо пакінуў на "Талацэ" больш за 4 тысячы рублёў. Але самая вялікая ягоная дапамога - 60 тысяч даляраў на падтрымку дзяцей-сірот.

"Не ўсім зразумела, навошта мне гэта трэба. Але я зазвычай адказваю, што ў мяне такая філасофія: чым больш аддаеш у гэты свет, не важна, грошы гэта або эмоцыі, тым больш ты атрымліваеш наўзамен. Я ўдзельнічаю ў такіх акцыях не толькі праз інтэрнэт-платформы".

Кіраўніца праекта "Лятучы універсітэт" Таццяна Вадалажская паўдзельнічала ў падтрымцы 12 розных праектаў на агульную суму 330 рублёў.

"Я выбіраю праекты, якія падтрымліваю паводле зместу. Зазвычай, гэта блізкія мне ініцыятывы або людзі. Тады я разумею ўсю карысць, і што гэта будзе зроблена якасна. Гэта звязана болей не з жаданнем атрымаць новы прадукт, а з тым, што ты ў якасці падзякі нешта падтрымліваеш. Так у мяне было з новым альбомам Вольскага, напрыклад".

Праграміст, прадпрымальнік, прадстаўнік сярэдняга класа - такі партрэт беларускага мецэната малюе стваральнік "Талакі" Яўген Клішэвіч.

"22% тых, хто падтрымлівае праекты, падтрымалі два і больш. Некаторыя падтрымліваюць па 34 праекты. Самы вялікі ўклад быў 8200 рублёў, гэта адбылося сёння, 17 жніўня. Гэта праект аб падтрымцы лыжніка Сяргея Далідовіча ў Алімпійскіх гульнях. Больш за ўсё банк робіць сярэдні клас. Гэта і праграмісты, і прадпрымальнікі. Ёсць людзі, унёскі якіх невялікія, але рэгулярныя. Чалавек думае, закіну хоць два рублі, але закіну".

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках