9 траўня 2024, Чацвер, 2:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяржава гуляе ў «напарсткі» за кошт «дармаедаў»

16
Дзяржава гуляе ў «напарсткі» за кошт «дармаедаў»

У Беларусі можа выбухнуць інфляцыя.

Беларусы доўга жылі паводле інфляцыйнай спажывецкай мадэлі (шмат танных грошай, кошты, якія хутка растуць) - пляваліся, пракліналі яе, чакалі чарговай дэвальвацыі, бегалі ў абменнік, выносілі асартымент цэлых гандлёвых сетак у суседніх дзяржавах, але ў выніку неяк прыстасаваліся. У ліпені ў Беларусі нібыта ўпершыню зафіксаваная «дэфляцыя»: грошы дарагія і іх не стае.

Попыт прыціснулі безграшоўем, кошты - падзеннем попыту. Гэта нармальныя наступствы жорсткай крэдытна-грашовай палітыкі: хочаш ці не хочаш, але выдаткі даводзіцца зрэзаць услед за даходамі, таму няма грошай, каб пераплачваць за тавары і паслугі (а то і проста набываць іх). Аднак ліпеньская дэфляцыя ў Беларусі - пакуль адзінкавы паказчык, а не доўгатэрміновая тэндэнцыя, піша «Белгазета».

Дзесяцігоддзямі спажывец прывучаўся да процілеглага сцэнару: спачатку дзяржава запампоўвае сродкі ў ключавыя галіны, пасля чаго стартуе інфляцыйныя ралі з непазбежным фінішам - дэвальвацыяй. Інфляцыйныя чаканні застаюцца досыць высокімі, аднак значна горш тое, што яны воляй-няволяй правакуюць інфляцыйныя тэндэнцыі ў эканоміцы.

Урад недвухсэнсоўна звязвае стан спажывецкага рынку з сацыяльным самаадчуваннем - у 2015-16 гадах людзі часцей скардзіліся чыноўнікам на рост коштаў, чым на падзенне даходаў. Яшчэ недвухсэнсоўны інфляцыйны фактар уплывае на лёс пакета дакументаў у стымуляванні дзелавой актыўнасці - канкурэнцыя шмат у чым павінна не толькі павялічыць прапанову, але і збіць рост коштаў і інфляцыйных чаканняў. Пачатак восені - самы час паэксперыментаваць.

Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі настойліва паўтарае ў інтэрв'ю апошніх тыдняў, што не бачыць перадумоў для росту коштаў: «Мы для сябе планку паставілі, што цэны не будуць расці без пэўнай неабходнасці, таму што павінна быць канкурэнцыя на рынку. Мы вельмі за гэтым назіраем. У нас МАРГ добра працуе ў плане цэнаўтварэння. Даецца жорсткая ацэнка, калі раптам нехта парушае антыманапольнае заканадаўства. Не трэба чакаць росту коштаў!».

Аднаўленне спажывецкага попыту спалучанае з рызыкай росту інфляцыйнага ціску, здольнага перакрэсліць дасягненні Нацбанка апошніх гадоў. Таму попыт хочуць штучна прытрымаць.

У цэлым дынаміка спажывецкіх цэн працягвае станавіцца ўсё больш аднастайнай. Адбываецца паступальнае зрушэнне размеркавання прыростаў цэн і тарыфаў у бок павелічэння долі пазіцый, цэны на якія «ў гадавым вымярэнні не змяніліся альбо знізіліся». Гэтая тэндэнцыя сапраўды мае месца, аднак пакуль шквалістае беларускае цэнаўтварэнне ў поўнай меры не змаглі ўтаймаваць ні МАРГ, ні Нацбанк. Адсюль і жаданне эканамічнага блока перастрахавацца перад тварам інфляцыйных чаканняў.

За чый кошт банкет?

Як звычайна, Беларусь выходзіць з крызісу за кошт шараговага спажыўца. Рост экспарту адгукнуўся нязначным ростам ВУП, але амаль ніяк не адгукнуўся на ўнутраным рынку і ў спажыванні хатніх гаспадарак: прыкметы аднаўлення попыту па-ранейшаму слабыя нават у Менску. Як канстатуе ў сваім макраабзоры ЕАБР, «асноўнымі фактарамі стабілізацыі інфляцыйных працэсаў па-ранейшаму застаюцца слабая спажывецкая актыўнасць, умераныя тэмпы росту грашовай прапановы, адносная стабільнасць нацыянальнай валюты».

Пазітыўны сігнал на спажывецкім рынку аўтары макраабзора бачаць у «паступовым аднаўленні раздробнага тавараабароту, прырост якога ў траўні дасягнуў максімальных за апошнія гады значэнняў і склаў 2,9% у параўнанні з траўням 2016 года». На думку аналітыкаў ЕАБР, гэта робіць магчымым у II квартале «выхад у вобласць станоўчых значэнняў дынамікі выдаткаў на канчатковае спажыванне пасля запаволення падзення да 0,6% г/г у I квартале т.г.» (-2,9% паводле вынікаў 2016 г.).

Аднак звернем увагу на выснову экспэртаў аб тым, за кошт чаго блакуюцца інфляцыйныя намеры і падмарожваць попыт: «Стрымліваючым аднаўленне спажывецкага рынку фактарам застаецца скарачэнне рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва, якія ў студзені-красавіку 2017 года скараціліся на 1,5% у адносінах да адпаведнага перыяду папярэдняга года».

На гэтую лічбу «БелГазета» звярнула ўвагу яшчэ ў траўні, калі прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў самакрытычна прызнаў, што з 7 ключавых індыкатараў прагнозу «не выкананы толькі адзін паказчык - у рэальных грашовых даходах насельніцтва - 97,8% да ўзроўню мінулага года». А летась даходы таксама скарачаліся. Ды і пазалетась... І доўжыцца гэта зацягванне паясоў ужо трэці год.

«Дармаедскія» бунты ў лютым-сакавіку 2017 года справакаваныя не столькі дэкрэтам N3 (пры ўсім адміністрацыйна-фіскальным вар'яцтве ягонай першай рэдакцыі) і нават не столькі барацьбой з інфляцыяй за кошт кашалькоў насельніцтва, колькі эканамічнымі практыкамі двух папярэдніх дзесяцігоддзяў. Менавіта гэтыя практыкі зрабілі непазбежнаю і інфляцыю, і ўзмацненне жорсткасці крэдытна-грашовай палітыкі, і ручную рэвізію рынку працы з адловам «дармаедаў».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках