8 траўня 2024, Серада, 12:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторык: Архівы КДБ Беларусі ўтойваюць шмат злачынстваў

16
Гісторык: Архівы КДБ Беларусі ўтойваюць шмат злачынстваў
Дзмітрый Дрозд

Архівы спецслужбаў дагэтуль застаюцца пад заслонай таямніцы.

На сёння мы не ведаем не толькі імёнаў усіх рэпрэсаваных у часы бальшавіцкіх рэпрэсій, але нават да канца не ўяўляем іх маштабы. А без гэтага не зразумець, як дзяржава з прыгожымі і правільнымі ідэаламі сацыялізму скацілася ў рэпрэсіі. Такое меркаванне ў жывым эфіры «Еўрарадыё» выказвае гісторык Дзмітрый Дрозд:

- Мы не разумеем нават усяго маштабу рэпрэсіяў. Бо казалі пра 100 тысяч, 200 тысяч, а цяпер мы ў Беларусі гаворым пра 600 тысяч ахвяр бальшавіцкіх рэпрэсій. Але ж гэта не ўсе ахвяры. Рэпрэсіі заўсёды закраналі ўсю сям'ю. Не было так, што расстралялі аднаго чалавека, а астатніх гэта не кранула: уся сям'я станавілася «ворагам народа», для ўсёй сям'і практычна было закрытая будучыня: дзеці не маглі вучыцца, не маглі працаваць нармальна. Да ўсяго іншага, мы проста не разумеем, як дзяржава ў адно імгненне скацілася ў гэта. Два-тры загады - і ўсё: сотні тысяч ахвяр.

Даведацца ўсю праўду пра бальшавіцкі тэрор немагчыма без матэрыялаў, якія захоўваюцца ў архіве КДБ, кажа суразмоўца «Еўрарадыё». Але вывучаць гэтыя матэрыялы спецслужба Беларусі не дазваляе. Парушаючы беларускія ж законы, сцвярджае Дрозд.

- У адрозненне ад Літвы, Польшчы і Украіны, у Беларусі гэтыя архівы так і не адкрылі. А без свабоднага доступу да архіваў КДБ вывучаць тэму бальшавіцкіх рэпрэсій у Беларусі мы не можам. Не, у Нацархіве, у некаторых абласных архівах ёсць пэўныя матэрыялы аб раскулачаных, нават некаторыя іх справы былі туды перададзеныя, але для сур'ёзнага вывучэння тэмы ў гэтых архівах матэрыялаў няма. А трапіць у архіў КДБ практычна немагчыма цяпер: мы можам браць толькі матэрыялы сваяка, і то ў выпадку, калі давядзём, што гэта сваяк. Я звяртаўся ў КДБ з просьбай патлумачыць умовы свабоднай працы ў архіве КДБ мяне як гісторыка. Яны адмовілі, спасылаючыся на таямніцу асабістага жыцця. Але таямніца гэтая распаўсюджваецца толькі на 75 гадоў пасля смерці чалавека. У гэтым годзе 80-я гадавіна «вялікага тэрору». Адпаведна, усе падзеі 1937-1938 гадоў не падпадаюць ні пад якія абмежаванні. Няма ніякіх законных падстаў забараніць нам вывучэнне спраў, якім больш за 75 гадоў і якія захоўваюцца ў архівах КДБ. З іх усіх грыф сакрэтнасці даўно зняты, і яны павінны быць перададзены для вывучэння.

Са слоў гісторыка, менавіта гэтыя праблемы навуковага вывучэння тэмы бальшавіцкага тэрору ў Беларусі стануць асноўнай тэмай Форуму «Бальшавіцкі тэрор. Права на высвятленне ісціны». Форум пройдзе ў Менску 22 жніўня ў памяшканні Прэс-клуба.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках