4 траўня 2024, Субота, 3:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыватная выведка ЗША зрабіла прагноз аб вучэннях «Захад-2017» у Беларусі

4
Прыватная выведка ЗША зрабіла прагноз аб вучэннях «Захад-2017» у Беларусі

Расеі выгадна пакінуць у Беларусі сваю вайсковую тэхніку і ўзбраенне пасля манеўраў.

Супольныя вайсковыя вучэнні Расеі і Беларусі «Захад-2017», запланаваныя на 14-20 верасня, могуць быць больш маштабнымі і важнымі за папярэднія. Менавіта з дапамогай такіх манеўраў Расея рэгулярна пасылае Захаду адзін са сваіх стратэгічных мэсэнджаў. Падчас вучэнняў наўрад ці варта чакаць уварвання войскаў РФ ва Украіну або акупацыі Беларусі, але яны служаць нейкім паказчыкам таго, дзе Уладзімір Пуцін можа развязаць ваенныя дзеянні ў будучыні, піша амерыканская прыватная выведвальна-аналітычная кампанія Stratfor (пераклад – apostrophe.ua).

Ад халоднай вайны да прадвеснікам адраджэння Расеі

Як піша Stratfor, у савецкі перыяд вучэнні «Захад» паўсталі як спосаб для Масквы выпрабаваць новыя сістэмы ўзбраення, наладзіць узаемадзеянне паміж краінамі Варшаўскай дамовы і прадэманстраваць сваю вайсковую моц. Паводле звестак NATO, вучэнні дасягнулі свайго піку ў 1981 годзе, калі ад 100 да 150 тысяч савецкіх вайскоўцаў імітавалі ўварванне ў Нямеччыну і ядзерныя ўдары па заходніх краінах. Пасля распаду СССР інтэнсіўнасць вучэнняў знізілася, хоць нерэгулярна яны прадаўжаліся. Але ў верасні 2009 года, усяго праз год пасля таго, як расейска-грузінская вайна афіцыйна адзначыла адраджэнне Масквы як рэгіянальнай дзяржавы, вучэнні «Захад» аднавілі як рэгулярныя манеўры, якія праводзяцца супольна з Беларуссю.

У 2009 годзе ў іх узялі ўдзел, паводле афіцыйных звестак, 12,5 тысячы вайскоўцаў (7-8 тысяч з Беларусі і 5-6 тысяч з Расеі). Вучэнні правялі ў найважнейшых раёнах вакол балтыйскага рэгіёну, на іх імітавалі не толькі ўварванне ў Польшчу, але і тактычны ядзерны ўдар па Варшаве, што выклікала неспакой у дзяржаў-чальцоў NATO. Альянс паспрабаваў адправіць нямецкія знішчальнікі, каб перахапіць расейскі радыёлакацыйны самалёт, калі ён праляцеў паблізу эстонскай паветранай прасторы.

Наступныя вучэнні прайшлі ў 2013 годзе. Іх пашырылі, каб уключыць усе тыпы расейскіх войскаў і падраздзяленні хуткага рэагавання Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Паводле афіцыйных звестак, у іх тады ўдзельнічалі 12 тысяч вайскоўцаў, але заходнія вайскоўцы паведамлялі, што напроаўду іх было прынамсі ўдвая больш. Манеўры імітавалі атаку «балтыйскіх тэрарыстаў» на Беларусь, якая прывяла да змешанага адказу ў паветры, на моры і з гарадскімі баямі. Імітаваны ядзерны ўдар цяпер прыйшоўся па Швэцыі. Але больш важна, на меркаванне амерыканскіх аналітыкаў, тое, што многія з тактык, апрабаваных Расеяй падчас вучэнняў «Захад» у 2013 годзе, уключаючы выкарыстанне беспілотных лятальных апаратаў, пасля Масква ўжыла ў войнах ва Украіне і Сірыі.

Паслаць сігнал

Па меры набліжэння вучэнняў «Захад-2017», прызначаных на 14-20 верасня, напружанасць паміж Расеяй і Захадам расце. ЗША і NATO павялічылі сваю прысутнасць у краінах Балтыі, Польшчы і ў Чорным моры. Расея ж умацавалася ў сваіх межаў і павялічыла падтрымку рэгіянальных хаўруснікаў. Пасля пашырэння Вашынгтонам санкцый супраць Расеі, на што Крэмль паабяцаў адказаць «асіметрычна», Расея разлічвае выкарыстоўваць вайсковыя вучэнні, каб паслаць Захаду сігнал.

Заходнія назіральнікі чакаюць, што будучыя вучэнні будуць самымі маштабнымі з моманту стварэння супольнага з Беларуссю фармату. У краінах Балтыі баяцца, што Расея выкарыстоўвае манеўры, каб у адказ на ўмацаванне пазіцый NATO ўстанавіць у Беларусі сталую вайсковую прысутнасць. Украінскія афіцыйныя асобы выказалі трывогу з нагоды запланаванага Масквой выкарыстання сістэм СПА на мяжы Беларусі з Украінай. А экс-прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі нават папярэдзіў, што Расея «анэксуе» Беларусь падчас вучэнняў.

Пралічаныя рызыкі

Хутчэй за ўсё, гаворыцца ў матэрыяле, Расея не збіраецца выкарыстоўваць «Захад-2017» і як прыкрыццё для наступу на Украіну ці краіны Балтыі. Уварванне ў Балтыю прывядзе да актывацыі артыкула 5 Статута NATO аб калектыўнай абароне, а ненаўпроставая падтрымка канфлікту на Усходзе Украіны значна таннейшая для Расеі, чым было б наўпроставае ўварванне ў краіну, мяркуюць у Stratfor. У дадатак паназіраць за вучэннямі запрасілі прадстаўнікоў дзясяткаў краін NATO. Наўрад ці перад такой аўдыторыяй Расея пачне нейкія ваенныя дзеянні. Але, нягледзячы на гэта, падкрэсліўшы маштаб, значнасць і патэнцыйныя рызыкі, балтыйскім краінам удалося атрымаць ад Захаду дадатковую падтрымку на час вучэння..

У той жа час, як адзначаецца, нават калі Расея ўстрымаецца ад агрэсіўных крокаў падчас вучэнняў, яна ўсе адно можа выкарыстоўваць іх для будучых ваенных дзеянняў, напрыклад, пакінуўшы ў Беларусі вайсковую тэхніку і ўзбраенне пасля манеўраў. Або захаваць шырокую вайсковую прысутнасць у Калінінградскім эксклаве або ў заходніх рэгіёнах Расеі. Карыстаючыся тым, што Захад сканцэнтраваны на вучэннях «Захад-2017», Расея магла б нават падрыхтаваць сілы для ваеннай эскалацыі існых канфліктаў, напрыклад, на Усходзе Украіны.

Stratfor падкрэслівае, што вучэнні не перарастуць у анэксію або ваенны наступ, якіх баяцца Украіна і краіны Балтыі. Але яны адыгрываюць сімвалічную і практычную функцыі адказу Захад і падрыхтоўкі да будучых крокаў Расеі. Манеўры, несумненна, паспрыяюць далейшаму нарошчванню сілаў Масквой і Захадам, адначасова дэманструючы, дзе і як Расея мае намер выкарыстоўваць сваю вайсковую моц наступным разам.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках