6 траўня 2024, панядзелак, 5:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У вас вельмі цікавая мова, яна моцна адрозніваецца ад расейскай»

2
«У вас вельмі цікавая мова, яна моцна адрозніваецца ад расейскай»

Нямецкая спявачка знайшла ў беларускай мове падабенства з польскай і габрэйскай.

Адным з хэдлайнераў другога еўрапейскага фестывалю ежы і піва A-Fest, які прайшоў у Лошыцкім парку стаў нямецкі лаўнж-джаз-гурт De-Phazz. Яе вакалістка Пэт Эплтон распавяла The Village Беларусь пра сваё стаўленне да сацыялізму, габрэйскіх слоў у беларускай мове і вялікіх грошай, якія забіваюць мастацтва.

Пра сацыялізм і капіталізм

Я ведаю, што Менск шмат гадоў таму быў спалены практычна дашчэнту і адбудаваны ў новым, сацыялістычным стылі, скіраваным у будучыню. Мне гэта падабаецца. І калі казаць пра сацыялізм, то мне здаецца, што гэта была добрая ідэя, і сумна, што яна не спрацавала. Але давайце не будзем пра палітыку, таму што людзі, большая частка жыцця якіх прыпала на сацыялістычную эпоху, напэўна, думаюць, што гэта быў не лепшы перыяд. Я жыву ў капіталізме і думаю, што гэта наогул самае горшае, што можа быць. Але, як той казаў, у суседа трава заўсёды зелянейшая (смяецца).

Памятаю, калі я ўпершыню наведала Менск, то сустрэла мастака, што выцінаў з паперы ўзоры, цэлыя карціны ў традыцыйным стылі. Гэта быў вельмі асаблівы чалавек, які многае пабачыў. На жаль, я не памятаю яго імя, але для мяне сустрэча з ім застаецца адным з самых яркіх успамінаў.

А што тычыцца архітэктуры... Нармальная архітэктура, але, вядома, не тыя ўражанні, як ад Венецыі або іншага такога горада. Агульныя адчуванні - у Менску вельмі чыста. Я з Бэрліна, дзе людзі кідаюць смецце куды папала. А так як я выступаю за ахову навакольнага асяроддзя, то тут для мяне цудоўная абстаноўка.

Я прыемна здзіўленая тым, як нас сустрэла беларуская публіка. Усё было ўтульна, душэўна і атмасферна. Немцам ёсць чаму павучыцца ў беларусаў у плане арганізацыі фестываляў і прыёму артыстаў.

Немцам ёсць чаму павучыцца ў беларусаў у плане арганізацыі фестываляў

Не люблю стэрэатыпы, але некаторыя з іх верныя. У славян вялікае сэрца. Магчыма, тут людзі адчуваюць музыку лепш, чым у іншых краінах, бо ў Заходняй Еўропе слухачы перасычаныя інфармацыяй. Ім здаецца, што яны ўжо ўсё пабачылі. Гэта можна параўнаць з тым, што чалавек, які звыкся да разнастайнасці ежы, не адчуе смаку асаблівай стравы.

Пра беларускую мову і забойства жывёл

У вас вельмі цікавая мова, якая моцна адрозніваецца ад расейскай, у ёй ёсць нешта польскае і габрэйскае. Напрыклад, слова «паштамт».

Напэўна, праз доўгі савецкі ўплыў мы мала што ведаем пра беларускую культуру. Дранікі - выдатна! Добрая страва для мяне, бо я не ем мяса і наогул прадукты жывёльнага паходжання. Але для смятаны часам раблю выключэнне.

Калі мы не можам забіць жывёлу ўласнымі рукамі, значыць, не мае права яе і есці. Памятаю, калі я была ва Узбекістане, спецыяльна для мяне зарэзалі барана, і я сказала: «Добра, звычайна я не ем мяса, але гэтым разам пакаштую». І гэта сапраўды быў дэлікатэс.

Я паважаю жыццё і права жывёл на яго, але не люблю інстытуты кшталту PETA, бо мне не падабаюцца іх метады і тое, як яны паводзяць сябе на публіцы. Такія праблемы трэба вырашаць па-іншаму.

Складана забараніць людзям есці мяса, калі яно ім падабаецца. Таму атрымлівайце асалоду, але старайцеся прынамсі гуманна забіваць жывёл у разумных колькасцях, а не сотнямі і тысячамі без асаблівай неабходнасці. Калі трэба, забіце і з'ешце адну жывёлу на тыдзень. А лепш есці гародніну з градкі вашай бабулі.

Пра грошы і мастацтва

Бэрлін хутка змяняецца дзякуючы людзям, у якіх вельмі шмат грошай. І тут ізноў узнікае пытанне капіталізму, які разбурае мастацтва, бо ў багатых ёсць грошы на ўсё, акрамя музыкі і мастацтва.

Цяпер мастацтва ўжо не такое... не такое натуральнае, якое мусіць быць. Раней ты мог быць бедным, але тым не менш не перажываць з гэтай нагоды. А зараз... Думаю, гэта праблема ўсіх хіп-гарадоў. Калі ў іх укладваюць грошы, сыходзіць пачуццё свабоды. Добра, калі ёсць грошы, але дрэнна, калі іх занадта шмат.

Пра крадзеж інтэлектуальнай уласнасці

Пытанне ў тым, каму належыць мастацтва? Калі хтосьці плаціць за маю музыку, то чаго ад мяне чакаюць? Я ствараю музыку і выкладваю яе ў Сеціва. І калі яна камусьці спадабаецца, чалавек можа яе купіць. А калі не, то няхай не купляе. Ці не крадзе (смяецца).

Крадзеж інтэлектуальнай уласнасці - гэта наша праблема. Дапусцім, мы выпусцілі альбом, і ён тут жа апынуўся на YouTube. Я спачатку знервавалася, але потым падумала, што мне ўсё роўна патрэбна рэклама.

Добра, калі ёсць грошы, але дрэнна, калі іх занадта шмат

У Інтэрнэце ёсць добрыя і дрэнныя бакі. Але я думаю, што ўсё павінна быць справядліва. Калі я што-небудзь аддаю, то хачу рабіць гэта сама, а не каб хтосьці вырашаў за мяне. І я рада, што магу выступаць на бясплатных для гледача канцэртах, таму што для мяне гэта таксама спосаб выжыць у сучасным свеце.

Часам я не ведаю, што пісаць на нашай старонцы ў Facebook, можа, вы падкажаце? Не, я не буду выкладваць фота з турнэ да самага вяртанне, бо не хачу, каб маю кватэру абакралі, пакуль я тут (смяецца). З нейкай прычыны тэлефонная кампанія ўнесла мой адрас ва ўсе даведнікі. А на патрабаванне прыбраць толькі адказала: «Выбачайце, але нічога змяніць не можам».

Пра сучасную музыку

Часам я супрацоўнічаю з маладымі музыкамі; напрыклад, нядаўна пазнаёмілася праз Інтэрнэт з двума вельмі таленавітымі ўкраінскімі дыджэямі - дуэтам Louder Than Words.

Я раю паслухаць спевака з Ісландыі Asgeir Trausti. Ён грае выдатны фолк, у мяне мурашкі па скуры ад яго голасу. Мой бойфрэнд кажа, што я ў яго закаханая, а я адказваю: «Ды не, проста фанацею ад яго музыкі» (смяецца). Гэты музыкант цудоўны, калі ён сюды прыедзе, людзі будуць у захапленні, я вас запэўніваю.

Не скажу, што я фанатка традыцыйнай музыкі 30-х гадоў. Проста калі ўжо рабіць рэмікс на песню, то гэта трэба рабіць добра. Калі хтосьці зробіць добрую музыку і зможа мне растлумачыць яе сэнс, то мне спадабаецца, і я скажу: «О, добра, цудоўна». Але тут шмат што залежыць ад майго настрою. Пяцьдзесят на пяцьдзесят - альбо яго пацалую, альбо адсяку яму галаву. Валар моргуліс! (смяецца).

Пра эміграцыю

Я сама чалавек з шматнацыянальнай сям'і, тата афрыканец, мама немка. І хоць я ведаю абедзве культуры, мне бліжэй менавіта нямецкая, бо мама для мяне больш важная, чым бацька. І праз нейкі прамежак часу я вырашыла, што хачу вярнуцца ў Нямеччыну, жыць там і быць немкай. Мне няцяжка ідэнтыфікаваць сябе такім чынам, бо гэта маё дзяцінства і мая гісторыі. Думаю, тутэйшым людзям гэта таксама нескладана, бо вы ведаеце, адкуль вы родам.

Лічу, калі чалавек пакідае сваю родную краіну і прыязджае, дапусцім, у ЗША ці Францыю, ён павінен не толькі памятаць, адкуль ён, але і прыняць культуру новай радзімы. Калі ты прыехаў у Францыю, то, чорт вазьмі, вывучы ўжо французскую мову, калі хочаш там жыць!

Аднойчы я паспрабавала запісаць нямецкі альбом у традыцыйным стылі. Ён выйшаў... добрым, але шакаваў людзей. Яны пыталіся: «Чаму ты раптам запісала такую музыку?» А на самай справе я зрабіла яго для мамы, бо была ўпэўненая, што яна гэтага заслугоўвае. І мне дастаткова таго, што ён ёй вельмі спадабаўся.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках