6 траўня 2024, панядзелак, 13:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кім Чэн Лу

54
Кім Чэн Лу

Традыцыі КНДР знайшлі дастасаванне на беларускай зямлі.

Лукашэнка заявіў пра стварэнне на «Гомсельмашы» суперкамбайна, які будзе пераўзыходзіць імпартныя аналагі. Наколькі рэальна выканаць гэтую задачу?

На нарадзе 22 жніўня кіраўнік пра стварэнне суперкамбайна выказаўся лаканічна.

- Я не буду раскрываць усе сакрэты, але такія задумкі і ўжо канкрэтныя напрацоўкі ў канструктараў ёсць, - адзначыў Лукашэнка, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Заіка: Магчыма, сакрэт заключаецца ў стварэнні беспілотнай машыны

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка распавёў «Заўтра тваёй краіны», што сёння тэхналогіі імкліва развіваюцца і «Гомсельмашу» будзе не проста выйграць канкурэнцыю нават у калег з Расеі.

- Расейцы цяпер працуюць у новым напрамку: яны сталі рабіць беспілотныя сельскагаспадарчыя машыны, якія будуць кіравацца без непасрэднага ўмяшання чалавека. Калі беларусы думаюць над стварэннем такога камбайна, то яны на правільным шляху, - кажа эканаміст.

Леанід Заіка называе стварэнне беспілотнай тэхнікі самым перспектыўным кірункам і не выключае, што Аляксандр Лукашэнка меў на ўвазе яе, калі казаў пра «сакрэты».

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» мяркуе, што галоўнай умовай паспяховага вырашэння пастаўленай задачы з'яўляецца пісьменная праца канструктараў. І прыводзіць у прыклад словы кіраўніка японскай «Таёты», які, адказваючы неяк на пытанне пра якасць сваіх аўтамабіляў, сказаў, што праблем з якасцю быць не павінна, калі канструктары ўсё прадумалі.

Разам з тым Леанід Заіка не ўпэўнены, што пасля гучнай заявы кіраўніка дзяржавы аб стварэнні суперкамбайна рушыць услед масавая вытворчасць такіх машын у краіне.

- Калі КНДР адзначала 50-гадовы юбілей, улады далі ўказанне вырабіць да гадавіны дзве копіі «шасцісотых» мэрсэдэсаў. І яны былі зробленыя - адзін да аднаго. Відавочна, традыцыі таварышаў Кім Ір Сена і Кім Чэн Іра знайшлі дастасаванне на беларускай зямлі, - кажа эканаміст.

Шлындзікаў: У цяперашняй сістэме вельмі складана дамагчыся высокай якасці тэхнікі

Былы кіраўнік канцэрна «Амкадор» Васіль Шлындзікаў адзначае: няма падстаў думаць, што канструктарскія падраздзяленні «Гомсельмаша» з'яўляюцца некваліфікаванымі.

- Але пытанне ў выкананні. Я вельмі сумняваюся, што ў нас могуць сапраўды стварыць суперкамбайн. У цяперашняй сістэме вельмі складана дамагчыся высокай якасці вырабаў. Галоўнае, што ў нас няма канкурэнцыі. А калі яе няма - няма адказнасці. Адсюль магчыма ўсё: тэхналагічны брак, канструктыўны. Людзі не нясуць персанальнай адказнасці за дапушчаныя хібы, - кажа Васіль Шлындзікаў.

Гэтымі ж прычынамі былы кіраўнік канцэрна «Амкадор» тлумачыць тое, што, нягледзячы на папярэднія патрабаванні кіраўніка дзяржавы да «Гомсельмаша» пра павышэнне якасці тэхнікі, скаргі на яе не знікаюць.

Васіль Шлындзікаў таксама адзначае, што дагэтуль прадукцыя «Гомсельмаша» галоўным чынам была запатрабаваная ў Расеі, таму сумняваецца, што беларускія камбайны выйграюць канкурэнтную барацьбу з заходнімі вытворцамі.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках