6 траўня 2024, панядзелак, 9:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Гомеля бароняць святую крыніцу

4
Жыхары Гомеля бароняць святую крыніцу

Сакральнае месца штодня наведвае блізу ста чалавек.

Актывісты партыі "Зялёныя" разам з жыхарамі Гомеля спрабуюць выратаваць ад вырубкі дрэвы ля крыніцы і купелі, якія знаходзяцца ва ўрочышчы за вуліцай Юбілейнай, паведамляе «Белсат».

Некалькі дзён таму працаўнікі прадпрыемства «Гомельскія цепласеткі» пачалі там працы, бо гарадскія ўлады прынялі рашэнне аб добраўпарадкаванні.

«Паводле народных прыкмет, нельга пілаваць дрэвы ля крыніцы, – кажа сталы наведнік крынічкі Генадзь Тарасевіч, – моцныя карані дрэваў, акумулююць ваду. Калі іх спілаваць, крыніца можа засохнуць. Я згодны, што добраўпарадкаваць купель трэба, нават гатовы сам паўдзельнічаць у добраўпарадкаванні, і нават даць на гэта грошы. Але ні ў якім разе нельга секчы дрэвы ў гэтым месцы, бо можа парушыцца водны баланс».

Крыніцу і купель штодня наведвае блізу ста асоб. Гамельчукі вераць у цудадзейную сілу крынічнай вады і распавядаюць пра выпадкі вылечвання хвароб.

«Некалькі гадоў таму мужчына з кійком пачаў акунацца ў купель рэгулярна, – распавядае мясцовы жыхар Аляксандр, – праз нейкі час у яго перасталі балець ногі і ён стаў хадзіць без кійка. Вада з крынічкі смачная, людзі набіраюць яе ў бутлі, прыязджаюць і з іншых раёнаў».

Гамельчукі, якія вартуюць дрэвы ля крынічкі, перакананыя, што такія пытанні павінны абмяркоўвацца з грамадскасцю і спецыялістамі.

«Трэба вельмі ашчадна падыходзіць да гэтага куточка прыроды. Ва ўрочышчы захавалася некранутая прырода. Гэта падобна на джунглі, я туды спрабаваў пралезці, у мяне не атрымалася – і крынічка б’е, струменьчык. А яны хочуць «добраўпарадкаваць». Гэта што? Мёртвую кафельную плітку пакласці, зрабіць проста басейн, замураваць. Але ўжо частку дрэваў спілавалі, нібыта, яны небяспечныя. Калі яны небяспечныя, існуюць тэхналогіі як іх захаваць, зменшыўшы рызыкі ад магчымага падзення», – кажа актывіст партыі «Зялёныя» Аляксандр Снітко.

У канцылярыі Гомельскай епархіі патлумачылі (тэрыторыя, на якой знаходзіцца крынічка і купель – у арэндзе праваслаўнага манастыра), што добраўпарадкаваннем займаюцца гарадскія службы. Усе працы робяцца паводле закону: зроблена праектная дакументацыя, працы ўзгоднены з усімі зацікаўленымі службамі.

«Дрэвы ўжо старыя, яшчэ 10 год і паводле санітарных норм іх трэба будзе высякаць, – заявілі ў канцылярыі Гомельскай епархіі. – Жыхары гадамі скардзяцца, нават прэзідэнту на кепскі стан крынічкі і купелі, маўляў, там памыйніца, бамжы. Людзі просяць навесці парадак. Купель будзе з пліткі (яна ўжо зробленая), бо дрэва недаўгавечны матэрыял, будзе гніць. Замест пасечаных дрэваў будуць высаджаны туі. Яны будуць забяспечваць цень. Падыходы да крынічкі таксама будуць з пліткі. Гэтым усім займаецца горад, адміністрацыя раёну».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках