6 траўня 2024, панядзелак, 0:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ЗША даведаліся, якія сумы хаваюць у афшорах расейскія багацеі

18
У ЗША даведаліся, якія сумы хаваюць у афшорах расейскія багацеі

1% самых багатых валодае да 25% нацыянальнага даходу.

Аб'ём афшорнага капіталу расейцаў перавышае прыкладна ўтрая ўзровень валютных рэзерваў краіны. Грамадзяне захоўваюць у афшорах суму, роўную 75% нацыянальнага даходу, аб'ём рэзерваў краіны складае 25% ад ВНД. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе «Ад саветаў да алігархаў: няроўнасць і ўласнасць у Расеі, 1905-2016», падрыхтаваным Нацыянальным бюро эканамічных даследаванняў - прыватнай некамерцыйнай даследчай арганізацыяй ЗША. Аб'ём афшорных актываў супастаўны па велічыні з сукупнымі актывамі ўнутры краіны, адзначаецца ў дакуменце, піша rbc.ru.

«Гэта значыць, за мяжой - у Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Кіпры і іншых такіх афшорных цэнтрах - змяшчаецца столькі ж фінансаў багатых расейцаў, колькі ўсё насельніцтва Расеі трымае ўнутры сваёй краіны», - падкрэсліваюць аўтары дакладу, Філіп Навакмет і Томас Пікеці з Парыжскай школы эканомікі і Габрыэль Цукман з факультэта эканомікі Універсітэта Каліфорніі.

Паводле звестак Расстата, ВНД Расеі ў 2016 годзе склаў 83,7 трлн рублёў. Зыходзячы з ацэнак аўтарамі дакладу аб'ём афшорнага капіталу ў 75% ВНД, атрымліваецца, што ў афшорах захоўваецца блізу 62,7 трлн рублёў.

Расея стала краінай, дзе праблема афшорнага капіталу і трансгранічных актываў стала найбольш значнай, мяркуюць аўтары дакумента. Ёсць істотныя разыходжанні ў базавай эканамічнай і фінансавай статыстыцы: між іншым, вялікі разрыў паміж вельмі высокім прафіцытам гандлю ў перыяд з 1990 да 2015 года і адносна абмежаваным узроўнем назапашвання замежных актываў. «Адток капіталу і афшорны капітал - натуральныя кандыдаты на тлумачэнне гэтага парадоксу», - адзначаецца ў тэксце.

З 1989 да 2016 года аб'ём нацыянальнага даходу на аднаго дарослага расейца вырас прыкладна на 40%, з крыху больш за €16 тысяч да блізу €24 тысяч (у еўра 2016 года з улікам ППЗ). Разрыў па ўзроўню нацыянальнага даходу на дарослую душу насельніцтва паміж Расеяй і краінамі Заходняй Еўропы за гэты перыяд таксама змяніўся: у 1989-1990 гадах узровень жыцця ў Расеі складаў 60-65% ад заходнееўрапейскага, да сярэдзіны 2010-х гадоў ён склаў 70-75% .

Адзначаюць аўтары і няроўнасць у даходах у Расеі, яна расло з 1990 гадоў. Цяпер 1% самых багатых расейцаў валодаюць 20-25% нацыянальнага даходу. «Мы таксама ўстанавілі, што няроўнасць значна больш вырасла ў Расеі, чым у Кітаі ці былых камуністычных краінах Усходняй Еўропы, мы звязваем гэта з той пераходнай стратэгіяй, якой прытрымлівалася Расея», - гаворыцца ў дакладзе.

«Сцісла, вынікі нашага даследавання паказваюць на экстрэмальны ўзровень няроўнасці ў Расеі і канцэнтрацыю рэсурсаў, што захавалася на аснове рэнты. Гэта наўрад ці найлепшы рэцэпт для ўстойлівага развіцця і росту», - робяць выснову аўтары. Афіцыйныя звесткі аб няроўнасці «значна недаацэньваюць» канцэнтрацыю даходаў у Расеі, гаворыцца ў заключнай частцы дакладу.

Аналізу няроўнасці ў Расеі перашкаджаюць адсутнасць доступу да неабходных звестак і фінансавая непразрыстасць, адзначаюць аўтары. Даступныя звесткі аб падатках на даходы ўтрымліваюць у сабе хібы.

«Драматычны правал савецкага камунізму і эгалітарнай ідэалогіі [...], відаць, прывёў да высокага ўзроўню талерантнасці да няроўнасці і да канцэнтрацыі прыватнай уласнасці, якая часткова - вынік разграблення нацыянальных рэсурсаў краіны і замежных рэзерваў», - мяркуюць аўтары дакладу. Крайняя ступень няроўнасці здаецца ў Расеі дапушчальнай, калі мільярдэры і алігархі выказваюць лаяльнасць дзяржаве і нацыянальным інтарэсам, адзначаюць яны. Ці захаваецца гэта «крохкая раўнавага» найбліжэйшымі гадамі і дзесяцігоддзямі, невядома.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках