6 траўня 2024, панядзелак, 6:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ў Польшчы можна адкрыць беларускамоўную групу ў садку, а ў Беларусі не?

11
Чаму ў Польшчы можна адкрыць беларускамоўную групу ў садку, а ў Беларусі не?

У Варшаве з верасня пачнуць працаваць беларускія дашкольныя і школьныя групы.

Гэта стала магчымым дзякуючы намаганням беларусаў, якія пастаянна пражываюць у польскай сталіцы.

«Хачу падкрэсліць, што гэта не беларускамоўны клас, гэта называецца міжшкольная група і міждашкольная група, - тлумачыць Еўрарадыё перакладчыца і адна з бацькоў-ініцыятараў Марыя Луцэвіч-Напалкова. - Гэта значыць дзеткі з розных садоў і школ у Варшаве будуць збірацца раз у тыдзень у прызначанай школе і вывучаць беларускую мову. Польская сістэма адукацыі прадугледжвае такія заняткі для нацыянальных меншасцяў. То бок, гэта будзе адбывацца ў форме дадатковых заняткаў, але яны будуць у выніковым атэстаце».

Са слоў Марыі, на стварэнне такіх груп не трэба збіраць ні пачкі дакументаў, ні доўгіх перамоваў з чыноўнікамі, ні тлумачэнняў прычын для вывучэння беларускай мовы. Дастаткова жадання і пісьмовага паведамлення дырэктара школы або садка, дзе вучыцца дзіця. І ўжо дырэктар перадае інфармацыю вышэй.

«Гэта значыць, мы проста выкарысталі тыя інструменты, якія існуюць, - працягвае Марыя. - Мы распаўсюдзілі гэтую інфармацыю сярод бацькоў-беларусаў, ад якіх атрымалі вялікую падтрымку. Падтрымалі нас гарадскія ўлады і Міністэрства адукацыі Польшчы, якое нам патлумачыла, якая менавіта гэтая працэдура, што трэба для гэтага зрабіць, якое апавяшчэнне і куды аднесці, у міністэрстве нам дапамаглі знайсці добрую пляцоўку недалёка ад метро. таму мы думаем, што гэта толькі пачатак, таму што ініцыятыва толькі раскручваецца і, думаю, ахвочых будзе ўсё больш».

Цяпер дырэктар варшаўскай школы №395 разглядае кандыдатуры настаўнікаў. Але дакладна, выкладаць дзецям будзе носьбіт беларускай мовы - гэта адно з асноўных патрабаванняў бацькоў.

Некалькі тыдняў таму паведамлялася пра бацькоў з Гомеля, якія спрабавалі знайсці ў сваім горадзе беларускамоўную групу ў садку. На ўвесь абласны цэнтр такая была толькі адна і толькі для старэйшых дзяцей. Новыя групы адкрываць у Гомелі палічылі немэтазгодным, бо не знайшлі дастатковай колькасці ахвочых.

Паводле беларускіх нормаў, для стварэння малодшай групы неабходна не менш як 15 дзяцей, для старэйшай - 20. Калі ж большасць выбірае расейскую мову адукацыі, то меркаванне ахвочых навучацца па-беларуску проста не ўлічваецца. Для параўнання, у Польшчы, каб стварыць групу з беларускай мовай, досыць траіх вучняў - у пяць-шэсць разоў менш, чым у Беларусі.

Гомельская гісторыя скончылася нічым, бо ў садку правялі анкетаванне, паводле выніку якога за беларускамоўную групу прагаласавалі 4 чалавекі, 10 не вызначыліся, а 17 аддалі перавагу расейскамоўнай адукацыю. Аматарам роднай мовы прапанавалі шукаць магчымасці для індывідуальнай адукацыі або прымаць выбар большасці. Астатнія будуць выхоўвацца толькі па-расейску.

У Варшаве беларускамоўныя групы дагэтуль фармуюцца, і ахвочых становіцца ўсё больш. Калі так пойдзе далей, то ініцыятары ідэі падумваюць і пра магчымасць стварэння сапраўднага беларускамоўнага класа, а з цягам часу, можа, і школы. Усіх беларусаў Варшавы, якія хочуць, каб іх дзеці ведалі родную мову, Марыя Луцэвіч-Напалкова запрашае на сустрэчу, якая адбудзецца 11 верасня а 18:00 у варшаўскай пачатковай школе №395. Калі ёсць нейкія пытанні па арганізацыі такіх класаў у іншых гарадах Польшчы, то Марыя прапануе звязвацца з ёй праз e-mail sadok.warszawa@gmail.com, ці напрамую ў Facebook.

Паводле афіцыйных звестак, цяпер у Беларусі на роднай мове навучаюцца 9,7% дзяцей. Для параўнання, у 2010 годзе беларускамоўную адукацыю атрымлівалі 12,8% навучэнцаў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках