19 траўня 2024, Нядзеля, 17:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Баранавіцкія ІП: «У чужынцаў ёсць заступнікі ў вярхах

38
Баранавіцкія ІП: «У чужынцаў ёсць заступнікі ў вярхах
ФОТА: ЯЎГЕН ЦІХАНОВІЧ

Азіяцкія гандляры выцясняюць баранавіцкіх ІП.

Як грыбы пасля дажджу, у краіне з'яўляюцца «азіяцкія» крамы, якія гандлююць дзіўна нізкімі коштамі.

Яны адкрываюцца ў добрых гандлёвых месцах. Працуюць ва ўзорным бізнэс-клімаце, пры лаяльным стаўленні ўладаў, аднак пры нянавісці і зайздрасці мясцовых прадпрымальнікаў, якія упэўненыя, што прадаваць такім коштам можна толькі «шэрую» прадукцыю, і патрабуюць роўных умоў працы, піша intex-press.by.

«Чыстая бавоўна» з паліэстару

Нядзеля, 13 жніўня. У краме, якая заваблівае пакупнікоў шыльдамі «вялікі распродаж», «кошты ад 50 капеек», шматлюдна. Людзі разглядаюць тавар, прыцэньваюцца, прымяраюць.

Асартымент – ад дыванкоў для ваннага пакою і дзіцячых заплечнікаў да верхняга адзення і коўдраў. Кошты разы ў паўтара-два ніжэйшыя, чым на рынку. Напрыклад, цэннік на жаночыя халаты стартуе з 10 рублёў (на рынку такі ўдалося знайсці мінімум за 20 рублёў), на дзіцячыя спартовыя касцюмы – з 25 рублёў (на рынку за аналагічны – ад 35 рублёў).

– Дачку да школы цалкам апранула за 200 рублёў, – кажа адна з пакупніц. – Калі б закуплялася ў іншых крамах, і некалькіх заробкаў не высчтарчыла б.

Зразумець, з чаго зробленыя некаторыя рэчы, складана: на многіх проста адсутнічаюць звесткі аб складзе. Краіна паходжання тавару таксама паказаная не ўсюды. Там, дзе гэтыя звесткі ёсць, вытворцам значыцца Узбекістан або Кітай.

Выбраўшы некалькі дзіцячых цішотак, на якіх адсутнічаюць якія-небудзь этыкеткі, за выключэннем цэнніка (2 рублі), падыходжу да прадаўца і пытаюся пра склад тавару.

– Гэта бавоўна, – кажа прадавачка.

На пытанне, ці ёсць на майкі сертыфікаты, прадавачка ўпэўнена адказвае «вядома, ёсць», але знаходзяцца ў дырэктара, якога цяпер няма. Дзяўчына раіць падысці пазней, але і праз некалькі гадзін ні дырэктар, ні сертыфікат у краме не з'яўляюцца.

У панядзелак, 14 жніўня, іду ў іншую такую краму. Бяру дзіцячы плед без усякай маркіроўкі, пытаюся ў прадаўца пра склад тавару і сертыфікат якасці. Мужчына...нюхае плед і ўпэўнена заяўляе, што гэта «чыстая бавоўна». Толькі праз хвілін 20 мне паказваюць ксеракопію сертыфіката на пасцельную бялізну і пледы пэўных марак. У ёй пазначана, што пледы зробленыя з поліэстара. Пытанні, як можна вызначыць, што гэты сертыфікат менавіта на гэты плед (бо на вырабе няма ні назвы фірмы, ні краіны-вытворцы) і чаму да гэтага мяне запэўнівалі, што баваўняны плед, засталіся без адказу.

Адным законы пісаныя, а іншым не

Масавае з'яўленне крам, якія прадаюць прадукцыю капеечнымі коштамі, назіраецца ва ўсёй краіне і набірае абароты. Працуюць там прадаўцы з Сярэдняй Азіі, хоць ёсць і мясцовыя. Каму належаць крамы – невядома. Але ў Баранавічах, напрыклад, яны аформленыя на беларускіх прадпрымальнікаў.

Адкуль ідуць гэтыя велізарныя плыні прадукцыі і як ім атрымоўваецца перасекчы мяжу, таксама дакладна невядома. На думку Анатоля Змітровіча, дырэктара аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, тавар можа ісці з Кітая праз адну з краін ЕАЭС, якія мяжуюць з Кітаем. Гэта ці Расея, ці Казахстан. Змітровіч упэўнены, што існуе адзіны цэнтр, які каардынуе дзеянні гандляроў з Сярэдняй Азіі, паведамляе «Белгазета».

Прадпрымальнікі абураныя такой канкурэнцыяй, якая «адбіла ў іх апошніх пакупнікоў» і паставіла ў няроўныя варункі вядзення бізнэсу.

– Ад нас патрабуюць маркіраваць тавары, купляць сертыфікаты, а яны гандлююць без усялякіх правілаў, – кажа адзін з баранавіцкіх прадпрымальнікаў. – Гэта значыць, адным законы пісаныя, а іншым не? Калі б да мяне прыйшлі, а ў мяне не было сертыфікату, то, напэўна, увесь тавар сканфіскавалі б, а можа, і наогул забаранілі б мне гандляваць. А тут проста заплюшчваюць вочы. Напэўна, хтосьці ўсё гэта страхуе.

На думку баранавіцкіх ІП, прадаваць сертыфікаваную прадукцыю

легпрама такімі нізкімі коштамі немагчыма.

– Я прадаю майкі, на якія ў мяне ёсць сертыфікаты, па 15 рублёў. Працую ў нуль, бо калі падыму кошт, у мяне іх ніхто не купіць, – кажа адзін з баранавіцкіх ІП. – А «азіяты» нейкім дзіўным чынам прадаюць такі тавар у разы танней. Як такое магчыма, толькі калі гэта не нелегальны тавар з ліпавымі сертыфікатамі?

«Якая мне розніца, дзе гэты халат шылі»

Затое пакупнікі, чый узровень даходаў не дазваляе быць патрабавальнымі з нагоды якасці і бяспекі прадукцыі, новымі крамамі задаволеныя.

– Якая мне розніца, дзе гэты халат шылі і ці ёсць ў яго сертыфікат, – кажа жанчына, якая не першы раз атаварваецца ў краме нізкіх коштаў. – Галоўнае – танны.

Як паведамілі «IP» у аддзеле гандлю і паслуг Баранавіцкага гарвыканкама, гараджане ні разу не звярталіся да іх з нагоды дрэннай якасці прадукцыі ў крамах нізкіх коштаў. Не было аналагічных зваротаў на гарачую лінію гарвыканкама або ў таварыства абароны правоў спажыўцоў.

«У гэтай справе трэба ставіць кропку»

А вось у кантрольных органаў прэтэнзіі да такіх крам ёсць. Паводле звестак сайта Берасцейскай абласной інспекцыі Дзяржстандарту, на 269 з 271 правераных тавараў вытворчасці Узбекістана, Кіргізіі, Кітая і іншых адсутнічалі сертыфікаты або ідэнтыфікаваць прадукцыю з прадстаўленым сертыфікатам было немагчыма праз няпоўную маркіроўку.

Чаму ж правяраючыя органы глядзяць скрозь пальцы на прадаўцоў і іх тавары, якія нясуць патэнцыйную пагрозу здароўю мясцовага насельніцтва? У Баранавіцкім аддзеле Берасцейскай абласной інспекцыі Дзяржстандарту Intex-press патлумачылі, што спецыялісты аддзела могуць праводзіць толькі маніторынгі гэтых гандлёвых месцаў. А паўнамоцтвы спецыялістаў інспекцыі Дзяржстандарта пры маніторынгах абмежаваныя.

– Калі мы знаходзім тавары без сертыфікатаў, мы забараняем іх да рэалізацыі, кантралюем, як прадпрыемства іх канфіскавала з продажу, – кажуць у Баранавіцкім аддзеле Берасцейскай абласной інспекцыі Дзяржстандарту.

Больш сур'ёзныя захады (напрыклад, прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці з наступным разглядам справы ў судзе) можна ўжываць толькі ў выніку праверак. Але, паводле беларускага заканадаўства, праверкі можна праводзіць, калі прадпрыемства зарэгістраванае больш за два гады таму. А гэтыя суб'екты гаспадарання з'явіліся нядаўна.

Дзяржстандарт, у якога рукі звязаныя, апелюе да ініцыятывы мясцовых уладаў.

– Складваецца ўражанне, што акрамя наглядных органаў больш нікога няма. Тавар, які не мае права знаходзіцца на рынку з прычыны адсутнасці якіх-небудзь дакументаў і маркіроўкі, прадаецца дзе заўгодна. З майго пункту гледжання, павінна быць жорсткая ацэнка дзейнасці мясцовых органаў улады, як яны арганізавалі працу, дазволілі гандляваць гэтай прадукцыяй, і як яна завозіцца, – сказаў Віктар Назаранка, старшыня Дзяржстандарта падчас онлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

Чыноўнік прапанаваў радыкальныя захады для развязання праблемы: закрыць такія гандлёвыя месцы. Разбірацца, на думку Назаранкі, ці ёсць сертыфікаты на пэўныя вырабы, няма сэнсу: «аформіўшы дакументы на нейкі адзінкавы выраб або партыю тавару, уладальнік гэтай шэрай прадукцыі цягам 10 хвілін пераедзе з аднаго шапіка ў іншы».

– Там проста незаконная прадукцыя. У гэтай справе трэба ставіць кропку, – сказаў Віктар Назаранка.

Самі закрыліся

Такім чынам сітуацыя з «азіяцкімі» крамамі развязалася ў Пінску. Як паведамілі «IP» у Пінскім гарвыканкаме, усе службы праверылі крамы, якія гандлююць прадукцыяй нізкімі коштамі, арыштавалі несертыфікаваную прадукцыю, і «гэтыя крамы самі прынялі пастанову закрыцца».

Ці адбудзецца гэта ў Баранавічах, невядома. Як паведамілі «IP» у аддзеле гандлю і паслуг Баранавіцкага гарвыканкама, маніторыць такія крамы яны пачнуць у верасні.

Анатоль Шумчанка, старшыня РГА «Перспектыва», упэўнены, што калі сітуацыя не зменіцца, то «госці з Сярэдняй Азіі» пры бяздзейнасці ўладаў нарэшце проста выцесняць беларускіх ІП. А гэта страта працоўных месцаў і паступленняў у бюджэт.

– Госці з Сярэдняй Азіі арандуюць велізарныя крамы і гандлююць там таварамі дзіўна нізкімі коштамі. Напэўна, хутка ўся Беларусь ператворыцца ў адзін «Чаркізон», – кажа Шумчанка.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках