5 траўня 2024, Нядзеля, 12:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады хаваюць велізарную «варонку» ў бюджэце

21
Улады хаваюць велізарную «варонку» ў бюджэце

Імклівы рост дзяржаўнай запазычанасці кажа пра сур'ёзную «дзірку», у якую сыходзяць грошы.

Адной з найбольш трывожных тэндэнцый беларускай эканомікі з'яўляецца пастаянны рост дзяржаўнай запазычанасці. Гэта сведчыць пра сур'ёзныя праблемы з бюджэтам.

Пра гэта ў інтэрв'ю Thinktanks.by распавялі экспэрты Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC падчас сёмай міжнароднай канферэнцыі па эканоміцы і фінансах, якая прайшла ў гэтыя выходныя.

Рост дзяржаўнай запазычанасці кажа пра праблемы бюджэту

«На працягу 2016 года дзяржаўная запазычанасць Беларусі (сукупная ўнутраная і знешняя - рэд.) вырасла з 32.5% ад ВУП да 39.4% ад ВУП. Сёлета рост дзяржаўнай запазычанасці працягваецца, і ён ужо перавысіў 40% ад ВУП. Больш за ўсё ў гэтай сувязі непакоіць той факт, што рост доўгу не спыняецца, і на гэты момант не відаць прычын, па якіх ён мог бы спыніцца. Пастаянны рост дзяржаўнай запазычанасці сведчыць пра тое, што ў бюджэце ёсць дзірка, хоць фармальнага дэфіцыту бюджэту няма», - сказала Thinktanks.by экспэртка BEROC Кацярына Барнукова.

Наяўнасць бюджэтных праблем грамадзяне могуць назіраць і ў сваім паўсядзённым жыцці - да прыкладу, сёння ўсё часцей даводзіцца сутыкацца з сітуацыямі недахопу лекараў у дзяржаўных медустановах.

«Калі ёсць праблемы наверсе, то яны становяцца відавочнымі ў першую чаргу на нізавым узроўні. Калі не стае лекараў у паліклініках - гэта сведчыць пра недахоп фінансавання. Альбо ў бюджэце не стае сродкаў, альбо яны адцягваюцца на іншыя выдаткі», - растлумачыў даследчык Федэральнага Рэзервовага Банка Філадэльфіі, прафесар Ігар Ліўшыц.

Значныя аб'ёмы бюджэтных сродкаў сёння працягваюць накіроўвацца на дырэктыўнае крэдытаванне дзяржпрадпрыемстваў. «4,5% ад ВУП ідзе на бюджэтныя субсідыі, гэта значыць на кампенсацыю бюджэтам розніцы паміж рынкавымі і льготнымі працэнтамі пры выдачы банкамі ільготных крэдытаў дзяржпрадпрыемствам. Гэтыя выдаткі параўнальныя з выдаткамі на ахову здароўя і адукацыю, якія складаюць 4,2% і 4,9% ад ВУП адпаведна», - распавяла Кацярына Барнукова.

На думку Ігара Ліўшыца, гэткая значная падтрымка стратных прадпрыемстваў не толькі стварае нагрузку на бюджэт і адцягвае сродкі ад сацыяльных праектаў, але і фактычна пазбаўляе эканоміку перспектывы.

«Дырэктыўнае крэдытаванне падтрымлівае занятасць на нежыццяздольных прадпрыемствах. Яно прыцягвае людзей туды, адкуль яны павінны былі б сыходзіць. Калі б яны не працавалі на стратных прадпрыемствах, гэтыя людзі маглі б ствараць нешта новае, якое адпавядае патрэбам сучаснай эканомікі», - адзначыў Ігар Ліўшыц.

Бюджэтныя праблемы - вынік структурных праблем у эканоміцы

Падтрымка стратных прадпрыемстваў, якая працягваецца, вядзе да далейшага росту дзяржаўнай запазычанасці і не будзе спрыяць яе вяртанню. На думку Ігара Ліўшыца, для развязання пытанняў з бюджэтам неабходныя структурныя рэформы.

«Трэба даць магчымасць памерці нежыццяздольным прадпрыемствам. Зрабіць гэта складана, бо закрыццё неэфектыўных прадпрыемстваў ставіць пытанне аб працаўладкаванні людзей перадпенсійнага ўзросту, якія ўсё жыццё там прапрацавалі», - сказаў экспэрт. Ігар Ліўшыц адзначыў, што гэта адна з прычын, па якіх у многіх краінах трансфармацыя эканомікі была няпростым працэсам і прывяла да сацыяльных праблем. Таму да працэсу рэфармавання неабходна падыходзіць сур'ёзна, загадзя думаючы пра адаптацыю ўразлівых груп.

Пазбегнуць структурных рэформаў Беларусі наўрад ці ўдасца, бо, са слоў Ігара Ліўшыца, «існуючая сёння сістэма з'яўляецца нежыццяздольнай». Экспэрт адзначыў таксама, што ёсць набор пэўных мер, якія будуць садзейнічаць поспеху трансфармацыі: «Першае - гэта эфектыўная юрыдычная сістэма, выразныя правы ўласнасці. Рынак стварае правільныя стымулы, выбірае пераможцаў і стварае працоўныя месцы. Рынак не гарантуе забеспячэнне работай пажылых супрацоўнікаў заводаў савецкага перыяду. Але нельга дапускаць, каб жаданне дапамагчы гэтым людзям душыла парасткі новага ў эканоміцы. Трэба зрабіць так, каб яны радаваліся таму, што ствараюцца новыя працоўныя месцы для іх дзяцей».

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках